5 траўня 2024, Нядзеля, 13:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея адмовілася падпісваць баланс нафты

50
Расея адмовілася падпісваць баланс нафты

Баланс паставак нафты ў Беларусь на III квартал застаецца непадпісаным.

Як заявіла крыніца ў беларускай профільнай установе, Мінэнэрга Расеі адмовілася весці перамовы на гэтую тэму, паведамляе «Інтэрфакс».

«Нягледзячы на ранейшыя заявы (аб гатоўнасці падпісаць баланс на III квартал да 15 чэрвеня), баланс паставак нафты ў трэцім квартале пакуль застаецца непадпісаным. Мінэнэрга Расеі заяўляе, што ў іх няма ўказанняў свайго ўрада весці з беларусамі перамовы на гэтую тэму», - сказала крыніца.

Паводле яе слоў, у гэтай сітуацыі беларуская старана «прадоўжыць ініцыяваць перамовы». Цяпер імпарт нафты ў Беларусь праводзіцца ў рамках пратаколу ўзгаднення паставак на другі квартал у агульным аб'ёме 5,75 млн тон, што адпавядае аб'ёму паставак у першым квартале.

Як паведамлялася, 20 траўня кіраўнік Мінэнэрга Расеі Аляксандр Новак заяўляў, што баланс паставак нафты ў III квартале з Расеі ў Беларусь павінен быць падпісаны да 15 чэрвеня. Да гэтага першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка заяўляў, што мяркуе верагодным падпісанне ў хуткім часе з Расеяй балансу нафты на III і IV кварталы 2013 года, зыходзячы з гадавой патрэбы 23 млн тон.

«Ёсць усе перадумовы для таго, каб баланс на трэці-чацвёрты кварталы быў падпісаны хуткім часам, пры гэтым мы зыходзім з 23 млн тон у год, якія нам патрэбныя», - адзначаў Сямашка. Ён падкрэсліваў, што разлічваць на падпісанне балансу Беларусі дазваляе няўхільнае выкананне ўзятых на сябе абавязанняў аб пастаўках у Расею нафтапрадуктаў і допуск расейскіх кампаній да свабоднай працы на беларускіх НПЗ. У прыватнасці, паводле звестак Сямашкі, за 4 месяцы 2013 года Беларусь паставіла ў Расею 561 тыс. тон высакаякаснага паліва, што дазволіла ўтрымаць рознічныя кошты на паліва ў Расеі за красавік-травень на ўзроўні лютага-сакавіка гэтага ж года. Акрамя таго, у красавіку-траўні 2013 расейскія кампаніі перапрацоўвалі на беларускіх НПЗ да 40% нафты, у той час як у 2012 годзе дзель працэсінгу складала 28%.

Раней таксама паведамлялася, што Беларусь дагэтуль не мае падпісанага гадавога індыкатыўнага балансу імпарту нафты на 2013 год. Беларуская старана запрасіла ў гэтым годзе 23 млн тон.

Нагадаем, перамовы аб магчымасці падпісання нафтавага балансу на перыяд да канца гэтага года ідуць паралельна з абмеркаваннем тэрмінаў і ўмоў рэалізацыі (пяці так званых інтэграцыйных праектаў, якія мяркуюць прыватызацыю шэрагу буйных беларускіх прадпрыемстваў альбо стварэнне холдынгаў з профільнымі расейскімі кампаніямі).

Раней ананімныя крыніцы ва ўрадзе Расеі паведамлялі, што Масква не будзе павялічваць у другім паўгоддзі аб'ём паставак у Беларусь нафты, як таго хоча Менск. Сярод прычын гэтага экспэрты называюць адмову ад выканання беларускай стараной даўніх дамоўленасцей аб інтэграцыйных праектах, а таксама працяг ёю «шэрага» рээкспарту нафты, за які не выплачваюцца падаткі ў расейскі бюджэт.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках