16 траўня 2024, Чацвер, 19:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каспараў: Сцэнар перамогі над дыктатурай у кожнай краіне унікальны

9
Каспараў: Сцэнар перамогі над дыктатурай у кожнай краіне унікальны

Санкцыі Захаду могуць балюча закрануць дыктатараў, мяркуе апазіцыйны палітык Гары Каспараў.

На мінулым тыдні расейскі апазіцыйны дзеяч, былы чэмпіён свету ў шахматах Гары Каспараў заявіў, што пакуль застанецца за межамі Расеі. Ён патлумачыў гэта увагай да ягонай дзейнасці расейскіх праваахоўных органаў, якія, на думку Каспарава, могуць паспрабаваць абмежаваць ягоную свабоду перасоўвання. На прэс-канферэнцыі ў Жэневе тыдзень таму Каспараў сказаў: «Я ездзіў туды і назад да канца лютага, калі стала відавочна, што я магу стацца часткай доўжанага расследавання дзейнасці палітычных актывістаў. Цяпер у мяне сур'ёзныя сумневы, што, калі я вярнуся ў Расею, я змагу потым з'ехаць адтуль. Таму пакуль што я ўстрымаюся ад паездак у Расею».

Каспараў заявіў, што, застаючыся на Захадзе, будзе весці грамадскую кампанію за прыняцце ў розных краінах законаў, аналагічных амэрыканскаму «Акту Магніцкага», які ўводзіць санкцыі ў дачыненні да расейскіх афіцыйных асоб, што маюць дачыненне да цяжкіх парушэнняў правоў чалавека.

У інтэрв'ю «Радыё Свабода» Каспараў распавёў, як ён бачыць перспектывы сваёй дзейнасці.

- Вы ведзяце грамадскую кампанію на Захадзе за прыняцце законаў, аналагічных амэрыканскаму «акту Магніцкага». Пры гэтым улады шмат якіх краін неахвотна ідуць на пагаршэнне стасункаў з Расеяй - з прагматычных меркаванняў. Вы мяркуеце, грамадская кампанія, уздзеянне праз грамадскую думку здатнае прымусіць іх зрабіць больш жорсткім палітыку ў дачыненні да Масквы?

- Калі што-небудзь іх можа прымусіць змяніць пазіцыю, то гэта толькі грамадскі ціск. Цалкам відавочна, што ўрад кожнай краіны, еўрапейскай, ЗША, найперш устурбаваны нейкімі канкрэтнымі праблемамі - палітычнымі, геапалітычнымі, праблемамі ўласнага бізнэсу, які вельмі часта мае стратэгічныя інтарэсы ў Расеі. Пуцін добра разумее, як шантажаваць іх гэтымі шматлікімі інтарэсамі. Але грамадскае меркаванне - гэта тая сіла, з якой палітыкам вольнага свету даводзіцца лічыцца. Бо перыядычна людзі прыходзяць на выбарчыя пункты і галасуюць. Стварэнне слушнай атмасфэры, у якой палітыкам будзе вельмі цяжка рабіць выгляд, што яны не чуюць гэтых патрабаванняў, з'яўляецца, вядома, найважнейшай, калі не сказаць, адзінай умовай для таго, каб «закон Магніцкага», аналагічны таму, які быў прыняты ў ЗША, меў шанец на праходжанне ў Еўропе.

- У вас ёсць адчуванне, што ваш голас, голас вашых калегаў пачуты?

- Безумоўна, мой голас чутны, як і галасы шмат якіх маіх калег. Іншая рэч, што суздром шалёная чыннасць пуцінскіх лабістаў ды іхных шматлікіх прыхільнікаў у Еўропе і Амэрыцы пакуль гучнейшая. Тым не менш, на мой погляд, сітуацыя пакрысе мяняецца. Я мяркую, што на працягу бліжэйшага года ёсць сур'ёзныя падставы спадзявацца на тое, што адна еўрапейская краіна ці група краін усё ж могуць сур'ёзна ўзяцца за прасоўванне «закона Магніцкага». Трэба проста разумець, што праходжанне «закона Магніцкага» ў ЗША прычыніла найперш псіхалагічную плягу пуцінскаму рэжыму. Па-сапраўднаму інтарэсы кіроўнай расейскай эліты знаходзяцца ў Еўропе. І таму дэманстрацыйныя пагрозы, якія зыходзяць з Крамля ў дачыненні як Амэрыкі, так і Еўропы, накіраваныя на тое, каб запалохаць тыя еўрапейскія краіны, у якіх палітычная сітуацыя дазволіла б прыняць «закон Магніцкага» даслоўна сёння. Гэтыя пагрозы і такія расцугляныя паводзіны пуцінскай Расеі на міжнароднай арэне, вядома, урады гэтых краін стрымлівае.

- Як вы сабе ўяўляеце магчымы механізм змены рэжыму ў Расеі? Гэта грамадскі рух «знізу» ці нешта накшталт палацавага перавароту - скажам, калі асяроддзе Пуціна, незадаволенае санкцыямі, паспрабуе зрушыць яго?

- Напраўду ніякага дакладнага сцэнара зрынання дыктатуры не існуе. Як мы ведаем, сцэнар у кожнай краіне ўнікальны. Вядома, што ўлада падрыхтавалася да ўсялякай мадыфікацыі аранжавага сцэнару, бо аранжавы сцэнар прадугледжвае наяўнасць хоць нейкай зарэгістраванай апазіцыі, рэальнай апазіцыі, якая імкнецца да змены ўлады, і правядзенне хоць трохі сумленных выбараў. У Расеі ўся гэтая дарога зацэментаваная цалкам. Таму ніякіх падставаў меркаваць, што ў Расеі могуць адбыцца змены, звязаныя з выбарчым працэсам, няма. Застаюцца масавыя пратэсты на вуліцах і розныя варыянты палацавага перавароту. Ва ўсіх выпадках гэта звязана са зменай эканамічнай і палітычнай сітуацыі. Зыходзячы з гэтых двух магчымых сцэнарыяў, Пуціна хвалююць роўна дзве рэчы. Першая - кошт нафты. Бо паніжэнне кошту нафты выкліча рост сацыяльнай незадаволенасці. І злучэнне сацыяльнага пратэсту з палітычным пратэстам можа прычыніцца да такой небяспечнай камбінацыі на вуліцах, што разлічваць на ОМОН ужо не давядзецца. І другое - гэта «закон Магніцкага», санкцыі супраць чыноўнікаў, якія задзейнічаныя ў гэтай сістэме здушэння грамадзянскіх правоў і вольнасцяў, парушэнні законаў, ва ўчыненні злачынстваў. Прыняцце такіх санкцый зробіць цалкам бессэнсоўным беспярэчнае падпарадкаванне Пуціну практычна на кожным узроўні вертыкалі. Сёння суды штампуюць прысуды, паліцэйскія начальнікі даюць загад лупцаваць і разганяць людзей, саджаць іх, губернатары на месцах могуць рабіць усё, што хочуць, паказваць сябе ўсеўладнымі гаспадарамі сваіх вотчын. А калі стане відавочным, што за гэтыя дзеянні можа прыйсці адплата, звязаная з немагчымасцю наведваць Еўропу і карыстацца нарабаванымі ў Расеі капіталамі, то тады функцыя Пуціна як абаронцы расейскай кіроўнай эліты, расейскай бюракратыі становіцца спрэс нікчэмнай. І Пуцін выдатна разумее гэтую пагрозу. Менавіта таму цяпер усе намаганні расейскай дыпламатыі і расейскіх лабістаў за мяжой кінутыя на супрацьдзеянне «закону Магніцкага».

- Вам надоечы споўнілася 50 гадоў, вы пражылі нібы некалькі жыццяў - спачатку шахматнае, потым грамадска-палітычнае. У вас няма адчування, што ваша часовае «невяртанства» прывядзе вас да трэцяга жыцця? Ці грамадска-палітычная дзейнасць застаецца ў цэнтры вашай увагі?

- Мне здаецца, заўсёды трэба займацца тым, дзе ты можаш нешта змяніць. Я па-ранейшаму мяркую, што ў мяне ёсць магчымасць дапамагаць масаваму пратэстнаму руху ў Расеі і зрабіць усё, што ад мяне залежыць, для таго, каб перамены ў нашай краіне насілі бяскроўны характар. Акрамя таго, у мяне ёсць яшчэ даволі яснае ўяўленне, што я яшчэ шмат чаго магу зрабіць і ў глабальным маштабе, займаючыся прасоўваннем шахмат у сістэму адукацыі і наогул у цэлым дапамагаючы ўдасканаліць сістэму адукацыі XXI стагоддзя ў звязку з кампутарам. Акрамя таго, мне здаецца, вельмі важна цяпер, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі, дамагацца таго, каб аб'ядноўваліся людзі, якія бароняць ідэалы свабоды, правы чалавека ва ўсім свеце. Напрыклад, цяпер я дапамагаю групе іранскіх актывістаў, якія займаюцца падрыхтоўкай праекта аб свабодных выбарах у Іране. Гэта такая форма электроннай дэмакратыі. Дапамагаем мы ім разам з Леанідам Волкавым і ягонай камандай, распрацоўшчыкамі «Дэмакратыі 2.0», платформы для нашых расейскіх выбараў у Каардынацыйную раду апазіцыі. Я бачу, што такія магчымасці будуць заўсёды выпадаць, бо працэс ідзе вельмі актыўна. Калі аб'ядноўваюцца дыктатары і ўзаемадзейнічаюць вельмі агрэсіўна на міжнароднай арэне, то мне здаецца, людзі павінны зрабіць тое ж самае і максімальна выкарыстоўваць наш колькасную перавагу. І яшчэ адно. Калі мы гаварылі пра канкрэтныя небяспекі, якія пагражаюць пуцінскаму рэжыму, падзенне кошту нафты - гэта пагроза вельмі сур'ёзная. Таму расейскім уладам выгадная напружанасць у нафтаносных рэгіёнах, у Сірыі ды Іране. Падтрыманне агульнай міжнароднай напружанасці спрыяе, па-першае, пераводу стрэлак з Расеі ў іншы кірунак, бо Масква з аб'екта праблемы ператвараецца ў суб'ект развязання ўжо іншых праблем. Нішто так не спрыяе павышэнню кошту нафты, як узровень міжнароднай напружанасці.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках