Улады плануюць вызваліць Змітра Дашкевіча?
19- 26.06.2013, 9:17
- 6,367
Жонка палітвязня лічыць, што ўлады рыхтуюцца ўстанавіць прафілактычны нагляд за ім.
Сёння супрацоўнікі Першамайскага РУУС тэлефанавалі Анастасіі Дашкевіч і яе бацьку і пыталіся, ці не супраць яны, каб Зміцер Дашкевіч жыў у іх. Пра гэта жонка лідара «Маладога фронту» напісала ў сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».
«Тэлефанавалі з Першамайскага РУУС і пыталіся ў таты, а потым і ў мяне, ці не супраць мы, каб Зміцер Дашкевіч жыў у нас. Фантастыка! І так, вядома ж, папрасілі яго па вяртанні схадзіць у РУУС», - напісала яна.
Па гэтых званках зразумела, што турма рыхтуе дакументы для ўстанаўлення нагляду за палітвязням. На які тэрмін ён будзе ўстаноўлены, невядома.
«Сутнасць адсутнасці рэабілітацыі ў тым, што калі Зміцер Дашкевіч, які з 19 снежня 2010 знаходзіцца ў турме, і выйдзе па сваім званку, на што я вельмі спадзяюся, то будзе мець нагляд, знаходзіцца ў іх пад кантролем і каўпаком», - піша яна. Гэта значыць, што палітвязню будзе забаронены выезд за межы краіны. Пакідаць Менск без узгаднення з органамі нагляду ён таксама не зможа.
Нагадаем, 24 сакавіка 2011 года Зміцер Дашкевіч быў асуджаны на два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Ён быў затрыманы 18 снежня 2010 года ў Менску, за суткі да прэзідэнцкіх выбараў. У двары жылога дома па вуліцы Янкі Брыля ён разам з Эдуардам Лобавым нібыта збілі грамадзян Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Затрыманне Дашкевіча і Лобава было прэвентыўнай мерай міліцыі напярэдадні выбараў прэзідэнта, якія прайшлі на наступны дзень. 28 жніўня 2012 года ў глыбоцкай калоніі Дашкевіч атрымаў дадатковы год пазбаўлення волі за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі».