3 траўня 2024, Пятніца, 13:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жэліба: Замена станкоў - гэта не мадэрнізацыя

Барыс Жэліба: Замена станкоў - гэта не мадэрнізацыя

Стабілізацыя фінансава-эканамічнай сітуацыі адбылася за кошт знешніх пазык і з'яўляецца вельмі далікатнай і няўстойлівай.

Так эканаміст Барыс Жэліба пракаментаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусі ўдалося стабілізаваць фінансава-эканамічную сітуацыю.

«Калі стабілізацыя і ёсць, то вельмі адносная і ўмоўная. Курс рубля ў адносінах да сусветных валют утрымліваецца не за кошт пазітыўнага плацёжнага балансу, а з дапамогай знешніх пазык. Адбываецца рост эканомікі, але яна далёкая ад запланаваных паказчыкаў у 8,5%, а складае ў сярэднім 4%. Трэба адзначыць, што мае месца зніжэнне інфляцыі за мінулы месяц, але з пачатку года яна ўжо перавысіла 5%. І калі будзе рухацца такімі тэмпамі і далей, то за год на 12% мы ніяк не выйдзем», - адзначыў эксперт.

Ён таксама дадаў, што назіраецца адмоўнае сальда гандлю таварамі.

««Рост складскіх запасаў прадукцыі не спыняецца. Запавольваецца іх рэалізацыя на расейскім рынку. Гэта ўсё насцярожвае. Калі і можна казаць пра стабілізацыю, то пра вельмі далікатную і няўстойлівую», - упэўнены эканаміст.

Ён падкрэсліў, што эканоміка Беларусі трымаецца на крэдытах.

«Як толькі яны заканчваюцца, гандлёвы баланс, як правіла, становіцца адмоўным, і пакрываць яго трэба за кошт золатавалютных рэзерваў, што можа прывесці да сцэнара 2011 года. У дадзены момант нас крэдытуе Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС. Цяпер Беларусь чакае пятага і шостага траншу. Але пасля ўзнікне пытанне: а што далей?

Ва ўмовах камандна-адміністрацыйнай эканомікі структурныя рэформы, якія тычацца вытворчых, эканамічных адносін і перабудовы інфраструктуры, ніколі не адбудуцца. На жаль, у нас пад мадэрнізацыяй разумеецца замена станкоў і абсталявання, але ніяк не змена эканамічных адносін. Рынкавыя стандарты азначаюць роўнасць паміж дзяржаўнымі і прыватнымі прадпрыемствамі, дынамічнае развіццё прыватнага сектара. Бо ў развітых краінах яго доля больш паловы. Але, як заўсёды, далей размоў справа не ідзе», - падсумаваў Барыс Жэліба.

Нагадаем, сёння беларускі кіраўнік выступае з пасланнем да народа і «парламента».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках