2 траўня 2024, Чацвер, 8:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ахвяры паводкі засталіся без дапамогі ўладаў

34

Вясновая вада паднялася ў рэках Прыпяць, Гарынь, Убарць, Ведрыч.

У Берасцейскай і Гомельскай абласцях падтоплена звыш 400 двароў і гаспадарчых пабудоў, 111 лецішчаў і 5 дзялянак аўтамабільных дарог. Такія звесткі падае МНС.

Ад паводкі цяпер больш за ўсё пакутуюць жыхары Столінскага, Жыткавіцкага, Мазырскага раёнаў. Дзейсна палешукам ўлады не дапамагаюць, паведамляе «Радыё Свабода».

Веснавая паводка дабралася і да жыхароў Мазыра, чые прыватныя дамы стаяць ля Прыпяці.

«У падвале вада. Дасталі слоікі, бульбу. Хадзілі ратавальнікі. У мяне ў хаце не былі, а толькі там, дзе дамы ніжэй стаяць. Раілі адпампоўваць ваду, ратавацца, калі будзе прыбываць», - распавядае мясцовая жыхарка з вуліцы Кааператыўнай.

Іншы жыхар гэтай жа вуліцы кажа, што апошнімі днямі ўздым вады ў Прыпяці спыніўся, але небяспека затаплення застаецца:

«За апошнія два дні ўпала вада дзесьці на 7-8 сантыметраў - дзесьці разбілі лядовы затор. Але ўсё роўна паводка большая, чым за ўсе апошнія гады. І думкі такія нядобрыя. Са склепа ўжо ўсё прыбралі і праз дзень ваду самі адпампоўваем - маторчыкам «Малыш», ці як ён там называецца».

Адзінокая пенсіянерка Зося Багданік, якая жыве на вуліцы Гогаля, 31, скардзіцца, што паводка пазбавіла яе элементарных умоў для існавання:

«Вось прыйшла вада і туалет затапіла. Я без прыбіральні даўно. Ніякага паратунку няма! Няма гаспадара - няма і выратавання. Дошкі ўжо заліло - у хляўчуку ўвесь матэрыял стаіць у вадзе. Сфатаграфуйце і мясцоваму начальству пакажыце - яны ж нават не прыходзяць».

Пенсіянерка расказала, што сама хадзіла ў райвыканкам:

«Сама была ў горадзе і зайшла ў райвыканкам. Сустрэлася з намеснікам старшыні выканкама Сяргеем Дылюком - ён такі добры чалавек. У кабінеце быў адзін, і я зазірнула да яго. Пытаецца: «Міхайлаўна, як вы там?» Кажу: паводка, унізе вада, прыбіральні ўжо няма і хлеў затапіла. А ён мне: «Так, Міхайлаўна, затопіць. Калі будзе так, як прагназуюць сіноптыкі, і вада паднімецца яшчэ на 2 метры, то вада будзе і на вуліцы. Тады будзем высяляць».

Зоя Міхайлаўна вядзе нас у падмосце свайго дома і паказвае, што падлога трымаецца на дубовых падпорках, а печы - на цагляных слупках. Калі вада і сюды дабярэцца, то наўрад канструкцыя вытрымае.

Пенсіянерка успамінае, што яе дом пакутуе не толькі ад паводкі, але і ад моцных ліўняў. Вада з вуліцы сцякае праз пляц ўніз да Прыпяці і прычыняе шмат шкоды, якую потым ніякія страхавыя выплаты не кампенсуюць:

«Аднойчы быў вялікі лівень, дык мне дарожкі размыла і плот пашкодзіла. Далі 100 тысяч. Я дом пафарбавала - 800 тысяч аддала на фарбу. Чалавек яшчэ працаваў два дні, пакуль пафарбаваў. Таксама сто тысяч трэба было заплаціць...».

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках