18 траўня 2024, Субота, 20:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бэрлусконі пагражае 6 гадоў турмы

9
Бэрлусконі пагражае 6 гадоў турмы

Пракурор на працэсе ў справе аб сувязі Сільвіё Бэрлусконі з непаўналетняй танцоркай Карымай эль-Маруг папрасіў прысудзіць былога прэм'ер-міністра Італіі да 6 гадоў турмы.

Таксама старана абвінавачвання запатрабавала пажыццёва забараніць Бэрлусконі займаць дзяржаўныя пасады, піша Lenta.ru.

Бэрлусконі абвінавачваюць у тым, што ў перыяд з лютага да траўня 2010 года ён меў сэксуальныя кантакты з эль-Маруг, больш вядомай пад сцэнічным псэўданімам Рубі, якой на той момант не было 18 гадоў. Таксама следства падазрае былога прэм'ера ў перавышэнні паўнамоцтваў: ён, паводле матэрыялаў расследавання, скарыстаўся сваім становішчам, каб вызваліць эль-Маруг з-пад варты за не звязанае са справай Бэрлусконі правапарушэнне.

Раней паведамлялася, што Бэрлусконі ў выпадку прызнання ягонай віны можа пагражаць да 15 гадоў турмы ў справе аб сувязі з танцоркай. Абвінавачванні на свой адрас італійскі палітык і мэдыямагнат адпрэчваў, эль-Маруг таксама сцвярджала, што паміж ёй і Бэрлусконі не было сэксуальных кантактаў, калі яна была непаўналетняй.

Са слоў пракуроркі Ільды Бакасіні (Ilda Boccassini), танцорка была на вечарынах, якія ладзіў Бэрлусконі, і арганізатары імпрэз ведалі, што ёй не было 18 гадоў. Бакасіні адзначыла, што Рубі ды іншыя жанчыны, наведнiцы вечарын Бэрлусконі, якія атрымалі назву «Бунга-Бунга», былі часткай сутэнёрской сеткі, арганізаванай для забаўляння палітыка. Таксама пракурорка адзначыла, што менавіта ўрад Бэрлусконі ўзняў дазволены для прастытуцыі ўзрост з 17 да 18 гадоў.

Чакаецца, што вердыкт у справе аб сувязі Бэрлусконі з эль-Маруг будзе вынесены ў канцы траўня 2013 года.

8 траўня 2013 года быў вынесены вердыкт апэляцыйнага суда Італіі ў іншай справе Бэрлусконі - аб фінансавых махінацыях у кампаніі Mediaset. Суд пацвердзіў пастанову ніжэйшай інстанцыі аб чатырохгадовым тэрміне для былога прэм'ера і забароне займаць дзяржаўныя пасады на пяць гадоў. За кошт амністыі тэрмін зняволення будзе скарочаны да аднаго года. У сакавіку 2013 Бэрлусконі быў прысуджаны да года турмы яшчэ ў адной справе, якая датычыцца публікацыі тэлефонных перамоў палітычных канкурэнтаў. Палітык застаецца на волі, бо разгляд спраў ва ўсіх апэляцыйных інстанцыях не скончаны.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках