Украінцы запрэглі Лукашэнку ў брычку
13- 5.04.2013, 17:07
У Днепрапятроўску адбыўся гумарыстычны флэш-моб, удзельнікі якога пратэставалі супраць уступлення Украіны ў Мытны саюз.
Ён прайшоў на Еўрапейскай плошчы, паведамляе сайт 34.ua.
«Сённяшняя наша акцыя накіравана супраць Мытнага саюза. Мы выступаем за еўраінтэграцыю. Мытны саюз для Украіны - магіла, паколькі ў ім 88% усіх рашэнняў прымаецца Расеяй, а цяпер у ім тры краіны: Расея, Беларусь і Казахстан. Ва Украіне 40% бюджэту - гэта паступленні з мытні, гэта каля 110 млрд. грн. Пры уступленні ўся гэтая сума будзе дзяліцца на 4 краіны. Нам гэта палітычна і эканамічна не выгадна. Нас зноў спрабуюць вярнуць у Савецкі Саюз. Сёння мы праводзім нашу акцыю, каб высмеяць гэта ўсё. Людзі стаміліся ад агрэсіі, пратэстаў, мы хочам даць людзям пазітыў і паказаць, што наогул смешна разважаць над уступленнем у Мытны Саюз», - распавёў арганізатар акцыі Герман Назарэнка.
Удзельнікі акцыі разыгралі пантаміму, у якой «Пуцін», седзячы на брычцы з назвай «Мутны саюз», паганяў запрэжаных у яе «Лукашэнку» і «Назарбаева», побач з брычкай ішлі «Януковіч» і «Медзведчук». У выніку, брычка натыкнулася на жывы ланцуг «Народ Украіны», які не пусціў гэтую дзіўную кампанію далей і дружна паказаў сваё стаўленне да Мытнага саюза.