27 красавiка 2024, Субота, 4:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МАЗу пагражае банкруцтва

145
МАЗу пагражае банкруцтва

Падзенне продажаў пагражае найбуйнейшаму беларускаму прадпрыемству калапсам.

Па выніках першага квартала 2013 года, доля беларускага вытворцы на расейскім рынку грузавых аўтамабіляў поўнай масай 14-40 тон у параўнанні з першым кварталам 2012 года скарацілася з 14,3% да 7,4%. Чаму так адбылося, і якія перспектывы беларускіх вытворцаў, пацікавіўся карэспандэнт ucpb.org у эканаміста Льва Марголіна.

«Гаворачы пра дзейнасць завода МАЗ на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, якая прывяла да скарачэння амаль у два разы долі на расейскім рынку, трэба мець на ўвазе дзве рэчы, - кажа Леў Марголін. - Па-першае, нягледзячы на тое, што рынкавыя адносіны ў Расеі на парадак больш развітыя, чым у Беларусі, нельга выключаць уплыву расейскай улады, якая хацела б такім чынам пакараць беларусаў за адмову ад зліцця з КАМАЗам. Але трэба мець на ўвазе і іншы момант. Ёсць шмат аб'ектыўных прычын, якія абцяжарваюць дзейнасць МАЗа на расейскім рынку. І самае галоўнае гэта тое, што МАЗ вельмі невялікае прадпрыемства па сусветных маштабах. Думаю, не памылюся, сказаўшы, што гэта самая маленькая вытворчасць вялікагрузных аўтамабіляў з наяўных на рынку. А чым менш прадпрыемства, тым складаней яму канкураваць з буйнымі. Калі раней вялікае значэнне меў фактар суадносін кошт-якасць, то цяпер гэты фактар усё больш нівеліруецца, таму што большасць сусветных брэндаў па вытворчасці аўтамабільнай тэхнікі адкрылі або збіраюцца адкрыць сваю вытворчасць на тэрыторыі РФ. Гэта значыць, лакалізуюць вытворчасць у Расеі і тым самым памяншаюць кошты на сваю прадукцыю. Улічваючы, што ў бліжэйшыя пару гадоў у Расеі будзе нарошчвацца вытворчасць прадпрыемстваў, якія ўжо адкрылі свае заводы (а гэта Volvo, Renault, Scania) і тое, што збіраюцца адкрыць вытворчасці нямецкая кампанія MAN, галандская DAF і нават кітайская FAW, то можна прадбачыць, што абстаноўка для МАЗа на расейскім рынку будзе з кожным годам ускладняцца».

Эканаміст лічыць, што калі прадпрыемства не знойдзе сваё месца на рынку, то яму пагражае знікненне.

«Я б не ўзяў на сябе смеласці, сцвярджаць, што аб'яднанне з КАМАЗам - самы лепшы варыянт. Трэба шукаць сваё месца ў сусветным падзеле працы. Патрэбная інтэграцыя з еўрапейскімі вытворцамі. Бо нават яны ствараюць альянсы, таму што разумеюць, што ў адзіночку выжыць на гэтым вельмі высокаканкурэнтным рынку складана. Таму пытанне стаіць так: альбо беларускае прадпрыемства знойдзе сваё месца ў сусветным падзеле працы, альбо сітуацыя будзе ўскладняцца аж да таго, што прадпрыемства можа проста павольна памерці, як гэта адбылося з многімі іншымі прадпрыемствамі», - кажа Леў Марголін.

Праблемы ў МАЗа пачаліся некалькі месяцаў таму. З-за падзення збыту прадукцыі ў сакавіку і красавіку на заводзе быў уведзены чатырохдзённы працоўны тыдзень. Згодна з загадам ад 25 лютага 2013 года, працоўныя дні былі перанесеныя на восень.

«З-за адсутнасці попыту на на аўтатэхніку ААТ «МАЗ» знізілася пакупніцкая актыўнасць на расейскім і міжнародным рынках, што пацягнула за сабой павелічэнне запасаў аўтамабіляў і прычапной тэхнікі. З улікам удакладнення аб'ёмаў вытворчасці, і з мэтай рацыянальнага выкарыстання працоўных, матэрыяльных, і паліўна-энергетычных рэсурсаў», - гаварылася ў загадзе.

Напісаць каментар 145

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках