5 траўня 2024, Нядзеля, 22:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскую сям'ю з дзецьмі спрабуюць перасяліць на 2 м² жылля

142
Менскую сям'ю з дзецьмі спрабуюць перасяліць на 2 м² жылля

Улады прымушаюць сям'ю з двума дзецьмі пераехаць з кватэры ў старым доме на два квадратных метры ў новабудзе.

«Нам хочуць даць 2 метры жылой плошчы на чацвярых, і мы ўжо які год даказваем уладам, што так рабіць нельга. З намі згодныя аддзел міграцыі і пашпартны стол. Але канчатковае слова будзе за судом - паводле яго пастановы змогуць зрабіць і гэта», - распавяла карэспандэнту Interfax.by менчанка Вольга, маці дваіх дзяцей-дашкольнікаў, цяперашняе жыллё якой павінна пайсці пад знос.

Вышэйшая арыфметыка: 2 метры замест 80

Вользе належыць 1/25 частка ў маленькай двухпакаёвай кватэры старога дома на вуліцы Сярова ў Менску. Там жа жывуць яе бацькі, сястра з дзіцем, туды ж аўтаматычна былі зарэгістраваныя муж (не менчук) і двое тых, хто нарадзіўся ў шлюбе, дзяцей нашай гераіні.

Паводле закона, пры зносе ейнага цяперашняга жылля (а план новых пабудоў у раёне даўно складзены і зацверджаны Мінгарвыканкамам), Вользе належыць 15-20 кв м новага жылля на кожнага сямейніка, гэта значыць у яе выпадку - каля 80 метраў. Аднак ашчаслівіць гэтую сям'ю пакуль не спяшаюцца... Максімум, што гатовыя ім прапанаваць, - аналагічную плошчай кватэру ў новабудзе на вул. Нёманская. Але, як на 2 квадратных метрах (а менавіта столькі ва ўласнасці ў Вольгі) зможа размясціцца сям'я з чатырох чалавек, улады замоўчваюць...

Нежылы фонд або пад знос: у чым розніца?

Справа ў тым, што ўжо цягам двух гадоў маладая жанчына спрабуе давесці ўладам, што паводле закону яе жыллё нельга было прызнаваць нежылым, а трэба было афармляць «пад знос». Бо менавіта ад гэтай, здавалася б, нязначнай фармулёўкі, залежыць колькасць квадратных метраў, якія жыхарам павінны даць наўзамен.

«Мы стаім на тым, каб нашыя дома пайшлі «пад знос», бо іх напраўду зносяць для пабудовы новага жылля. І мы ў такім выпадку атрымаем раўналежнае колькасці сямейнікаў новае месца жыхарства, а не тыя 2 кв м, якія нам ужо паспрабавалі прапанаваць разам з адной кватэрай на тры сям'і, якія вымушаныя жыць цяпер на Сярова пад адным дахам», - тлумачыць Вольга. На яе думку, прымаць пастанову на карысць сям’і, што жыве ў нястачы, проста не выгадна адміністрацыі раёна.

«Мёртвыя душы» і няісныя подпісы

Трагікамічная сітуацыя яшчэ і ў тым, што з ЖРЭА ў адміністрацыю раёна былі пададзеныя заявы, напісаныя нібыта жыхарамі злапомнага дома на вуліцы Сярова, у якім яны аднагалосна выказваліся за перавод уласных квадратных метраў у нежылы фонд і хутчэйшы пераезд на аналагічную плошчай кватэру. Аднак Вольга сцвярджае, што нічога такога не падпісвалі і гатовы разбірацца з дакументамі, што нібы з паветра з’явіліся ў судзе.

«Адміністрацыя Кастрычніцкага раёна ўжо накіравала ў БРТІ ліст з просьбай спыніць права ўласнасці Вольгі, яе бацькоў і сястры на іх цяперашняе жыллё. З БРТІ прыйшоў адказ, які тлумачыць, што спыніць права ўласнасці можна толькі на заяву самога ўласніка, але не паводле пастановы Менгарвыканкама», - распавядае Вольга.

Гісторыя з пачаткам, але без канца

Цікава, што восенню 2011 года партал ужо распавядаў аб пераведзеных у нежылы фонд дамах на вуліцы Сярова ў Менску, жыхары якіх, у тым ліку і нашая гераіня Вольга, ніяк не маглі дачакацца ад уладаў новых кватэр. Прайшло амаль 2 гады. Нічога не змянілася...

Вольга абураная: яна ж справядліва чакала, што іх, як і іншых жыхароў злапомнага дома, збяруць разам і будуць вызначаць, афармляць іх жыллё пад знос альбо як нежылы фонд.

«Нас ніхто не збіраў, не выклікаў, не прыходзіў, не тэлефанаваў. З ліста я даведалася, што нам выдзеленая кватэра. І пасля гэтага кіраўнік адміністрацыі, на прыёме ў якога мы былі, нас пераконваў у тым, што нашая згода і не патрэбная», - разводзіць рукамі менчанка.

Закон на законе сядзіць і законам паганяе?

Яшчэ цікавы факт: у пастанове Менгарвыканкама №205 ад 27.01.2011 «Аб пераводзе жылога дома №40 на вул. Сярова ў нежылы», пазначана, што яна была прынятая на падставе Палажэння аб парадку абследавання стану жылых памяшканняў, прызнання іх неадпаведнымі санітарным і тэхнічным патрабаванням, што надаюцца жылым памяшканням, непрыдатным для пражывання, зацверджанай пастановай Савета Міністраў РБ ад 07.09.99 №1392 . Але ў гэтай пастанове напісана, што такія пастановы прымаюцца паводле закону Рэспублікі Беларусь і гэтай пастановай не рэгламентуюцца.

«Выходзіць, паводле закону не магла быць прынятая пастанова з такой фармулёўкай. А яна існуе», - паказвае на чарговыя неадпаведнасці ў паперах Вольга.

Яна спрабавала пісьмова абгрунтаваць сваю адмову ад перасялення, калі атрымала ліст ад адміністрацыі з прапановай пакінуць кватэру. Аднак, прыйшоўшы ў адміністрацыю раёна са сваёй сям'ёй, пачула пра тое, што нічога пісаць не трэба і ніякіх папер запаўняць, абгрунтоўваючы сваю адмову, таксама не трэба.

«У адміністрацыі сцвярджаюць, што нам паведамілі аб пераводзе дома ў нежылы фонд і мы далі на гэта згоду. Але нічога такоўскага не было! - Прыводзіць чарговыя аргументы субяседніца. - Калі такое было, то дзе пратакол сходу ўласнікаў, на якім прымалася пастанова? Ён адсутнічае ў прыродзе».

Цяпер Вольга прадаўжае пісаць скаргі і разбірацца з сітуацыяй, якая ўзнікла. Яна апелюе да парушэння п.п. 1.3 і 1.6 Указа Лукашэнкі ад 25.09.2009 г. №479 і падп. 4.1 і 4.3 п.4 «Інструкцыя аб парадку арганізацыі работы для паляпшэння жыллёвых умоў грамадзян, якія пражываюць у жылых дамах, прызнаных неадпаведнымі ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням і непрыдатнымі для пражывання», зацверджанай Пастановай Менгарвыканкама ад 02.10.2003 г. №1720 .

Адміністрацыя, ау!

«Калі наш дом у такім жудасным стане, хай ЖЭС зробіць у ім капрамонт - нарэшце, з году ў год мы плацім усе патрэбныя адлічэнні на яго. Калі ж у ім яшчэ можна жыць, але проста некаму вельмі хочацца хутчэй нас выселіць - афармляйце, як належыць паводле закона, жыллё «пад знос» і выдзяляйце нам 15-20 метраў на чалавека. На іншыя ўмовы мы не згодныя», - слушна разважае Вольга.

Нагадаем, высяленне людзей з кватэр, у тым ліку і масавае, не з’яўляецца ў Беларусі рэдкасцю.

Месяц таму гарадзенскія ўлады спрабавалі выселіць з кватэр больш за 20 сем'яў.

Напісаць каментар 142

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках