Калапс у небе Еўропы: адмененыя 1700 авіярэйсаў
27- 21.04.2013, 17:51
Найбуйнейшы нямецкі авіяперавозчык - кампанія Lufthansa - адмяніла амаль усе рэйсы на панядзелак, 22 красавіка.
Каля 1700 рэйсаў адмененыя з-за забастоўкі супрацоўнікаў, якія патрабуюць павышэння заработнай платы, перадае РБК.
Пра забастоўку кіраўніцтва Lufthansa было папярэджана загадзя, арганізатарам пратэсту выступіў прафсаюз работнікаў сферы паслуг Verdi. Раней, 17 красавіка топ-менеджмент нямецкай авіякампаніі адхіліў прапановы прафсаюза аб павышэнні зарплаты на 5,2%.
Адмененыя будуць як унутраныя, так і далёкія рэйсы з аэрапортаў у Франкфурце, Гамбургу, Мюнхене, Берліне і іншых буйных нямецкіх гарадах. Што тычыцца рэйсаў у Расею, то адмененыя па два вылеты ў Маскву і назад, а таксама па адным - у Санкт-Пецярбург і назад.
Пасажырам адмененых рэйсаў кампанія прапануе бясплатна перабраніраваць квіткі або атрымаць грошы назад. У выпадку, калі квіток быў набыты на ўнутраны рэйс, яго можна будзе выкарыстоўваць для паездкі на цягніку.
Папярэдняя буйная забастоўка сярод супрацоўнікаў кампаніі адбылася ў верасні 2012 года. Тады авіяперавозчыку прыйшлося адмяніць больш за 1 тыс. рэйсаў.