17 траўня 2024, Пятніца, 3:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жэліба: Без расейскага крэдыту дэвальвацыя непазбежная

16
Барыс Жэліба: Без расейскага крэдыту дэвальвацыя непазбежная

Золатавалютныя рэзервы Беларусі трымаюцца толькі дзякуючы крэдыту ЕўрАзЭС.

Такім чынам эканаміст Барыс Жэліба пракаментаваў сайту charter97.org скарачэнне золатавалютных рэзерваў Беларусі за красавік на $333,8 млн.

«Памяншэнне золатавалютных рэзерваў без уліку пятага траншу Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС лішні раз сведчыць пра тое, што мы падтрымліваем рэзервы, а значыць, падтрымліваем курс беларускага рубля ў адносінах да сусветных валют менавіта за кошт знешніх запазычанняў. Як толькі яны перастануць паступаць у нашу эканоміку, то падтрыманне курсу будзе ажыццяўляцца за кошт памяншэння валютных рэзерваў. Гэта як раз і падкрэсліла апошняе падзенне», - адзначыў эксперт.

Ён падкрэсліў, што Беларусь падтрымлівае рэзервы на ўзроўні 8 мільярдаў толькі дзякуючы крэдыту.

«З улікам таго, што будзе яшчэ і апошні транш, мы захаваем гэтыя 8 мільярдаў да канца года. А потым паўстане пытанне: што далей? Калі не будзе знешніх паступленняў, можна прагназаваць, што падтрымліваць курс рубля прыйдзецца скарачэннем рэзерваў альбо ісці на дэвальвацыю, каб іх захаваць», - заявіў эканаміст.

Ён лічыць, што Масква дасць Менску крэдыт у 2 мільярды даляраў на «мадэрнізацыю».

«Расея, як гаворыцца, нас у гэтай бядзе не пакіне і будзе даваць нам валютныя запазычанні па палітычных прычынах. Так было раней, так будзе і ў далейшым. Але нам прыйдзецца выконваць яе ўмовы па зліцці беларускіх прадпрыемстваў з расейскімі, якія намечаныя ў выглядзе холдынгаў. А гэта значыць, трапляць у далейшую залежнасць, таму што расейскія партнёры ў гэтых парах больш моцныя, больш маштабныя, і будуць падпарадкоўваць нашу вытворчасць сваім інтарэсам», - упэўнены эксперт.

Ён таксама выказаў свой пункт з нагоды нядаўняй крытыкі беларускага дыктатара ў адрас Расеі.

«Сапраўды, Лукашэнка назваў здзелку па МАЗе і КАМАЗе «бандыцкай». Але гэта ўсё словы і эмоцыі. Генеральная лінія «адціскання» беларускіх актываў расейскім капіталам будзе працягвацца. І якія б заявы не рабіліся, гэтая лінія будзе праводзіцца. Інакш мы нічога не атрымаем ад Расеі: ні нафты ў дастатку, ні знешніх запазычанняў. На жаль, у такую залежнасць трапіла Беларусь», - падсумаваў Барыс Жаліба.

Нагадаем, Нацбанк даў справаздачу пра стан золатавалютных рэзерваў Беларусі.

Аказалася, што без уліку пятага траншу крэдыту ЕўрАзЭС золатавалютныя рэзервы за месяц скараціліся амаль на $334 мільёны даляраў.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках