3 траўня 2024, Пятніца, 7:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Франак Вячорка: А чаму Гайсянок не прапанаваў, спаліць усе копіі фільма?

8
Франак Вячорка: А чаму Гайсянок не прапанаваў, спаліць усе копіі фільма?

Каб захаваць сяброўскія адносіны з дыктатурай, польскай фірме прыйдзецца знішчыць копіі «экстрэмісцкай кінастужкі», іранізуе журналіст.

Так былы палітжаўнер Франак Вячорка пракаментаваў сайту charter97.org патрабаванні беларускага амбасадара ў Польшчы Віктара Гайсянка спыніць паказ фільма «Жыве Беларусь!»

«Спадар Гайсянок абсалютна мае рацыю. Гэтую кінастужку не толькі нельга паказваць, але і глядзець. І трэба ўвесці крымінальную адказнасць за факт прагляду дадзенага фільма. Таму што ў ім прысутнічае «экстрэмісцкая» назва, удзельнічаюць «экстрэмісцкія» акцёры, ён зняты «экстрэмісцкімі» аператарамі з «экстрэмісцкай» мэтай», - лічыць журналіст.

Ён звярнуў увагу, што амбасадар Беларусі папярэдзіў палякаў пра магчымыя рызыкі пры праглядзе гэтага фільма.

«Таму, я далучаюся да Гайсянка і заклікаю ўсіх не глядзець фільм, не хадзіць у кінатэатры, берагчы сваю псіхіку і глядзець БТ. Таксама я заклікаю ўвесці фільтры на Хартыю'97, «Радыё Свабода» і радавацца жыццю.

Бо фільм з самага пачатку ствараўся ў паняцці беларускіх уладаў, як «экстрэмісцкі». Я спадзяюся, што справа дойдзе да суду, і сумленная ўлада павінна будзе спаліць усе існуючыя копіі фільма па прыкладзе Belarus Press Photo. Цяпер перад рэжымам стаіць вялікая задача: знішчыць усялякія згадкі пра гэтую жахлівую кінаправакацыю, каб захаваць «цёплыя» і «сяброўскія» польска-беларускія адносіны», - упэўнены Франак Вячорка.

Фільм «Жыве Беларусь!» здымаўся ў лістападзе-снежні 2011 года ў Польшчы. Над карцінай працавалі Польская дзяржаўная кінастудыя мастацкіх і дакументальных фільмаў (WFDIF) і французскі Canal +. Сусветнай дыстрыбуцыяй фільма «Жыве Беларусь!» займаецца італьянская кампанія Intramovies.

Трэйлер фільма быў паказаны на Берлінскім кінафестывалі вясной 2012 года, а прэм'ерны паказ адбыўся на фестывалі ў Канах. Яго таксама паказалі ў Нарвегіі, Чэхіі, Швецыі і іншых еўрапейскіх краінах.

Рэжысёр карціны - паляк Кшыштаф Лукашэвіч. Сцэнарысты - беларускі журналіст і актывіст Франак Вячорка і Кшыштаф Лукашэвіч.

Галоўную ролю - рок-музыкі Мірона Захаркі - выканаў беларускі музыка Зміцер (Вінцэнт) Папко. У фільме знялася зорка польскага кіно Караліна Грушка. Музыку да яго напісаў Лявон Вольскі. У фільме таксама зняўся вядомы беларускі музыка Аляксандр Памідораў.

Прэм'ера фільма ў Варшаве прайшла 17 красавіка. З сённяшняга дня ён дэманструецца ў польскіх кінатэатрах.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках