4 траўня 2024, Субота, 22:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Маўклівы пратэст» у Стамбуле (Відэа)

8

Акцыя пратэсту турэцкага мастака Эрдэма Гюндуза трапіла ў найбуйнейшыя сусветныя СМІ.

На працягу васьмі гадзін ён стаяў на плошчы Таксім моўчкі, гледзячы на партрэт заснавальніка сучаснай свецкай Турцыі Мустафы Кемаля Атацюрка, перадае BBC.

Мастака Эрдэма Гюндуза назвалі «мужчына, які стаіць». Ягоны пэрформанс сабраў сотні чалавек, якія далучыліся да яго на пляцы Таксім і прастаялі там, пакуль паліцыя іх не разагнала.

Пазней Эрдэм Гюндуз сказаў у інтэрв'ю, што хацеў сімвалічна выказаць сваё стаўленне да таго, што адбываецца. Ён з'явіўся на плошчы Таксім пад 18:00 гадзін паводле мясцовага часу ў панядзелак і заставаўся там да дзвюх гадзін ночы, калі паліцыя пачала разганяць сабраных.

Дзесяць чалавек, якія адмовіліся сысці з пляцу, былі затрыманыя.

«Я нішто... Важная ідэя... Чаму людзі супраціўляяцца ўраду. Урад не хоча зразумець, не спрабуе зразумець, чаму людзі выйшлі на вуліцы. Гэта сапраўдны маўклівы супраціў. Спадзяюся, што людзі спыняцца і падумаюць: што адбылося», - сказаў ён.

«Маўклівы пратэст» у Стамбуле. Фота: cnn.com

Ягоны пратэст хутка стаў папулярным сярод пратэстоўцаў. Хэштэг «duranadam» («мужчына, які стаіць ») выйшаў у лідэры ў турэцкім сэгмэнце «Твітэру» ў аўторак раніцай.

Пратэст Гюндуза выяўна кантрастуе з жорсткімі сутыкненнямі апошніх тыдняў, у якіх блізу 5000 чалавек былі параненыя і найменей чацвёра загінулі.

Дэманстрацыі і мітынгі ў Стамбуле, Анкары ды іншых гарадах Турцыі выбухнулі пасля таго, як паліцыя 31 траўня жорстка разагнала дэманстрацыю абаронцаў парку Гезі, якія выступалі супраць планаў яго рэканструкцыі.

Яны хутка перараслі ў маніфэстацыі супраць кіроўнай партыі прэм'ер-міністра Эрдагана і «паўзучай ісламізацыі» краіны, якую яна праводзіць.

Нагадаем, у нашай краіне «маўклівым пратэстам» называлі сэрыю акцый, выкліканых незадаволенасцю часткі насельніцтва дзеяннямі ўладаў, што прычыніліся да фінансавага крызісу, дэвальвацыі беларускага рубля і рэзкага скоку коштаў. Яны былі арганізаваныя праз сацыяльныя сеткі «Вконтакте» і «Фэйсбук». Сутнасць акцый была ў тым, што іх удзельнікі рэгулярна збіраліся ў цэнтры беларускіх гарадоў, не скандуючы ніякіх лозунгаў, заклікаў ці патрабаванняў. Яны моўчкі шпацыравалі па вуліцах і пляскалі ў далоні. Першая такая акцыя прайшла ў Менску 8 чэрвеня 2011 года.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках