4 траўня 2024, Субота, 12:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канадскі прэм'ер «выгнаў» Расею з «Вялікай васьмёркі»

128
Канадскі прэм'ер «выгнаў» Расею з «Вялікай васьмёркі»

Стывен Харпер раскрытыкаваў пазіцыю Уладзіміра Пуціна аб Сірыі.

Расея можа «выпасці» з нефармальнай групы васьмі вядучых сусветных дзяржаў праз непераадольныя рознагалоссі ў пытанні ўрэгулявання канфлікту. Лідары «сямёркі» (ЗША, Канада, Вялікабрытанія, Францыя, Нямеччына, Італія і Японія) гатовыя прыняць камюніке аб Сірыі без подпісу Ўладзіміра Пуціна, піша NEWSru.com.

У гэтым выпадку пацвердзіцца рэзкі вердыкт, дадзены напярэдадні форуму канадскім прэм'ерам Стывенам Харперам.

«Скажам проста: гэта «вялікая сямёрка» плюс адзін. Не думаю, што мы павінны падманваць сябе», - заявіў ён.

Няма ніякіх прычын спадзявацца, што лідары «Вялікай васьмёркі» здольныя пераканаць Пуціна ў патрэбе адхілення ад улады сірыйскага дыктатара, заявіў Харпер. Ён асудзіў прэзідэнта Расеі за падтрымку рэжыму Башара Асада, піша Toronto Star. Такіх жорсткіх фармулёвак прэм'ер Канады, магчыма, ніколі раней не дазваляў сабе на міжнародных мерапрыемствах, адзначае газета.

На думку рэдакцыі іншага канадскага выдання, The Globe and Mail, словы Харпера абсалютна дакладна перадалі агульнае расчараванне Захаду «відавочнай абыякавасцю Ўладзіміра Пуціна да пабоішча, што адбываецца ў Сірыі», піша Inopressa.

«Пуцін сапраўды падтрымлівае Асада, зыходзячы з цынічных і своекарыслівых меркаванняў». Ён выступае супраць узбраення паўстанцаў не таму, што асцерагаецца, што зброя трапіць да ісламістаў, а толькі дзеля таго, каб яго ізаляваны сябра Асад яшчэ пратрымаўся ва ўладзе», - мяркуюць аўтары артыкула.

Назваўшы саміт «G7 плюс 1», Стывен Харпер махнуў рукой на Расею, піша The Washington Times. Той факт, што Расея падтрымлівае Асада, практычна гарантуе: краіны G8 не прымуць аднадушнай пастановы аб дапамозе сірыйскім паўстанцам.

«Як мінімум адзін з удзельнікаў саміту - прэм'ер-міністр Канады - заявіў, што Расеі нават не варта сядзець за сталом перамоваў з іншымі сусветнымі лідарамі», - пішуць аўтары артыкула.

Першы дзень форума прайшоў пад знакам супрацьстаяння Пуціна і яго калег. Расейскі лідар пакінуў мала надзей на дасягненне кансенсусу, паведамляе Le Figaro. І нагадвае словы французскага прэзідэнта Франсуа Аланда, які выказваў надзею, што ў лепшым выпадку сустрэча лідараў «васьмёркі» стане адным з этапаў росту свядомасці расейскага боку.

«Для стварэння бачнасці кансенсусу саміт скончыцца тым, што ўсе ўдзельнікі выкажуцца ў падтрымку мірнай канферэнцыі аб Сірыі, якая павінна адбыцца ў ліпені», - мяркуе аўтар артыкула ў французскім выданні. У такой абстаноўцы пытанне аб пастаўках зброі адыходзіць на другі план, а Пуціну, нягледзячы на ізаляцыю, атрымаецца ўмацаваць пазіцыі перад тварам адзінага фронту сваіх калегаў, заключае карэспандэнт.

У гэтай канферэнцыі, ініцыяванай Расеяй і ЗША, павінны ўзяць удзел і паўстанцы, і прадстаўнікі ўрада Асада.

Саміт «Вялікай васьмёркі» пачаўся ў панядзелак на курорце Лох-Эрн у Паўночнай Ірландыі. Сустрэча будзе доўжыцца два дні, на працягу якіх лідэры дзяржаў абмяркоўваюць шырокі спектр пытанняў міжнароднай бяспекі і эканомікі. Як і меркавалася, адной з галоўных тэм сустрэчы стаў канфлікт у Сірыі.

Фота: Reuters

Напісаць каментар 128

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках