4 траўня 2024, Субота, 22:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінюст адмовіў у рэгістрацыі «Маладым дэмакратам»

3
Мінюст адмовіў у рэгістрацыі «Маладым дэмакратам»

Міністэрства юстыцыі адмовілася зарэгістраваць моладзевае грамадскае аб'яднанне «Маладыя дэмакраты».

У сваёй адмове чыноўнікі спасылаюцца на дрэннае, на іхнюю думку, пісьмо ў рукапісных спісах заснавальнікаў, а таксама азначаюць, што дакумэнт мусіў быць набраны адмысловым шрыфтам. Таксама Міністэрства юстыцыі абвінаваціла «Маладых дэмакратаў» у тым, што яны падалі «недакладныя і няпоўныя звесткі пра заснавальнікаў аб'яднання», паведамляе прэс-служба Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

«Усе выдатна разумеюць, што ў рэгістрацыі нам усё роўна адмовілі б з фармальных прычын. Фантазію ім надта ўжываць і не давялося. Мы будзем разглядаць пытанне аб магчымасці рэгістрацыі за мяжой ці ў Беларусі, але ў іншай форме. Усё вызначыць цэнтральная рада «Маладых дэмакратаў», - сказала лідэрка арганізацыі Аляксандра Васілевіч.

Міністэрства юстыцыі традыцыйна адмаўляе ў ў рэгістрацыі шмат якім грамадскім і палітычным арганізацыям. Праз гэта яны вымушаныя ажыццяўляць сваю дзейнасць нелегальна, а актывісты рызыкуюць быць прыцягнутымі да крымінальнай адказнасці паводле артыкулу 193 крымінальнага кодэксу.

Учора было прынятая пастанова не рэгістраваць рэспубліканскае даследча-асветніцкае грамадскае аб'яднанне «Гавары праўду». Чыноўнікі разважылі, што тэрмін дзеяння гарантыйнага ліста (а ён быў да 31 траўня) на юрыдычны адрас скончыўся. Раней Мінюст адмовіў у рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Са слоў чыноўнікаў, у дакумэнтах былі знойдзеныя неадпаведнасці і супярэчнасці беларускаму заканадаўству.

Вядомыя выпадкі, калі беларускі КДБ прапаноўваў «спрыянне» ў рэгістрацыі арганізацыі ў Міністэрстве юстыцыі ў абмен на згоду яе кіраўніцтва стаць інфарматарамі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках