Лукашэнка аскандаліўся ў Астане
128- 30.05.2013, 8:45
- 396,435
Кіраўнік не заўважыў уключанага мікрафона.
У ходзе цэрымоніі падпісання некалькіх тэхнічных дакументаў Еўразійскай эканамічнай камісіі, якая адбылася пасля перамоваў кіраўнікоў дзяржаў Мытнага саюза, Лукашэнка са смехам сказаў такую фразу: «Януковіч да нас, мабыць, ужо ніколі не прыедзе». Мікрафон пры гэтым заставаўся ўключаным, і яго словы пачулі журналісты.
Таксама яны адзначылі, што беларускі кіраўнік нерваваўся напярэдадні пасяджэння вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.
«Лукашэнка, наадварот, не адрозніваўся эпічнасцю паходкі - ён нават, такое ўражанне, спяшаўся кудысьці. Хоць куды, здавалася б, спяшацца: да прыезду Уладзіміра Пуціна, без якога пасяджэнне Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета ўсё роўна не пачалося б, было яшчэ не менш гадзіны», - з іроніяй піша расейскае выданне «Коммерсант».
Адзначым, што ў час мерапрыемстваў, якія прайшлі ў сталіцы Казахстана, двухбаковых сустрэч паміж Лукашэнкам і Пуціным не было.
Учора стала вядома, што Украіна атрымае статус назіральніка ў Мытным саюзе.
«Мемарандум аб удзеле Украіны (у якасці назіральніка) у Мытным саюзе будзе падпісаны ў бліжэйшыя дні ў Менску на саміце кіраўнікоў урадаў СНД» - паведаміў Віктар Януковіч на прэс-канферэнцыі ў сераду ў Астане.
Паводле яго слоў, такое даручэнне далі кіраўнікі краін МС і Украіны кіраўнікам урадаў.
Януковіч адзначыў, што ў дадзеным «мемарандуме будзе вызначаны статус Украіны (у МС), магчымасць прадстаўніка ўрада працаваць у камісіі Мытнага саюза і прэзідэнта Украіны, па запрашэнні старшыні савета прэзідэнтаў МС, прымаць удзел у гэтай працы».