19 красавiка 2024, Пятніца, 7:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежныя прафсаюзы: Улады робяць з рабочых рабоў

23
Незалежныя прафсаюзы: Улады робяць з рабочых рабоў

Кіраўніцтва краіны баіцца рэальных настрояў рабочых, іх лозунгаў і патрабаванняў.

Пра гэта сведчыць забарона на правядзенне першамайскага мітынгу ў Менску на заяўкі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, у тым ліку прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. Менгарвыканкам не знайшоў магчымасці даць ім пляцоўку нават у «спальным» Парку дружбы народаў. Пры гэтым мерапрыемствы «праўладнай» Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі дазволеныя, піша «Салiдарнасць».

Тыя не менш, «нязручных» пытанняў у многіх беларусаў хапае. Пра тое, што сёння ў першую чаргу хвалюе рабочых, журналісты высветлілі ў прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў.

Віцэ-старшыня Беларускага Незалежнага прафсаюза Юрый Швец у размове адзначае, што самай галоўнай праблемай для рабочых застаецца праславутая кантрактная сістэма найму.

«З году ў год патрабаванне да ўлады застаецца адным і тым жа: захаванне працоўнага заканадаўства, нават у тым выглядзе, у якім яно ёсць цяпер, - заяўляе ён. - Мы па-ранейшаму патрабуем адмены дзейнай кантрактнай сістэмы. Па-добраму, кантракт - гэта ідэальная форма ўзаемаадносін паміж рабочым і наймальнікам. У дакуменце павінны быць агавораныя ўмовы працы і памер заработнай платы. А што адбываецца ў нас? Кантракт нагадвае адміністрацыйна-рэжымны дакумент, своеасаблівую кабалу для працоўнага чалавека. Неабходна адмяніць кантрактную сістэму ў яе цяперашнім выглядзе.

Для незалежных прафсаюзаў, у цэлым, ёсць яшчэ адна істотная праблема: часта мы сутыкаемся з тым, што кіраўніцтва прадпрыемстваў вядзе супраць нашых актывістаў нейкую барацьбу... Замест таго, каб сказаць «дзякуй» за нейкія выяўленыя недахопы, наймальнік аддае перавагу ціснуць на актывістаў незалежных прафсаюзаў».

Цяпер ужо былы работнік мікашэвіцкага «Граніту» Алег Стахаевіч, які стварыў на прадпрыемстве вочка незалежнага прафсаюзу, куды больш катэгарычны:

«Мы не падавалі ў Мікашэвічах заяўку на правядзенне «маёўкі». Усё роўна б не дазволілі. Таму што адзінае патрабаванне да ўлады гучала б так: спыніце рабіць з рабочых рабоў. Трэба называць рэчы сваімі імёнамі, а гэта не вельмі падабаецца чыноўнікам. Працоўны чалавек у сённяшняй Беларусі бяспраўны. Гэта выразна відаць і па кантрактнай сістэме, і па дэкрэце 9, згодна з якім рабочы проста проста не мае права звольніцца і, часцяком, вымушаны працаваць за жабрацкую зарплату. Гэта што, нармальна? У нас што, «прыгоннае права»? Праблем, якія не хочуць вырашаць ўлады вельмі шмат, але асноўная задача ўлады заключаецца ў тым, каб ператварыць працоўны клас у шэрую, паслухмяную і бяздумную масу... Ні адміністрацыі прадпрыемстваў, ні кіраўніцтву краіны не патрэбныя рабочыя, якія думаюць і ведаюць свае правы».

А вось у Брэсце першамайскі мітынг дазволілі. Пра гэта распавяла кіраўнік Брэсцкага рэгіянальнага прадстаўніцтва Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Зінаіда Міхнюк.

«Дазвол на правядзенне Першамая атрымала брэсцкая вочка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, - распавяла суразмоўца. - Прафсаюзны актыў горада прыме ўдзел у мерапрыемстве. Патрабаванняў да ўладаў хапае. Самае галоўнае з іх гучыць так: «Спыніце рост коштаў». Заробкі проста не паспяваюць за імі, гэта відавочна. Пенсіянеры, напрыклад, вымушаныя працаваць літаральна да апошняга ўздыху. Не таму што яны гэтага хочуць, а таму што пенсіі ў краіне жабрацкія. Ды і на большасці прадпрыемстваў Брэста людзі атрымліваюць жабрацкую зарплату, таму што прадукцыя не рэалізоўваецца.

Перад Першамаем нам удалося атрымаць інфармацыю аб наяўнасці складскіх запасаў на некаторых мясцовых прадпрыемствах. Лічбы жахлівыя. Таму яшчэ адно патрабаванне да ўладаў будзе такое: «разгрузіць склады, дайце людзям зарабіць».

Інакш складаецца адчуванне, што дзяржава зацікаўленая ў тым, каб грамадзяне былі жабракамі. Ці жабракамі і пакорлівымі людзьмі кіраваць прасцей?...

Дазволілі Першамайскае мерапрыемства і ў Салігорску. Праўда, пройдзе яно без лозунгаў і патрабаванняў.

«Гэта будзе культурна-спартыўнае свята, - распавёў старшыня Незалежнага прафсаюза гарнякоў ААТ «Беларуськалій» Сяргей Чаркасаў. - Ніякіх лозунгаў гучаць не будзе, таму што ўсе пытанні, якія ўзнікаюць у нашага прафсаюза, мы вырашаем з кіраўніцтвам прадпрыемства ў рабочым парадку. Адчувальных і невырашальных праблем у нас няма».

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках