8 траўня 2024, Серада, 0:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генпракурора просяць абараніць Брэсцкую крэпасць ад разбурэння

9

Заява з патрабаваннем аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце пашкоджання асаблівай гісторыка-культурнай каштоўнасці адпраўленая ў генпракуратуру.

Як стала вядома charter97.org, аўтарам звароту стаў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, а гаворка ў яго заяве ідзе пра разбурэнне гістарычнай часткі Брэсцкай крэпасці.

Як адзначае аўтар звароту, комплекс фартыфікацыйных забудоў крэпасці, які з'явіўся ў 1836-1842 і 1911-1914 гадах, уключаны ў «Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь» і мае найвышэйшую катэгорыю аховы. Аднак цяпер, мясцовыя ўлады пачалі будаўніцтва новага моста на тэрыторыі крэпасці, у выніку чаго гэтая гісторыка-культурная каштоўнасць сур'ёзна пашкоджаная.

Па словах Антона Астаповіча, у Законе «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» даецца вычарпальны пералік відаў рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ, вытворчасць якіх дазваляецца на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, аднак да іх ніяк нельга аднесці тое, што робіцца зараз на тэрыторыі крэпасці .

Аўтар заявы просіць Генеральную пракуратуру правесці праверку па ўказаным факце, распачаць крымінальную справу, знайсці вінаватых і прыцягнуць іх да адказнасці. Акрамя таго, Антон Астаповіч просіць, каб наглядны орган праверыў законнасць навуковага абгрунтавання праектнага рашэння, якое тычыцца будаўніцтва новага моста на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці ў тым месцы, дзе гэты мост ніколі не існаваў. У заяве таксама выказанае патрабаванне спыніць незаконныя змены гісторыка-культурнай каштоўнасці, якія пагаршаюць умовы ўспрымання Брэсцкай крэпасці.

Гэта ўжо далёка не першы выпадак, калі на гэтай тэрыторыі, якая мае статус ахоўнай, вядуцца будаўнічыя працы. Раней увагу грамадскасці прыцягнуў скандал, звязаны з узвядзеннем элітнага жылля ў непасрэднай блізкасці ад мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках