26 красавiка 2024, Пятніца, 11:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: ЗША павінны «вярнуцца» ў Еўропу

25
Андрэй Саннікаў: ЗША павінны «вярнуцца» ў Еўропу

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам і сенатарам Джонам Маккейнам.

Форум «Як мы можам эфектыўна падтрымаць свабоду і дэмакратыю» прайшоў 26-27 красавіка ў горадзе Седона (штат Арызона, ЗША). Мерапрыемства было арганізавана Інстытутам Маккейна пры Арызонскім універсітэце.

У форуме ўдзельнічалі віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, сенатар Джон Маккейн, сенатары Ліндсі Грэм, Кэлі Айот, Шэлдан Уайтхаус, былыя сенатары Джон Кіл і Джозэф Ліберман, прэзідэнты Грузіі і Македоніі Міхаіл Саакашвілі і Георге Іваноў, міністр абароны Канады Пітэр Маккей, прэзідэнт няўрадавай арганізацыі «Фрыдам Хаўс» Дэвід Крэмер, прэзідэнт кампаніі «Дженерал Электрык» Джэф Імельт, прэзідэнт кампаніі «Волмарт» Біл Сайман, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў, былы прэм'ер-міністр Расеі Міхаіл Касьянаў , кіраўнікі праваабарончых арганізацый, амбасадары розных краін, у тым ліку, адзін з арганізатараў форума, былы амбасадар ЗША ў НАТА Курт Волкер.

Форум адкрыла размова сенатара Джона Маккейна з віцэ-прэзыдэнтам Джо Байдэнам, якія абмеркавалі надзённыя праблемы сусветнай палітыкі. Размова ішла пра знешнюю і ўнутраную палітыку ЗША, агульныя каштоўнасці рэспубліканцаў і дэмакратаў, пра ролю Амерыкі ў свеце. Байдэн і Маккейн, нягледзячы на тое, што знаходзяцца ў розных партыях, прадэманстравалі шчырыя чалавечыя адносіны (што зрабіла вялікае ўражанне на ўсіх удзельнікаў форуму) і сваю прыхільнасць павышэнню ролі ЗША ў свеце.

На форуме разглядаліся самыя вострыя праблемы сучаснасці. Натуральна, акцэнт быў на тым, як Злучаныя Штаты могуць і павінны дапамагаць развіццю дэмакратыі.

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» выступаў на секцыі, якая называлася «Менш свабодная Еўропа?». Вёў дыскусію віцэ-прэзідэнт Атлантычнай рады Дэйман Уілсан, які вельмі добра знаёмы з сітуацыяй у Беларусі.

«Я казаў пра сітуацыю ў Беларусі, пра тое, што Беларусь пачынала сваё незалежнае існаванне як адказны, надзейны партнёр у міжнародных адносінах, як актыўны ўдзельнік працэсаў раззбраення (у тым ліку ядзернага) і ўмацавання міжнароднай бяспекі. Сёння ж рэжым Лукашэнкі не толькі вядомы сваімі масавымі парушэннямі правоў чалавека, але і ўяўляе пагрозу для бяспекі ў рэгіёне і ў свеце. У прыватнасці, ходзяць заклікі да выхаду Беларусі з Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі.

Сітуацыю ў Беларусі нельга сёння разглядаць як праблему асобнай краіны. Гэтая праблема, як відаць па працэсам, якія адбываюцца ў Расеі і Украіне, стала рэгіянальнай.

Аўтарытарная мадэль распаўсюджваецца з вялікай хуткасцю, а дэмакратычны свет не знайшоў спосабаў цвёрда супрацьстаяць ёй. На жаль, Еўропа зноў пачынае гаварыць пра неабходнасць «уцягвання» рэжыму Лукашэнкі, з'яўляюцца розныя варыянты гэтага «ўцягвання» - канструктыўныя, абмежаваныя, выбарачныя. Пад гэтым хаваецца толькі адно - прызнанне легітымнасці існавання дыктатуры. Сёння трэба казаць не пра «engagement», а пра «disengagement» дыктатуры з міжнародных зносін», - распавёў Андрэй Саннікаў сайту charter97.org.

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» казаў на форуме пра палітвязняў, пра тое, што ў апошнія дні прыходзяць усё больш трывожныя звесткі аб іх становішчы.

«Я падкрэсліў, што пазіцыя ЗША нязменна прынцыповая, але на сённяшні дзень Злучаныя Штаты займаюць пасіўную ролю. Для дапамогі дэмакратыі і свабоды неабходна цеснае супрацоўніцтва ЗША і Еўропы, выпрацоўка сумесных падыходаў і дзеянняў у дачыненні да дыктатуры. Такія падыходы вызначаліся ў пачатку 2011 года, але, на жаль, сёння пра іх сталі забываць. У прыватнасці, такія падыходы ўтрымліваліся ў заяве трох сенатараў ЗША Джона Маккейна, Джозэфа Лібермана і Джона Кэры, якая з'явілася літаральна на наступны дзень пасля разгону мірнай дэманстрацыі і масавых арыштаў у Менску 19 снежня 2010 года», - заявіў Саннікаў.

У першы ж дзень форуму палітыку атрымалася абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі з віцэ-прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам і сенатарам Джонам Маккейнам.

«Віцэ-прэзідэнт вельмі ўважліва паставіўся да таго, што я распавёў пра сённяшняе становішча, пра жахлівы ціск на палітвязняў. Калі я спытаўся ў яго, што перадаць беларускаму народу, ён сказаў: «ЗША падтрымліваюць змагароў за свабоду ў Беларусі і займаюць у адносінах да рэжыму Лукашэнкі прынцыповую пазіцыю. Ніякага прагрэсу ў Беларусі ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека не адзначана, наадварот, сітуацыя толькі пагоршылася. Таму пазыцыя ЗША застаецца нязменнай».

Сенатар Маккейн падтрымаў маю занепакоенасць развіццём падзей у Беларусі. Абодва палітыка адзначылі, што будуць уважліва сачыць і рэагаваць на тое, што адбываецца.

Добрая размова адбылася і з былым сенатарам, уплывовым амерыканскім палітыкам Джозэфам Ліберманам, які таксама прасіў перадаць словы падтрымкі і салідарнасці ўсім тым, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі. Падрабязна абмяркоўвалі сітуацыю з прэзідэнтам «Фрыдам Хаўс» Дэвідам Крэмерам, з кіраўнікамі іншых праваабарончых арганізацый, з амбасадарамі дзяржаў Балтыі ў ЗША, грамадскімі дзеячамі, юрыстамі і гэтак далей», - паведаміў Саннікаў.

Неабходна адзначыць, што на канферэнцыі адной з галоўных думак была неабходнасць «вяртання ЗША ў Еўропу».

«Як рэспубліканцы, так і дэмакраты казалі пра тое, што Амерыка некалькі аддалілася ад еўрапейскіх спраў і не гэтак актыўна ўдзельнічае ў працэсах, якія там адбываюцца, у прыватнасці, у тым, што тычыцца свабоды і дэмакратыі. Гэта меркаванне падзялялі таксама прысутныя на форуме прадстаўнікі афіцыйных структур і грамадскіх арганізацый Еўропы», - сказаў лідар «Еўрапейскай Беларусі».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках