Барыс Кіт: 103 гады – гэта не жарт!
28- 5.04.2013, 19:17
6 красавіка вядомаму беларускаму асветніку і навукоўцу Барысу Кіту спаўняецца 103 гады.
Апошнім часам Барыс Кіт жыве ў нямецкім Франкфурце-на-Майне. «Народная воля» павіншавала славутага земляка праз тэлефон і задала яму некалькі пытанняў.
– Барыс Уладзіміравіч, як Вы сябе пачуваеце? Як здароўе?
– Шчыра кажучы, не вельмі добра. Я ўжо вельмі стары. 103 гады – гэта не жарт! Хаджу толькі з палачкай, слабы стаў.
– Што дапамагае Вам падтрымліваць сілы?
– Харчаванне добрае, ужо практычна не працую.
– Але за падзеямі ў свеце, у Беларусі сочыце?
– Так, у мяне вельмі шмат сяброў у Беларусі. Тэлефаную ім, расказваюць, што адбываецца. Газеты чытаю, але пачынае слабець зрок. Ды і слых пагаршаецца.
– На дзень нараджэння каго чакаеце?
– Прыйдуць блізкія, але я зараз жыву ў доме састарэлых. З год, як сюды перабраўся. Цяжка ўжо было сябе даглядаць. Спецыяльны персанал мяне даглядае. Дзякую за віншаванне, кожнае віншаванне сёння для мяне, як бальзам…