19 траўня 2024, Нядзеля, 3:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзесяць гадоў без Васіля Быкава

14
Дзесяць гадоў без Васіля Быкава

Народны пісьменнік Беларусі памёр 22 чэрвеня 2003 праз тры дні пасля таго, як яму споўнілася 79 гадоў.

Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыўшы восем класаў вясковай школы, год адвучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскай мастацкай вучэльні, якую вымушаны быў пакінуць праз скасаванне стыпендый. У чэрвені 1941 экстэрнам здаў экзамены за 10 клас сярэдняй школы, пішуць «Беларускія навіны».

Вайна заспела Быкава на Украіне, дзе ён удзельнічаў у абарончых работах. Падчас адступлення, у Белгарадзе, адстаў ад сваёй калоны і быў арыштаваны і ледзь не расстраляны як нямецкі шпіён. Ваяваў у складзе армейскага інжынернага батальёна. Узімку 1941-1942 гадоў жыў на станцыі Салтыкоўка і ў горадзе Аткарску Саратаўскай вобласці, вучыўся ў чыгуначнай школе.

У войска быў прызваны ўлетку 1942-га, скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча. Восенню 1943 года нададзены ранг малодшага лейтэнанта. Удзельнічаў у баях за Крывы Рог, Александрыю, Знаменку. Падчас Кіраваградскай аперацыі паранены ў нагу і жывот (праз памылку запісалі што загінуў); падзеі пасля ранення паслужылі асновай аповесці “Мёртвым не баліць”.

Пасля дэмабілізацыі з 1947 года жыў у Гародні. Тады ж пачаў друкавацца. З 1955 да 1972 працаваў у газеце “Гарадзенская праўда”. З 1959 года - сябра Саюза пісьменнікаў СССР. У 1972-1978 гадах - сакратар Гарадзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.

У 1978 пераехаў у Менск. У перыяд з 1978 па 1989 гады абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

У 1988 годзе стаў адным з заснавальнікаў БНФ. У 1989 годзе быў абраны дэпутатам з'езда народных дэпутатаў СССР, прэзідэнтам беларускага ПЭН-цэнтра. У 1990-1993 гадах - прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Вядомасць Васілю Быкаву прынесла аповесць "Трэцяя ракета" (1962). У 60-я гады таксама былі апублікаваныя яго аповесці, што сталі сусветна вядомымі “Альпійская балада”, “Мёртвым не баліць”, у 70-я – “Сотнікаў”, “Абеліск”, “Дажыць да світання”, “Пайсці і не вярнуцца”. Большасць сваіх твораў Быкаў пісаў па-беларуску, многія з іх сам перакладаў на расейскую. Яго літаратурныя працы перакладзены на шматлікія мовы.

Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі Быкаў неаднаразова заўзята крытыкаваў яго палітыку, пасля чаго творы пісьменніка перасталі выдаваць на радзіме.

З канца 1997 Быкаў жыў за мяжой. Спачатку па запрашэнні ПЭН-цэнтра Фінляндыі ён пражываў у ваколіцах Хельсінкі, затым, атрымаўшы запрашэнне ПЭН-цэнтра ФРГ, пераехаў у Нямеччыну, пазней - у Чэхію. У Беларусь пісьменнік вярнуўся за месяц да смерці, перажыўшы дзве анкалагічныя аперацыі ў Празе.

Лукашэнка выказаў афіцыйнае спачуванне з нагоды смерці Васіля Быкава, для пахавання пісьменніка была створана дзяржаўная камісія. Аднак у яе склад не ўключылі яго самых блізкіх сяброў, пісьменнікаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна. Акрамя таго, насуперак волі сям'і Быкава, улады планавалі правесці вайсковы рытуал пахавання з аховай салдат, аркестрам і салютам, пры гэтым забараніўшы працэсію па вуліцах Мінска. Аднак у выніку па патрабаванні родных Быкава жалобную цырымонію 25 чэрвеня правялі Саюз пісьменнікаў, Партыя БНФ і некаторыя іншыя апазіцыйныя арганізацыі.

Развітацца з народным пісьменнікам прыйшло блізу 40 тысяч чалавек. Жалобная калона рухалася па праспекце Незалежнасці ад Дома літаратара, дзе адбылося адпяванне, да Усходніх (Маскоўскіх) могілак, дзе пахавалі пісьменніка.

Пасля смерці Васіля Быкава прадстаўнікі грамадскасці неаднаразова выступалі з ініцыятывай назваць яго імем вуліцы ў Гародні і Менску - гарадах, дзе ён жыў. Улады гэтыя ініцыятывы не падтрымалі.

19 чэрвеня гэтага года, у дзень нараджэння Васіля Быкава і напярэдадні 10 угодкаў яго смерці, прыхільнікі творчасці пісьменніка, яго сябры і знаёмыя прынеслі кветкі на яго магілу.

“Сказаць, што Васіль Быкаў - гэта вялікі чалавек з вялікай літары, занадта проста, - заявіла сакратарка Саюза беларускіх пісьменнікаў паэтэса Вікторыя Трэнас. - Хочацца знайсці нешта больш глыбокае, вялікія словы падзякі. Таму што нам сапраўды сёння не хапае людзей, якія маглі б быць паўнавартаснымі прадстаўнікамі нашай нацыі, павесці яе за сабой”.

“Я, здавалася б, добра ведаў Быкава як чалавека, як пісьменніка, - падзяліўся блізкі сябар пісьменніка, вядомы паэт Генадзь Бураўкін. - Але за гэтыя гады ён ад мяне не аддаляецца, а набліжаецца і адкрываецца ўсё больш і больш як унікальна мудры, унікальна мужны і ўнікальна чалавечны чалавек. Шмат сказана, шмат напісана пра Васіля, але думаю яшчэ да гэтага часу шмат не толькі не сказанага, але і не разгадана. Гэта адбудзецца - Беларусь прачнецца, калі яна хоча застацца Беларуссю”.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках