7 траўня 2024, aўторак, 23:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Нямцоў: Будзем, як партызаны

21
Барыс Нямцоў: Будзем, як партызаны

24 красавіка Менск наведае адзін з лідараў расейскай апазіцыі, хаця беларускія ўлады і не вельмі рады яго бачыць.

Сустаршыня Партыі народнай свабоды Барыс Нямцоў прыязджае ў Беларусь для таго, каб абмеркаваць з грамадскасцю адносіны паміж Менскам і Масквой і падпісаць сумесныя дакументы з Аб'яднанай грамадзянскай партыяй.

Напярэдадні візіту палітыка стала вядома, што менскія гасцініцы адмовіліся даць памяшканне для сустрэчы з ім.

«Меў намер арганізаваць сустрэчу з грамадскасцю на тэму беларуска-расейскіх адносін. Аднак усе сталічныя гатэлі ў гэты дзень зачынілі свае канферэнц-залы. Такая вось яна беларуская гасціннасць. Але ж у нас столькі партызанскіх бліндажоў і зямлянак. Так што ўсё пройдзе па вызначаным плане», - напісаў пра гэта ў сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» лідар АГП Анатоль Лябедзька.

Больш падрабязна пра свой візіт у Беларусь Барыс Нямцоў распавёў у інтэрв'ю сайту charter97.org.

- Для чаго вы едзеце ў Менск?

- Мы дамовіліся з Аб'яднанай грамадзянскай партыяй падпісаць сумесную заяву аб працы, накіраванай супраць дыктатуры, аўтарытарызму, самавольства і карупцыі. У дадзеным выпадку я прадстаўляю Партыю народнай свабоды (ПАРНАС). У свой час падобная дамова была заключаная паміж Саюзам правых сіл і АГП, і падпісанне такога дакумента цяпер цалкам натуральна.

- Ці будуць за гэтым нейкія канкрэтныя дзеянні, ці гэтая дамова з'яўляецца проста дэкларацыяй?

- Я думаю, што нейкая каардынацыя нашай апазіцыйнай дзейнасці будзе правільным крокам. Гэта датычыцца выпрацоўкі стратэгіі і тактыкі падчас выбарчых кампаній, каардынацыі пратэстных акцый. На жаль, Пуцін стаў настолькі блізкі Лукашэнку, што асаблівай розніцы ў метадах барацьбы ў беларусаў і расейцаў практычна не засталося. Таму нам неабходны абмен вопытам.

- А як вы ставіцеся да таго, што ў дзень вашага прыезду занятыя ўсе канферэнц-залы і няма магчымасці правесці сустрэчу ні з журналістамі, ні з грамадскасцю?

- Для мяне гэта зусім нядзіўна. Тут усё зразумела, сітуацыя нічым не адрозніваецца ад Расеі, таму нельга сказаць, што мяне шакавала гэтая навіна. Будзем, як партызаны - у лясы паедзем падпісваць сумесныя дакументы.

- Ці не баіцеся вы ехаць у Менск з улікам тых правакацый, якія раней былі арганізаваныя супраць вас і Ірыны Хакамады?

- Калі раней здавалася, што Беларусь - гэта адно, а Расея - зусім іншае, то цяпер я выразна разумею, што асаблівай розніцы паміж імі няма. Таму як у Маскве, так і ў Менску мы гатовыя да ўсяго.

Барыс Нямцоў неаднаразова выступаў з крытыкай лукашэнкаўскага рэжыму. У сувязі з гэтым супраць расейскага палітыка рабіліся правакацыі ў Беларусі, а ў 2003 годзе ён быў абвешчаны ўладамі персонай нон-грата. Барысу Нямцову забаранілі ўезд у нашу краіну на пяць гадоў.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках