3 траўня 2024, Пятніца, 2:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Януковіч заплаціў за дэмаркацыю мяжы $ 134 мільёны

39
Януковіч заплаціў за дэмаркацыю мяжы $ 134 мільёны

У Кіеве афіцыйныя дэлегацыі Беларусі і Украіны абмяняліся граматамі аб ратыфікацыі дамовы аб дзяржаўнай мяжы.

Візіт у Кіеў Лукашэнкі дазволіў скончыць здоўжаную на 16 гадоў эпапею з дамовай аб украінска-беларускай дзяржаўнай мяжы, піша выданне «Зеркало недели. Украина».

18 траўня ў Кіеве ў прысутнасці прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і Аляксандра Лукашэнкі быў падпісаны пратакол абмену лістамі аб ратыфікацыі дамовы паміж Украінай і Беларуссю аб дзяржаўнай мяжы ад 12 траўня 1997 года.

Як вядома, за тое, каб зарэгістраваць у адпаведнасці з міжнародным правам украінска-беларускую мяжу, Аляксандр Лукашэнка доўгія гады патрабаваў адчэпныя - 134 млн даляраў. Гэтыя мільёны нібыта вінныя Беларусі яшчэ з 1992 года ўкраінскія суб'екты гаспадарчай дзейнасці: беларусы палічылі, што пасля раскідання Савецкага Саюза іхныя прадпрыемствы пералічылі украінскім грошы, а аплачаную прадукцыю так і не атрымалі.

Прэтэнзіі да Украіны выглядаюць досыць спрэчнымі, піша выданне. У пачатку дзевяностых і ўкраінскія прадпрыемствы не атрымлівалі ад беларусаў аплаты за пастаўлены тавар. Тым не менш, Менск упарта дамагаўся, каб Кіеў прызнаў гэтую запазычанасць за дзяржаўную. А пасля 1997 пачаў стасаваць ратыфікацыю ўкраінска-беларускай дамовы аб дзяржаўнай мяжы з прызнаннем ўкраінскай стараной завінавачанасці.

Пераканаць беларускага правадыра было немагчыма. Украіна пагадзілася заплаціць дзеля таго, каб дамова аб мяжы ўвайшла ў дзеянне. У прыватнасці, правядзення дэмаркацыі мяжы патрабуе Еўрапейскі Звяз, з якім Украіна вядзе дыялог аб бязвізавым рэжыме.

Пытанне было толькі ў тым, у якой форме украінская старана пералічыць грошы Менску: Кіеў не хацеў ствараць прэцэдэнт, прызнаючы запазычанасць гаспадарчых суб'ектаў за дзяржаўную. Гэтым бы не прамінулі скарыстацца і іншыя краіны СНД.

Паводле інфармацыі ZN.UA, у дамоўленасцях Кіева і Менска прадугледжана некалькі кампэнсацыйных схем. Па-першае, плануецца чыннае супрацоўніцтва ў сфэры ВТС, што павялічвае рынак збыту ўкраінскай і беларускай спецыяльнай прадукцыі. Ад украінскіх дзяржпрадпрыемстваў чакаюць паставак камплектовых вырабаў, найперш для СПА. А вось ад «Укрспецэкспарта» - больш маштабных схем, якія выходзяць далёка за межы дзвюхстаронняга супрацоўніцтва.

Па-другое, па-ранейшаму плануюцца пастаўкі ў Беларусь электраэнэргіі са зніжкай, што робіць магчымым яе далейшы рээкспарт. Праблема перавытворчасці электраэнэргіі нават была закранутая на апошнім пасяджэнні ўкраінскага ўрада. Па-трэцяе, Кіеў прадугледжвае для Менска льготныя транспартныя тарыфы. Па-чацвёртае, чакаюцца пастаўкі ва Украіну беларускіх трактараў і камбайнаў.

Фота: EPA/UPG

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках