30 красавiка 2024, aўторак, 22:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь адмаўляецца ад супрацоўніцтва са структурай ААН

34
Беларусь адмаўляецца ад супрацоўніцтва са структурай ААН

Беларускія ўлады адмаўляюцца супрацоўнічаць з рабочай групай ААН у адвольных затрыманнях.

Пра гэта было заяўлена яшчэ ў сакавіку 2013 года, але з афіцыйным дакументам, у якім выкладаецца пазіцыя беларускіх уладаў, праваабаронцы здолелі азнаёміцца толькі некалькі дзён таму. Афіцыйны Менск абвясціў аб адмове ад супрацоўніцтва з рабочай групай ААН у адказ на яе пастанову аб Алесю Бяляцкім, прынятую ў мінулым годзе. Тады арышт беларускага праваабаронцы быў прызнаны незаконным і адвольным.

«Разглядаем выснову рабочай групы аб справе Бяляцкага як спробу апраўдаць злачынца шляхам далучэння яго да праваабаронцаў і ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы, - гаворыцца ў заяве беларускай дэлегацыі, якая была агучаная на сесіі Рады ААН у правах чалавека 5 сакавіка. - У такіх умовах з улікам крайняй палітычнай ангажаванасці рабочай групы і адсутнасці прафесійнай этыкі ў яе дзейнасці Беларусь не бачыць сэнсу для далейшага ўзаемадзеяння з рабочай групай у яе цяперашнім складзе».

Праваабаронца Таццяна Равяка ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіла, што іншыя падобныя выпадкі адмовы ад супрацоўніцтва са структурай ААН ёй невядомыя.

«На сесіі Рады ў правах чалавека, якая праходзіла ў сакавіку, беларуская дэлегацыя заявіла, што адмаўляецца супрацоўнічаць з рабочай групай ААН у адвольных затрыманнях. Афіцыйную заяву мы здолелі ўбачыць толькі некалькі дзён таму. Гэта вельмі сур'ёзны крок афіцыйнага Менску, таму без дакументальнага пацверджання мы не агучвалі яго. Мне невядомыя іншыя выпадкі афіцыйнай адмовы ўладаў якой-небудзь краіны ад супрацоўніцтва з такой структурай ААН, як рабочая група ў адвольных затрыманнях. Мы неаднаразова сутыкаліся з тым, што Менск адмаўляўся выконваць пастановы Камітэта правоў чалавека, але тут гаворка ідзе аб адмове ад выканання сваіх абавязанняў у рамках Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах», - сказала Таццяна Равяка.

Праваабаронца таксама паведаміла, што 17 траўня намеснік кіраўніка ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч накіраваў міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею зварот у сувязі з невыкананнем пастановы рабочай групы ў адвольных затрыманнях ААН у справе Алеся Бяляцкага. Учора з такім жа патрабаваннем да яго звярнуліся кіраўнікі найбуйнейшых міжнародных праваабарончых арганізацый.

Спецыяльныя працэдуры ААН, уключаючы працоўную групу ў адвольных затрыманнях, з'яўляюцца дапаможнымі органамі арганізацыі. Чальцы рабочай групы адвольных затрыманняў былі адабраныя прызначанай Радай ААН правоў чалавека кансультатыўнай групай на аснове іх досведу і ведаў у сферы мандата, іх незалежнасці і бесстароннасці.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках