5 траўня 2024, Нядзеля, 8:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Якаўлеўскі: Лукашэнка паляціць у Баку за нафтай і грашыма

18
Раман Якаўлеўскі: Лукашэнка паляціць у Баку за нафтай і грашыма

У крытычныя моманты Аліеў падкідвае Лукашэнку кароткатэрміновыя крэдыты.

Такім чынам палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі пракаментаваў сайту charter97.org магчымую сустрэчу беларускага дыктатара з кіраўніком Азербайджана Ільхамам Аліевым.

«Інфармацыя пра віншаванне Аліева з Днём рэспублікі, у якім згадваецца аб магчымай хуткай сустрэчы ў Азербайджане, цікавым чынам супала з іншай інфармацыяй. Літаральна за дзень да гэтага, ставячы чарговыя задачы сваім чыноўнікам, Лукашэнка згадаў пра неабходнасць інтэнсіфікацыі двухбаковага супрацоўніцтва з Венесуэлай. Гэта ён так збянтэжыў Сямашку», - адзначыў палітычны аглядальнік.

Ён падкрэсліў, што выдатную ролю ў пастаўках венесуэльскай нафты ў Беларусь сыграў менавіта Азербайджан.

«Я маю на ўвазе так званыя своп-схемы. Нам таксама вядома, што ў крытычныя моманты Аліеў даваў кароткатэрміновыя крэдыты - гучала лічба ў 300 мільёнаў даляраў. Безумоўна, Лукашэнка зацікаўлены ў пастаўках нафты, але яго куды больш цікавяць крэдыты і інвестыцыі, а Азербайджан на гэта здольны. Так што ёсць пра што гаварыць», - лічыць Раман Якаўлеўскі.

Палітычны аглядальнік таксама адзначыў, што абедзве краіны знаходзяцца ў праекце «Усходняе партнёрства».

«З шасці дзяржаў менавіта гэтыя дзве не ставяць для сябе такую задачу, як падпісанне пагаднення аб асацыяцыі з Еўразвязам. Але ў адрозненне ад Менска, Баку багаты і плацежаздольны, дзякуючы, у першую чаргу, сваім нафтавым рэсурсам, што дазваляе Аліеву змякчаць у свой адрас крытыку з боку Захаду», - упэўнены Раман Якаўлеўскі.

Нагадаем, сёння Лукашэнка павіншаваў Ільхама Аліева з Днём Рэспублікі.

Беларускі кіраўнік заявіў, што спадзяецца на хуткую сустрэчу ў Азербайджане з кіраўніком гэтай краіны.

Адзначым, у жніўні мінулага года кіраўнік Азербайджана наведваў Менск. Тады беларускі дыктатар выказаў яму падзяку за падтрымку палітыкі афіцыйнага Менска.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках