29 красавiка 2024, панядзелак, 9:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША і Велікабрытанія могуць узброіць сірыйскіх паўстанцаў

13
ЗША і Велікабрытанія могуць узброіць сірыйскіх паўстанцаў

Міністр абароны ЗША Чак Хейгела прызнаў, што Вашынгтон не выключае магчымасці паставак зброі сірыйскай апазіцыі.

Гэта ж пацвердзіў і прэзідэнт Абама. Упершыню афіцыйныя асобы амерыканскай адміністрацыі далі зразумець, што Злучаныя Штаты могуць перагледзець забарону на пастаўкі зброі паўстанцам у Сірыі, перадае BBC.

«Узбройваць паўстанцаў - гэта варыянт», - заўважыў Чак Хейгела журналістам, падкрэсліўшы, што ніякага канчатковага рашэння пакуль не прынята.

«Трэба разглядаць і пераасэнсоўваць усе наяўныя магчымасці. Пры гэтым не абавязкова, што вы імі скарыстаецеся», - дадаў міністр абароны ЗША.

Заява Хейгела прагучала падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з брытанскім міністрам абароны Філіпам Хэмандам, якая прайшла ў Вашынгтоне.

Што тычыцца Брытаніі, то, як сказаў Хэманд, да гэтага часу ў яе не было магчымасці пастаўляць ўзбраенні сірыйскай апазіцыі з-за ўведзенай Еўразвязам забароны.

Аднак як толькі тэрмін забароны скончыцца, а гэта адбудзецца літаральна праз некалькі тыдняў, брытанскія ўлады, па словах Хэманда, вернуцца да абмеркавання гэтай ідэі.

У сваю чаргу, прэзідэнт ЗША Барак Абама, які знаходзіцца з візітам у сталіцы Мексікі – Мехіка, сказаў на прэс-канферэнцыі: «Паколькі мы назіраем сведчанні далейшага кровапраліцця, патэнцыйнага выкарыстання хімічнай зброі ўнутры Сірыі, то, як я ўжо казаў, мы будзем разглядаць усе магчымасці».

У адказ на просьбу пракаментаваць выказванне Хейгела, прэзідэнт сказаў, што гэта тое ж самае, пра што ён кажа ўжо «месяцамі». Раней Злучаныя Штаты афіцыйна заяўлялі, што не аказваюць сірыйскай апазіцыі ваеннай дапамогі, абмяжоўваючыся толькі пастаўкамі неваеннага абсталявання і гуманітарных грузаў.

ЗША разглядаюць магчымасць узбраення паўстанцаў «як меншае зло», паколькі не ў захапленні ад ідэі прамой ваеннай інтэрвенцыі ў Сірыю.

Некаторыя саюзнікі ЗША, такія як Катар і Саудаўская Аравія, ужо пастаўляюць зброю розным групоўкам, якія ваююць супраць рэжыму прэзідэнта Башара Асада.

У апошнія дні, пасля таго як высветлілася, што падчас ваеннага канфлікту ў Сірыі была ўжытая хімічная зброя, звернутыя да амерыканскіх уладаў заклікі перайсці нарэшце ад слоў да справы ўзмацніліся.

На мінулым тыдні прэзідэнт Барак Абама паабяцаў «правесці ўсёабдымнае расследаванне» паведамленняў аб прымяненні хімічнай зброі рэжымам Асада і папярэдзіў, што «правілы гульні могуць змяніцца», калі гэтыя паведамленні пацвердзяцца.

Аднак і Чак Хейгела, і Філіп Хэманд заявілі, што наяўных доказаў прымянення хімічнай зброі «недастаткова для рэакцыі з боку міжнароднай супольнасці».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках