5 траўня 2024, Нядзеля, 18:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шэсць чыноўнікаў высокага рангу былі адпраўленыя ў адстаўку

24
Шэсць чыноўнікаў высокага рангу былі адпраўленыя ў адстаўку

Пастановай Савета міністраў Беларусі за подпісам Міхаіла Мясніковіча сваіх пасадаў 13 чэрвеня былі пазбаўленыя шэсць чалавек.

15 чэрвеня пастанова апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.

Дырэктар Дэпартамента меліярацыі і воднай гаспадарцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Булыня сышоў са сваёй пасады, якую ён займаў з 25 траўня 2004 года, «са згоды старон».

«У сувязі з пераводам да іншага наймальніка» сышлі дырэктар дэпартамента геалогіі Мінпрыроды Уладзімір Варакса і дырэктарка Фонду дзяржаўнай маёмасці Дзяржкамітэта Наталля Жарнасек. Жарнасек апошнія гады часта з'яўлялася ў СМІ ў сувязі з абяцаннямі ўладаў празрыста прыватызаваць частку прадпрыемстваў, аднак знакавыя пастановы аб прыватызацыі дзяржуласнасці прымаліся зусім іншымі людзьмі і без грамадскага кантролю. На пасадзе дырэктара Фонду Наталля Жарнасек знаходзілася з 2006 года.

Дырэктар дэпартамента гідраметэаралогіі Мінпрыроды Алег Максюта (з красавіка 2011) сышоў са сваёй пасады «ў сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння кантракту».

Намеснік міністра Сяргей Несцяровіч, які адказваў у Мінсувязі за кіраванне інавацыйным развіццём і інвестыцыямі і за аддзел замежных сувязяў, стаў ахвярай адміністрацыйнай рэформы. Ён звольнены праз скарачэнне штата.

Самым гучным звальненнем можна разглядаць пазбаўленне пасады намесніка міністра спорту і турызму Сяргея Нерада - «у сувязі з учыненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай службе». Супрацоўнікі КДБ затрымалі намесніка міністра яшчэ ў канцы красавіка. У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа паводле ч.3 арт.430 КК (атрыманне хабару службовай асобай, якая займае адказнае становішча). 30 траўня яму было высунутае абвінавачванне. На пасаду намесніка міністра спорту і турызму Сяргей Нерад быў прызначаны ў 2010 годзе.

Фота: Ведомости

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках