5 траўня 2024, Нядзеля, 21:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саміт Вялікай васьмёркі адкрываецца ў Паўночнай Ірландыі

4
Саміт Вялікай васьмёркі адкрываецца ў Паўночнай Ірландыі

У панядзелак на курорце Лох-Эрн у Паўночнай Ірландыі пачынаецца саміт лідараў краін Вялікай васьмёркі.

Сустрэча будзе доўжыцца два дні, цягуам якіх плануецца абмеркаваць шырокі спектр пытанняў міжнароднай бяспекі і эканомікі. Мяркуецца, што адной з галоўных тэм сустрэчы стане канфлікт у Сірыі, паведамляе BBC.

У саміце возьмуць удзел кіраўнікі Нямеччыны, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, Канады, Японіі, ЗША і Расеі.

Са слоў гаспадара сустрэчы брытанскага прэм'ера Дэвіда Кэмэрана, ён хацеў бы, каб «мы здолелі паглядзець адзін аднаму ў вочы, пераадолець перашкоды і рознагалоссі і сканцэнтраваць палітычную волю для развязання праблем, якія стаяць перад намі».

Перад пачаткам саміту прэзідэнт ЗША Абама і брытанскі прэм'ер правядуць сустрэчы з італійскім прэм'ерам Энрыка Лета, прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам і канцлерам Нямеччыны Ангелай Меркель, каб пачаць перамовы аб пагадненні для стварэння зоны свабоднага гандлю паміж ЗША і ЕЗ і рушыць наперад у перамовах у пытаннях падатковай палітыкі.

Са слоў Кэмэрана, пагадненне аб свабодным гандлі прынясе брытанскай эканоміцы 10 млрд фунтаў стэрлінгаў.

«Гэта не абстрактная статыстыка, гэтыя пагадненні сапраўды важныя. Яны азначаюць з'яўленне новых працоўных месцаў, большага выбару для спажыўцоў за меншыя грошы», - дадаў ён.

У аўторак Кэмэран плануе абмеркаваць пытанні падатковай палітыкі. У суботу яму ўдалося дасягнуць пагаднення з брытанскімі тэрыторыямі аб абмене інфармацыяй аб афшорных рахунках. Брытанскі прэм'ер намагае аб патрэбе змагацца з ухіленнем ад выплаты падаткаў і дамагацца празрыстасці ў пытаннях абмену інфармацыяй аб рахунках прыватных і юрыдычных асоб.

Захады бяспекі

Чакаецца, што прэзідэнт ЗША Барак Абама, які ўпершыню наведвае Паўночную Ірландыю, у панядзелак выступіць з прамовай у цэнтры Белфаста.

У Белым доме заявілі, што прэзідэнт зробіць шэраг заяў, а затым жыхары Паўночнай Ірландыі здолеюць звярнуцца да яго наўпрост.

З улікам пратэстаў супраць «васьмёркі», што ўжо сталі традыцыйнымі ў краінах, дзе праходзяць саміты, у Паўночнай Ірландыі зробленыя дадатковыя захады бяспекі. Перыметрам усяго курорта Лох-Эрн працягнуты калючы дрот даўжынёй 6,5 км, вышынёй 3 метры. Падчас саміту несці дзяжурства будуць блізу 8 тыс. паліцэйскіх.

Паводле звестак паліцыі, шэсце пратэстоўцаў супраць сустрэчы Вялікай васьмёркі, адбудзецца ў акрузе Фэрман. Як чакаецца, у ім могуць узяць удзел да 2 тыс. чалавек.

Алістэр Фінлі, канстэбль паліцыі Паўночнай Ірландыі, заявіў: «Мы гатовыя да ўсяго, з чым, магчыма, прыйдзецца сутыкнуцца. Але пакуль нашыя звесткі кажуць аб тым, што ўсе пройдзе спакойна».

Сірыйскі канфлікт

Як мяркуецца, сітуацыя ў Сірыі стане адным з асноўных пытанняў парадку дня.

У нядзелю прэм'ер Кэмэран правёў у Лондане сустрэчу з прэзідэнтам Расеі Пуціным, даўнім хаўруснікам прэзідэнта Сірыі Башарам Асадам. Падчас прэс-канферэнцыі, якая адбылася паводле вынікаў перамоваў расейскага і брытанскага лідараў, Пуцін і Кэмэран далі розныя ацэнкі таго, што адбываецца ў гэтай краіне.

У прыватнасці, брытанскі прэм'ер заявіў, што адказнасць за кровапраліцце ў Сірыі нясе прэзідэнт краіны Башар Асад. Раней ён згадваў, што пастанова аб магчымасці паставак зброі сірыйскай апазіцыі пакуль не прынятая.

Уладзімір Пуцін у адказ адзначыў, што ў сірыйскім канфлікце «кроў на руках з абодвух бакоў», і перасцярог Захад ад падтрымкі сірыйскіх паўстанцаў, «якія не толькі забіваюць сваіх ворагаў, але і распорваюць іх целы і з'ядаюць іхныя вантробы на вачах у публікі і пад камеры».

«Вы хочаце гэтым людзям пастаўляць зброю? Ну, тады гэта, відаць, наўрад ці мае нейкае дачыненне да гуманітарных каштоўнасцей, якія ўжо сотнямі гадоў падтрымліваюцца Еўропай. Ва ўсякім выпадку, у Расеі мы сабе такога ўявіць не можам», - заявіў расейскі прэзідэнт.

Масква, у сваю чаргу, са слоў Пуціна, пастаўляе зброю ўраду Башара Асада цалкам легальна.

Дэвід Кэмэран яшчэ раз удакладніў, што пазіцыі Масквы і Лондана ў некаторых момантах могуць быць розныя, аднак абедзве краіны згодныя, што ў Сірыі адбываецца гуманітарная катастрофа, і мэта ў Брытаніі і Расеі адна і тая ж - спыненне кровапраліцця.

«Мы абодва бачым, што там адбываецца гуманітарная катастрофа, мы бачым нестабільнасць і пагрозу экстрэмізму, і мы абодва хочам бачыць мірны працэс. Зараз нашая задача ў тым, каб сфармаваць у ходзе саміту G8 агульную пазіцыю, якая б дазволіла пераход да міру», - сказаў брытанскі прэм'ер.

Падчас саміту Вялікай васьмёркі і брытанскі прэм'ер, і расейскі прэзідэнт правядуць двухбаковыя сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Абамам, які заявіў, што гатовы ўзбройваць сірыйскіх паўстанцаў.

Фотa: news.am

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках