2 траўня 2024, Чацвер, 21:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джозэф Гафл: Галоўны скарб Беларусі - яе жыхары

14

Вядомы аўстрыйскі журналіст раіць беларусам ганарыцца асаблівасцямі сваёй культуры.

Чым мы падобныя да еўрапейцаў і што трэба зрабіць для таго, каб турысты з ЕЗ сталі больш ахвотна наведваць нашу краіну? Пра гэта журналіст і эксперт па сацыяльных медыя Джозэф Гафл распавёў zautra.by.

Ён у сёмы раз прыязджае ў Беларусь. Па словах журналіста, з кожным разам ён адкрывае нешта новае пра нашу краіну, але, як і многія замежнікі, упэўнена заяўляе: галоўны скарб Беларусі - гэта яе жыхары: таленавітыя, добразычлівыя і разумныя.

«Па ўсіх асаблівасцях беларусы - такія ж, як і жыхары Еўразвяза. Вы не павінны даваць сябе зневажаць, трэба пастаянна паказваць свету, што вы - разумны і здольны народ», - лічыць аўстрыйскі журналіст.

Удзельнікам сустрэчы - у асноўным гэта былі беларускія студэнты - ён прапанаваў вызначыць, чым беларусы падобныя да еўрапейцаў, а чым адрозніваюцца. Высветлілася, што меркаванні эксперта і аўдыторыі шмат у чым супадаюць.

Больш за ўсё галасоў сярод фактараў падабенства набралі пазіцыі «Любоў да прыроды» і «Крызіс сямейных адносінаў». Спрэчкі ўзніклі вакол таго, ці можна беларусаў лічыць талерантнымі людзьмі. З аднаго боку, у нашай краіне вельмі мала міжэтнічных канфліктаў, беларусы памяркоўна ставяцца да іншых культур. Разам з тым, адрознае меркаванне вельмі крытычна ўспрымаецца ў грамадстве, кансерватары даволі часта асуджаюць людзей, якія думаюць інакш.

Сярод адрозненняў больш за ўсё галасоў сабралі пазіцыі «У ЕЗ больш высокі ўзровень жыцця», а таксама тое, што «еўрапейцы больш уплываюць на сваё жыццё, чым беларусы».

Што тычыцца адрозненняў у культуры, то Джозэф Гафл назваў гэта фактарамі, якімі беларусам варта ганарыцца:

«Турыст, які прыязджае ў новую краіну, хоча закахацца ў яе, яму патрэбныя гэтыя адрозненні, сюрпрызы. Людзі праязджаюць тысячы кіламетраў не для таго, каб убачыць тую самую карціну, што ў сябе на радзіме».

Вену і Менск падзяляюць 1200 км. Па словах аўстрыйскага журналіста, гэта не вельмі вялікая адлегласць для еўрапейскага турыста.

«Мы пераадольваем значна большыя адлегласці, каб адправіцца на адпачынак. Аднак адлегласць ментальная і эмацыйная паміж Беларуссю і Еўразвязам па-ранейшаму велізарная. Беларусь цікавая еўрапейцам, але вось гэтыя віртуальныя адлегласці трэба адмяняць», - лічыць Джозэф Гафл.

Сярод праблем, з якімі сутыкаюцца замежныя турысты, госць з Аўстрыі назваў візавы рэжым і наяўнасць мяжы паміж нашай краінай і ЕЗ.

«Я быў вельмі ўражаны, калі трапіў упершыню ў Беларусь. Першае, што ў мяне спыталі, - дзе ваш пашпарт. Мяжа ў Брэсце нагадала мне далёкія гады Чэхаславакіі, калі таксама трэба было прайсці кардон, каб патрапіць да суседзяў», - адзначае Джозэф Гафл.

Ён таксама ўзгадвае выпадак, калі запрасіў беларускіх музыкаў да сябе на радзіму, а яны проста разгубіліся, шукаючы, дзе знаходзіцца мяжа з Аўстрыяй.

«Яны праехалі Польшчу, Германію, пад'ехалі да Аўстрыі і, не ўбачыўшы памежперахода, вярнуліся да пачатку аўтабана. Немцы ім там патлумачылі, што ніякай мяжы даўно няма, можна свабодна праязджаць. Гэты выпадак сведчыць пра тое, што межы знаходзяцца ў галовах людзей. Сучасны чалавек ніколі б не прыдумляў мяжу», - лічыць журналіст.

Джозэф шмат фатаграфуе, падарожнічаючы па свеце. Яго фатаграфіі аб Беларусі былі прадстаўленыя ў Вене і мелі вялікі поспех у тамтэйшых гледачоў.

«Беларусам трэба часцей фатаграфаваць сваю краіну. І прэзентаваць яе свету праз інтэрнэт. Важна паказаць, якой вы бачыце сваю Радзіму», - кажа ён. Дарэчы, неўзабаве фотавыстава Джозэфа Гафла пра тое, якой ён убачыў нашу краіну, можа быць прадстаўленая і ў Менску.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках