7 траўня 2024, aўторак, 3:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Савецкі суд над удзельнікамі «Чарнобыльскага шляху»

30
Савецкі суд над удзельнікамі «Чарнобыльскага шляху»

(абноўлена - 20.10) Суд Савецкага раёна Менска прысудзіў удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху» і журналістаў да адміністрацыйных арыштаў.

Усяго на акцыі, якая прайшла ў беларускай сталіцы 26 красавіка, было затрымана каля дзесяці чалавек. Частка з іх была вызваленая. Некаторых, у тым ліку журналістаў Генадзя Барбарыча, Аляксандра Ярашэвіча, удзельнікаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандра Тарнагурскага, Змітра Чарняка, праваабаронцу Вячаслава Дашкевіча, актывіста анархісцкага руху Ігара Трухановіча, якога жорстка збілі перад затрыманнем, даставілі ў турму на вуліцы Акрэсціна.

Перад акцыяй таксама былі затрыманыя экалагічныя актывісты Ірына Сухій, Васіль Сінюхін, Канстанцін Кірыленка, Вольга Каскевіч, Мікалай Уласевіч. Іх вызвалілі пасля заканчэння акцыі. Эколагі Таццяна Новікава і Алег Новікаў увесь час мерапрыемства былі заблакаваныя ў сваіх кватэрах.

Акрамя таго, падчас акцыі затрымалі журналістак «Нашай Нівы» Ірыну Арахоўскую і Аксану Рудовіч, якія здымалі на відэа збіццё Трухановіча. Яны былі дастаўленыя ў РУУС Савецкага раёна, а потым вызваленыя.

Журналістаў і актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» вінавацяць у непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, а анархіста Ігара Трухановіча - яшчэ і ў незаконным пікетаванні.

Прадстаўнікоў СМІ і праваабаронцаў выгналі з будынку суда.

У выніку суда суддзя Зміцер Паўлючэнка прысудзіў праваабаронцу Вячаслава Дашкевіча да пяці сутак арышту.

Суддзя Кірыл Палулех прысудзіў Аляксандра Ярашэвіча да трох сутак. Гэты тэрмін заканчваецца ўвечары. Такім чынам, неўзабаве журналіста павінны вызваліць.

Суддзя Аксана Рэлява пастанавіла арыштаваць збітага міліцыяй актывіста анархісцкага руху Ігара Трухановіча на 10 сутак.

Журналіста Генадзя Барбарыча прысудзілі да адміністрацыйнага арышту на трое сутак, актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандра Тарнагурскага і Змітра Чарняка - да адміністрацыйнага арышту на 10 сутак. Прысуды вынеслі суддзі Палулех, Рэлява і Паўлючэнка.

Традыцыйная акцыя «Чарнобыльскі шлях» прайшла 26 красавіка ў Менску. Яна была дазволеная гарадскімі ўладамі.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках