16 траўня 2024, Чацвер, 15:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Два гады пасля дэвальвацыі. Чаго чакаць?

19
Два гады пасля дэвальвацыі. Чаго чакаць?

Два гады таму, 23 траўня 2011 года, Нацбанк Беларусі афіцыйна абвясціў аб рэзкай дэвальвацыі нацыянальнай валюты.

Курс даляра, які гадамі знаходзіўся ў раёне 3000, рэзка падскочыў 24 траўня амаль да 5000 беларускіх рублёў. Сёння становішча на валютным рынку даволі стабільнае, курс даляра практычна статычны. Спакой часовы? Гэтае пытанне журналісты адрасавалі бізнесу. Інтэрнэт-газета Naviny.by вырашыла даведацца ў кіраўнікоў бізнес-саюзаў, што яны думаюць аб сітуацыі на валютным рынку.

Як усё было: прычыны рэзкай дэвальвацыі

Спачатку невялікія ўводзіны, каб асвяжыць у памяці падзеі, якія мы сёння ўспамінаем. Вясной 2011 года на фоне скарачэння золатавалютных рэзерваў каля абменных пунктаў сталі выбудоўвацца чэргі людзей, якія жадаюлі памяняць рублі на цвёрдую валюту. І мянялі - у тыя рэдкія моманты, калі ў абменныя пункты завозілі даляры.

А тым часам з другой паловы сакавіка 2011-га доступ да куплі валюты на біржы быў абмежаваны - валюта па афіцыйным курсе вылучалася толькі на закупку тавараў згодна з пералікам, зацверджаным дзяржавай. Неўзабаве валюту перасталі завозіць і ў абменнікі. У краіне з'явіўся чорны рынак, а дакладней - рознага роду схемы, выкарыстоўваючы якія насельніцтва і прадпрыемствы набывалі валюту па больш высокім курсе.

Пасля некалькіх месяцаў заспакойлівай рыторыкі Нацбанк 23 траўня абвясціў аб рэзкай дэвальвацыі, змяніўшы на сваім сайце абменны курс з 3155 рублёў да 4930 рублёў за даляр. Праўда, потым, як высветлілася, адной рэзкай дэвальвацыі было мала, і восенню 2011-га ўрад пайшоў на чарговае паслабленне рубля.

«Чаму дэвальвацыя ў траўні 2011-га апынулася рэзкай? Было некалькі прычын, - успамінае дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык. - Нягледзячы на знясіленне золатавалютных рэзерваў, улады працягвалі ў 2011 годзе вельмі мяккую грашова-крэдытную палітыку. Дырэктыўнае крэдытаванне дасягнула тады свайго піка. Замест таго, каб прызнаць, што існуюць праблемы і зрабіць больш жорсткай манетарную палітыку, дырэктыўнае крэдытаванне працягвалася. Вынік - рэзкая дэвальвацыя рубля».

Сёння сітуацыя на валютным рынку даволі стабільная: курс даляра з пачатку года змяніўся нязначна (вырас прыкладна на 1%), прапанова валюты перавышае попыт (ва ўсялякім разе, так было ў апошнія месяцы), а насельніцтва пакуль захоўвае зберажэнні ў рублях.

Аднак, казаць, быццам усе поўныя ўпэўненасці, што дэвальвацыйныя працэсы засталіся ў мінулым, не прыходзіцца. Існуюць розныя пункты гледжання на гэты конт. Гэта пацвярджае сакавіцкае апытанне НІСЭПД. Ацэньваючы верагоднасць дэвальвацыі ў бліжэйшы час, 32,1% удзельнікаў апытання заявілі, што «гэта рэальная пагроза», 42,7% рэспандэнтаў сказалі, што «гэта магчыма, але малаверагодна», каля 20% апытаных выказалі ўпэўненасць, што дэвальвацыі не адбудзецца.

2011 год паказаў, што першымі, хто сутыкаецца з прадвеснікамі дэвальвацыі, з'яўляецца бізнес. Таму інтэрнэт-газета вырашыла сёння даведацца ў прадстаўнікоў бізнесу, як ім бачацца перспектывы сітуацыі на валютным рынку. У нашым апытанні прынялі ўдзел кіраўнікі чатырох бізнес-саюзаў.

Аляксандр Швец: зможам пазычыць - абыдземся без дэвальвацыі

Старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец лічыць, што ў кароткатэрміновай перспектыве сітуацыя на валютным рынку «выглядае досыць устойлівай». Што тычыцца больш працяглага гарызонту планавання, то шмат што будзе залежаць ад здольнасці дзяржавы прыцягнуць знешняе фінансаванне, мяркуе эксперт.

«Калі прыцягнуць знешнія запазычанні ўраду ўдасца, дэвальвацыйныя рызыкі могуць наогул не рэалізавацца», - мяркуе Аляксандр Швец.

У адваротным выпадку, працягвае кіраўнік бізнес-саюза, сітуацыя можа быць зваротнай. «Калі краіна будзе адчуваць складанасці з прыцягненнем новых запазычанняў, а эканамічная сітуацыя будзе характарызавацца затаваранасцю складоў і апераджальным ростам заробкаў над прадукцыйнасцю працы, то мы можам прыйсці да той жа сітуацыі, што і некалькі гадоў таму», - кажа Аляксандр Швец.

На думку кіраўніка бізнес-саюза, для забеспячэння ўстойлівага развіцця эканомікі неабходна павышаць ролю прыватнага бізнесу ў краіне.

«Структурных зменаў у эканоміцы не адбылося за апошнія два гады. Мы спрабуем адміністрацыйна-эканамічным балансаваннем ледзь-ледзь нашы паказчыкі палепшыць. Магчыма, гэта і дало нейкі станоўчы эфект, але ў доўгатэрміновай перспектыве няма альтэрнатывы структурным рэформам, павышэнню ролі незалежнага прыватнага бізнесу», - рэзюмаваў Аляксандр Швец.

Аляксандр Калінін: курс даляра да канца года не перавысіць 9000 рублёў

Старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін лічыць сітуацыю на валютным рынку «ўмоўна устойлівай».

«Я асабіста не прагназую вялікай дэвальвацыі. Курс даляра па маіх ацэнках да канца года не перавысіць 9000 рублёў», - мяркуе Аляксандр Калінін.

На думку кіраўніка бізнес-саюза, апошнія два гады «ўрад Мясніковіча праводзіць больш рэальную палітыку, незбалансаваных рашэнняў не прымаецца», таму рэзкіх ваганняў на валютным рынку быць не павінна.

Стабільнасці на валютным рынку, лічыць Аляксандр Калінін, будзе спрыяць і той факт, што Беларусь уваходзіць у АЭП, і мае абавязацельствы ў рамках гэтага аб'яднання праводзіць узгодненую макраэканамічную палітыку.

«Адзіная эканамічная прастора мае свае плюсы ў тым плане, што партнёры зацікаўленыя ў стабільнасці на ўсёй тэрыторыі гэтага аб'яднання. Чым больш мы будзем інтэгравацца ў АЭП, тым менш у нас будзе верагоднасць узнікнення нейкіх праблем на валютным рынку», - перакананы Аляксандр Калінін.

На яго думку, калі ў Беларусі нават і ўзнікнуць нейкія цяжкасці ў фінансавай сферы, Расея дапаможа з імі справіцца. «Прынцыпы АЭП прадугледжваюць узаемную дапамогу ў выпадку крызісных сітуацый. Адназначна, што калі ў нас будзе нейкі крах, Расея вымушана будзе дапамагчы», - рэзюмаваў Аляксандр Калінін.

Ігар Чарнякоў: могуць узнікнуць цяжкасці з набыццём валюты

Старшыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Ігар Чарнякоў, у сваю чаргу, лічыць, што ў беларускай эканоміцы працякае шэраг негатыўных тэндэнцый.

«Выклікае непакой неабгрунтаваны рост заробкаў, які перавышае тэмпы росту прадукцыйнасці працы. Пачынаючы з сярэдзіны мінулага года аб'ёмы прамысловай вытворчасці зніжаюцца, складскія запасы ў бягучым годзе павялічваюцца, а заробкі пры гэтым растуць», - кажа Ігар Чарнякоў.

Акрамя гэтага, працягвае ён, турбуе, што на фоне планаў у бягучым годзе павялічыць экспарт на 15% у першым квартале адбылося яго зніжэнне амаль на 20% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

«Сітуацыя на валютным рынку будзе залежаць ад знешніх фактараў, перш за ўсё - як у нас будуць складвацца адносіны з Расеяй, ці зможам мы атрымаць ад яе запытаны крэдыт, а таксама транш Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС», - кажа Ігар Чарнякоў.

Калі сітуацыя пойдзе па неспрыяльным сцэнары, то ўжо ў канцы бягучага года могуць узнікнуць праблемы на валютным рынку з набыццём валюты. «Афіцыйны курс можа быць нязначна вышэй, чым цяпер, але могуць узнікнуць цяжкасці з набыццём валюты», - мяркуе Ігар Чарнякоў.

Георгій Бадзей: курс даляра будуць трымаць

Кіраўнік Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. прафесара Куняўскага (БСПН) Георгій Бадзей лічыць, што ўлады будуць спрабаваць трымаць курс даляра на ўзроўні, які блізкі да цяперашняй адзнакі. «Курс даляра будзе вагацца ў межах 100-200 рублёў у адносінах да цяперашняга значэння», - лічыць Георгій Бадзей.

Пры гэтым ён выказвае занепакоенасць у сувязі неабгрунтаваным ростам заробкаў. Па дадзеных афіцыйнай статыстыкі, у першым квартале прадукцыйнасць працы вырасла ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 4,5%, а рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва - на 21,4%.

«Усе разумеюць, што павышэнне заробкаў, не падмацаванае адпаведным ростам прадукцыйнасці працы, рана ці позна прывядзе да дэвальвацыі. Таму мы выступаем за тое, каб рост заробкаў быў увязаны з павышэннем прадукцыйнасці працы», - кажа Бадзей.

Успамінаючы дэвальвацыю 2011-га, кіраўнік бізнес-саюза адзначае: «Дай Бог, каб гэтага больш не было, як запэўніваюць нас у гэтым улады». «Але калі спалучаецца заданне па росту заробкаў і зніжэнне ставак па крэдытах, гэта стварае пэўныя пагрозы. Дай Бог, каб яны не рэалізаваліся, але яны ёсць», - рэзюмаваў Георгій Бадзей, які ўзначальваў, нагадаем, міністэрства эканомікі Беларусі ў сярэдзіне 1990-х.

Зьміцер Заяц, naviny.by

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках