20 траўня 2024, панядзелак, 11:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь можа адмовіцца ад бяз'ядзернага статусу

129
Беларусь можа адмовіцца ад бяз'ядзернага статусу

Лукашэнкаўскія прапагандысты пагражаюць выхадам нашай краіны з Будапэшцкага мэмарандуму.

У прыватнасці пра гэта заявіў афіцыйны палітолаг Юрый Шаўцоў. З ягоных слоў, такім чынам Менск можа адказаць на санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і алігархаў, уведзеныя праз парушэнні правоў чалавека, фальсіфікацыі выбараў і пераслед апазіцыі.

Некалькі дзён таму МЗС чарговым разам абвінаваціў ЗША і Вялікабрытанію ў парушэнні «абавязкаў у дачыненні да Беларусі». Пра гэта было заяўлена ў выступе беларускай дэлегацыі ў Жэневе на другой сэсіі Падрыхтоўчага камітэта Агляднай канферэнцыі 2015 у рамках Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі.

Беларуская старана таксама падкрэсліла, што для Менска «маюць асаблівае значэнне трохстароннія гарантыі бяспекі, дадзеныя ў адпаведнасці з Будапэшцкім мэмарандумам 1994 года ў сувязі з добраахвотнай адмовай Беларусі ад права валодання ядзернай зброяй».

Акрамя таго, выступоўца звярнуў увагу на тое, што, «нягледзячы на зафіксаваныя і неаднаразова пацверджаныя абавязкі, некаторыя ядзерныя дзяржавы на практыцы іх ігнаруюць, працягваючы ўжываць захады эканамічнага і палітычнага ціску».

На думку палітолага, «уся гісторыя з санкцыямі супраць рэжыму можа скончыцца выхадам Беларусі з Будапэшцкага мэмарандуму».

Юрый Шаўцоў таксама кажа пра наступствы такога кроку для нашай краіны.

«Усё гэта значыць, што Беларусь, Украіна і Казахстан вось-вось могуць атрымаць юрыдычную падставу вярнуцца да свайго ядзернага статусу. І ў выніку хто-хто, а Беларусь дакладна зможа разлічваць на размяшчэнне на сваёй тэрыторыі расейскай ядзернай зброі. Больш за тое, беларускі ўрад ужо валодае прыкладна 2,5 тонамі ядзерных матэрыялаў, частка якіх мае высокую ступень ўзбагачэння, дастатковую, напрыклад, для хуткага вырабу «бруднай атамнай бомбы», - заявіў ён у інтэрв'ю агенцтву «Росбалт».

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч нагадвае, што Лукашэнка неаднаразова выказваў шкадаванне аб тым, што з нашай краіны выведзеная ядзерная зброя. Апазіцыйны палітык не выключае магчымасці яе вяртання.

«Для гэтага нават не абавязкова выходзіць з Будапэшцкага пагаднення. Нядаўняя пастанова аб размяшчэнні расейскай вайсковай базы парушае міжнародныя пагадненні, у прыватнасці тыя, якія тычацца нэйтральнага статусу Беларусі. Тое ж самае можа адбыцца і з Будапэшцкім мэмарандумам, і з ядзернай зброяй», - сказаў Станіслаў Шушкевіч у інтэрв'ю сайту charter97.org.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі мяркуе, што вяртанне ядзернай зброі ляжыць у рэчышчы той палітыкі, якую праводзяць сёння Менск і Масква.

«У Беларусі і ў Расеі складаная сітуацыя ў эканоміцы. Таму і Пуціну, і Лукашэнку патрэбныя ворагі, на якіх можна спісаць гэтыя хібы. І яны іх знайшлі. Унутраны вораг - апазіцыя, а вонкавы - Лукашэнка ўжо заявіў пра гэта - Польшча і краіны Балтыі», - заявіў Станіслаў Шушкевіч.

Мэмарандум аб гарантыях бяспекі ў сувязі з далучэннем Беларусі да Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі быў падпісаны 5 снежня 1994 года на саміце АБСЕ ў Будапэшце. Яго падпісантамі былі Аляксандр Лукашэнка, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Джон Мэйджар, прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Барыс Ельцын, прэзідэнт ЗША Біл Клінтан.

Напісаць каментар 129

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках