4 траўня 2024, Субота, 9:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрусь Такінданг: Нам ёсьць за што змагацца

10
Андрусь Такінданг: Нам ёсьць за што змагацца

Лідэр гурта «Рэха» лічыць, што беларусы павінны самі дыктаваць правілы гульні на сваёй зямлі.

Лідэр гурта «Рэха» Андрусь Такінданг у эксклюзіўным інтэрвію для charter97.org выказаў перакананасьць у тым, што сваё права размаўляць па-беларуску трэба адваёўваць. І калі на гэта хопіць мужнасьці, тады ўсё будзе добра.

- Пачытаў пад адным з тваіх інтэрвію камэнты, дзе было шмат грэблівасьці і нават нянавісці да мовы. Чаму, па-твойму, пытаньне беларускай мовы такое балючае для нашага грамадзтва?

- Я ў жыцьці з агрэсыўнымі выпадамі супраць беларускай мовы не сутыкаўся. Толькі ў камэнтарах у інтэрнэце. І мяне гэта зьдзівіла. Я мяркаваў, што той час мінуў, калі ламаліся дзіды наконт моўнага пытаньня. Калі лічылася, груба кажучы, што калі размаўляеш па-беларуску, значыць выступаеш за незалежнасьць, а як па-расейску дык за СССР. Цяпер жа ўсё ня так. І таму я не магу лягічна патлумачыць, з чаго зьяўляюцца такія спрэчкі цяпер.

- Ты бы хацеў, каб беларуская мова мела статус адзінай дзяржаўнай?

- На дадзены момант я б хацеў, каб законы адносна мовы больш пільна выконваліся. Каб наша мова вярнулася ў навучальныя ўстановы. Мой дзядуля выкладаў фізіку ў вясковай школцы і размаўляў на расейскай трасянцы, але сваю дысцыпліну вёў па-беларуску, бо так патрабавалася. Ціск закону павінен быць, няхай гэта і ня ўсім спадабаецца. Як з тытунём. Канечне, забарона на паленьне ў грамадзкіх месцах абмяжуе правы курцоў. Можа яна і гвалтоўная, але карысная для грамадзтва. Зараз няма моўнага раўнапраўя, якое дэкляруецца. У мае часы гісторыю Беларусі выкладалі па-беларуску, а цяпер па-расейску, скарачаюць праграму па беларускай літаратуры… І цяпер вырастае пакаленьне, якое зусім не валодае беларускай мовай. Ладжу часам сустрэчы ў школах, дык нават у беларускамоўных гімназіях пытаньні задаюць па-расейску.

- Сам па сабе беларускамоўны чалавек зьвяртае на сябе ўвагу. А беларускамоўны чалавек з чорнай скурай і пагатоў. Як ты пачуваешся ў ролі такога «беларускага дзіва»?

- Сапраўды, ёсьць такая бяда, што да носьбітаў беларускай мовы ставяцца, як да дзівакоў. Як да валасатых рамантычных рыцараў. Але мы самі павінны дыктаваць правілы гульні. Мы цьвёрда стаім на сваёй зямлі і ў нас ёсьць за што змагацца. Я пачуваю сябе зручна і камфортна, бо жыву тут, у сваім горадзе. Я не чужаніца, чужаніцамі могуць быць астатнія, якія не падзяляюць маю думку. І я гэтую сваю прастору для сябе адваёўваю, каб людзі не прымалі мяне за нешта незвычайнае. Думаю, цяпер шмат хто зьдзівіўся б, каб я стаў размаўляць па-расейску. Гэта было б ненатуральна, бо мяне ўжо так успрымаюць. Нават людзі, якіх я ня ведаю асабіста.

- Цябе пазнаюць на вуліцах?

Так, бывае. У аўтобусе маці сваёй дачцэ кажа, пабачыўшы мяне: «Глядзі, гэта Андрусь, ён па-беларуску размаўляе». Ці п’яныя падыходзяць, пабачыўшы «чалавека з тэлевізара», падзяліцца сваім хочуць. Жабракі па-беларуску просяць грошы.

- У цябе ёсьць адчуваньне, што ты абраў шлях найбольшага супраціўленьня?

Няма. Я ня мушу ахвяраваць сваім камфортам праз тое, што нехта кепска вучыў у школе беларускую мову. Калі ў кавярні не разумеюць слова «рахунак», я яго ізноў паўтару. Я патлумачу дадаткова, карона зь мяне не зваліцца. Так не адбылося б, калі б яшчэ ў дзіцячыя гады я палічыў сябе ахвярай з-за колеру скуры ці беларускай мовы. Тады б я і надалей заставаўся ахвярай, якую б усе пхалі. Калі б мяне аклікнулі: «Эй, негр, ідзі сюды», а я зьбег бы і не сьцвердзіў сябе і не зазірнуў у вочы. Калі ў цябе хапае мужнасці адваяваць сваю пазыцыю, то ўсё будзе добра. Такую навуку атрымаў яшчэ ў дварах ды падваротнях. Той, хто баяўся, той і атрымліваў, а хто адчуваў сябе ўпэўненым, таго не краналі.

- Ты знайшоў сябе ў жыцьці? Адчуваеш запатрабаванасьць тут?

- Самае асноўнае, што ў мяне ёсьць – гэта музыка. Яшчэ жывапіс. Знайсьці сябе проста, складаней зрабіць так, каб з гэтага жыць. Тут ёсьць цяжкасьці, але галоўнае ставіць мэту і выконваць яе. Раней я і падумаць ня мог, што мая музыка будзе прысутнічаць у жыцьці іншых людзей. А цяпер мы часта выступаем, граем на вясельлях, «карпаратах». Зусім не гідзімся граць на замову, бо такія канцэрты правяраюць музыкаў на жыцьцяздольнасьць. І на іх адразу бачна чаго вартая каманда.

- У цябе ёсьць песьня «Няма Беларусі». Які ўсё ж у яе быў закладзены першапачатковы пасыл?

Тут такая дваістасьць прысутнічае. Залежыць ад таго, як яна выконваецца. На канцэртах адбываецца такая пераклічка. Я сьпяваю: «Няма Беларусі», а людзі ў адказ ці насуперак пяюць: «Жыве Беларусь!». А пісалася яна больш рэалістычна-пэсымістычна, бо ў нас сапраўды ёсьць гарады, вёскі, мястэчкі, раёны, але пры гэтым часта людзі не ўсьведамляюць сябе беларусамі, адзінай нацыяй.

- Сам ты якога меркаваньня трымаешся на гэты конт?

- Мы летась езьдзілі па нашых вёсках і мястэчках. І я магу з аднолькавай упэўненасьцю сказаць пра тое, што з аднаго боку няма Беларусі і што Беларусь жыве. Часам мне дасылаюць лісты сьвятары зь вёсак, пішуць пра праблемы, пра п’янства ды самагубствы. Але пры гэтым адзначаюць, што ёсьць і думаючыя людзі, моладзь, якая жыве і спадзяецца на лепшае. Тут важна ўласнае стаўленьне.

- Што цябе найбольш раздражняе ў сучаснай Беларусі?

- Было б сьмешна, каб я сказаў, што мяне раздражняе рэчаіснасьць. У нас ёсьць хваробы, якія трэба лячыць. Мяне гэтыя хваробы засмучаюць, але не раздражняюць. Ясна, што беларусы трошкі пакалечаныя, кульгавыя, абкрадзеныя. Але і абкрадзенасьць мяне не раздражняе. Так было ўсё жыцьцё. Да мяне часта падыходзяць нейкія мужыкі, каб гарэлкі выпіць ды паспавядацца ці жабракі, якія просяць грошай, каб кудысьці даехаць. Я гэта прымаю, як належнае. Як маці прымае дзіця такім, якое яно ёсьць. Усе людзі – мае браты, суграмадзяне. Таму я гатовы суцяшаць і падбадзёрваць, уздымаць праз свае песьні настрой, дзяліцца тымі скарбамі, якія маю сам. Можа некаторыя і хацелі б выйсьці за кола «праца-гарэлка», але ня ведаюць як, не чыталі Караткевіча і ня ведаюць беларускай музыкі. Я разумею, што я мушу жыць зь імі побач ды імкнуцца несьці радасьць і пазытыў.

- А што табе дае спадзеў на лепшае?

- Калі чалавек малады, то ён спадзяецца найперш на сябе, на свой спрыт. Калі ёсьць рукі-ногі, дык чаму б не радавацца жыцьцю? Па-другое, я чалавек веруючы і маё апірышча ў Богу, гэта асноўная крыніца маёй радасьці. Зьнешнія абставіны могуць быць неспрыяльнымі, але калі ты маеш патрэбу ня толькі ў матэрыяльных, але ў духоўных рэчах, дык у цябе настрой будзе трошкі лепшым. Калі рабацягу можа выбіць з каляіны пазбаўленьне прэміі, то ў чалавека духоўнага ёсьць іншыя арыентыры, каб не лічыць сваё жыцьцё страчаным.

Размаўляў Сяргей Будкін, спэцыяльна для charter97.org

Фота: budzma.org

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках