29 красавiка 2024, панядзелак, 5:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Пінчук: А тое ж самае могуць рабіць у турме з Алесем

11
Наталля Пінчук: А тое ж самае могуць рабіць у турме з Алесем

20 красавіка ў варшаўскім кінатэатры Atlantic адбыўся спецыяльны паказ фільма «Жыве Беларусь!».

На паказ карціны былі запрошаныя жонкі беларускіх палітвязняў - жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, жонка Змітра Дашкевіча Анастасія Дашкевіч і жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. На вечарыне таксама прысутнічалі адзін са сцэнарыстаў фільма Франак Вячорка і выканаўца галоўнай ролі Зміцер «Вінцэнт» Папко.

Пасля прагляду жонкі палітвязняў адказвалі на пытанні журналістаў, распавядалі апошнія навіны пра сваіх мужоў, а таксама падзяліліся ўражаннямі аб прагледжанай кінастужцы.

«Мне было нялёгка глядзець гэтую кінастужку, таму што кожны раз, калі я бачыла жахі, якія адбываюцца ў войску, я разумела, тое ж самае могуць рабіць у калоніі з Алесем. Вельмі важна, каб людзі не спынялі аказваць падтрымку і праяўляць салідарнасць незалежна ад таго, знаходзяцца яны за мяжой ці ж непасрэдна ў Беларусі. Гэта тое, што дае сілы нашым палітвязням. А ці будзе гэта фільм, канцэрт, лісты ці яшчэ нешта, залежыць ад магчымасцяў кожнага. У фільме прагучала добрая фраза пра тое, што тых, хто трапіў у бяду, трэба абараняць, і я з гэтым цалкам згодная. Я вельмі ўдзячная за тое, што робіць кожны з вас», - адзначыла Наталля Пінчук.

«У дадзенага фільма няма пэўнай канцоўкі. Кожны з нас павінен задумацца, чым ён працягне гэтае кіно, якую ролю ўкладзе. Можна сказаць, што мы негалосныя героі працягу і кропку ў гэтай барацьбе паставім менавіта мы. У песні пра старшыню калгаса прагучалі словы пра тое, каб яго адправіць на іншую планету. Гэта добрая ідэя, але мы прыдумаем іншае месца для ўсіх вядомага «старшыні», бо мы выступаем за правасуддзе», - упэўненая Анастасія Дашкевіч.

«Гледзячы дадзеную кінакарціну, я ўспомніла, як перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года, старшыня КДБ распавёў пра мёртвых пацукоў, з дапамогай якіх апазіцыянеры нібыта збіраліся атруціць ваду ў каналізацыі. Мне ўспомніўся разагнаны намётавы гарадок з падкінутымі шпрыцамі, бутэлькамі і порначасопісамі. І, безумоўна, я ўспомніла брутальны разгон 19 снежня 2010 года. Нягледзячы на ​​тое, што рэжым прыпісаў перамогу сабе, маральная перамога была і будзе за намі. Адзначу, што паштоўкі палітвязням, пікеты каля беларускіх амбасад, сённяшні канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» з'яўляюцца вельмі значнымі для падтрымкі палітвязняў. Усё гэта вельмі злуе ўладу, якая не стамляецца паўтараць пра сваю несхіляльнасць», - лічыць Марына Адамовіч.

«Я імкнуўся паказаць войска, як мікрамадэль лукашэнкаўскай Беларусі, і тое, што адчуваюць людзі ў войску, у калоніях, турмах, у СІЗА КДБ. Мы хацелі паказаць кантраст паміж Менскам і Чарнобыльскай зонай. Паказаць багатых чыноўнікаў, дарагія машыны Лукашэнкі і людзей, якія выжываюць з дапамогай таго, што вырошчваюць на сваіх гародах. Безумоўна, гэта мастацкі фільм, і ў ім ёсць гіпербалы, метафары і алегорыі. Але гэта зроблена толькі для таго, каб усе звярнулі ўвагу на рэчы, якіх мы не заўважаем кожны дзень», - падкрэсліў Франак Вячорка.

Фільм «Жыве Беларусь!» здымаўся ў лістападзе-снежні 2011 года ў Польшчы. Над карцінай працавалі Польская дзяржаўная кінастудыя мастацкіх і дакументальных фільмаў (WFDIF) і французскі Canal +. Сусветнай дыстрыбуцыяй фільма «Жыве Беларусь!» займаецца італьянская кампанія Intramovies.

Трэйлер фільма быў паказаны на Берлінскім кінафестывалі вясной 2012 года, а прэм'ерны паказ адбыўся на фестывалі ў Канах. Яго таксама паказалі ў Нарвегіі, Чэхіі, Швецыі і іншых еўрапейскіх краінах.

Рэжысёр карціны - паляк Кшыштаф Лукашэвіч. Сцэнарысты - беларускі журналіст і актывіст Франак Вячорка і Кшыштаф Лукашэвіч.

Галоўную ролю - рок-музыкі Мірона Захаркі - выканаў беларускі музыка Зміцер (Вінцэнт) Папко. У фільме знялася зорка польскага кіно Караліна Грушка. Музыку да яго напісаў Лявон Вольскі. У фільме таксама зняўся вядомы беларускі музыка Аляксандр Памідораў.

Карціна «Жыве Беларусь!» заснаваная на рэальных падзеях. Сюжэт такі: маладога рок-музыку забіраюць у войска, а гурт трапляе ў чорныя спісы. У войску ён пачынае весці дзённік у інтэрнэце, дзе апісвае дзедаўшчыну і ўмовы службы. Дзённік перарастае ў адкрытае супрацьстаянне з рэжымам.

Нагадваем, што з 19 красавіка фільм можна паглядзець у кінатэатрах Польшчы.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках