29 красавiка 2024, панядзелак, 9:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Ліды пра расейскую авіябазу: Не патрэбныя нам іх самалёты

108
Жыхары Ліды пра расейскую авіябазу: Не патрэбныя нам іх самалёты

Лідчане распавялі пра сваё стаўленне да з'яўлення ў горадзе расейскай ваеннай базы.

««Ваенная база ў Лідзе нам, беларусам, зусім не патрэбная, - упэўнена заявіў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» журналіст і былы вайсковец Станіслаў Суднік. - Любая база любой замежнай дзяржавы - гэта ўшчамленне суверэнітэту. Гэта мы ўжо праходзілі. Зразумела, чым сканчаецца размяшчэнне гэтых баз».

Што тычыцца стратэгічнай мэтазгоднасці мець такую базу ў Лідзе, то, на думку Судніка, яна будзе абсалютна бескарысная. Мэты яе з'яўлення цалкам палітычныя, і выкарыстоўвацца яна будзе «для гандлю паміж Пуціным і Абамам».

«Падлётны час» да мяжы Літвы, да якой 40 кіламетраў, складае тры хвіліны, - тлумачыць Суднік. - У выпадку чаго гэтыя лётчыкі не паспеюць сесці ў самалёты. Беспілотнікі або крылатыя ракеты будуць ужо тут. Гэта ўсё праходзілі яшчэ ў 1941 годзе».

Станіслаў Суднік згадаў, што ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны мясцовая дывізія, якая размяшчалася ў Лідзе, паваявала ўсяго адзін дзень, 22 чэрвеня.

Суднік лічыць, што паколькі праект палітычны, то і вялікай масы самалётаў тут, хутчэй за ўсё, не будзе.

«Пасадзяць полк. Але іншая справа, калі яны захочуць зрабіць гэты аэрадром ударнай базай для нанясення удараў па Еўропе. Тады, вядома, тут павінны быць не СУ-27».

Усе жыхары Ліды, да якіх звярталіся журналісты, ужо ведалі, што ў горадзе будзе ваенна-паветраная база. Большасць з іх выказваюцца супраць гэтай ідэі. Вядома, ёсць і іншыя меркаванні: кажуць, што ў горада з'явіцца больш грошай, а мясцовыя дзяўчаты знойдуць сабе добрых мужоў сярод расейскіх афіцэраў.

Вось як адказваюць лідчане на пытанне, як ставіцеся да таго, што ў Лідзе будзе расейская ваенная база.

Лідчанка Жанна: «Стаўлюся адмоўна, таму што гэта забруджвае паветра, навакольнае асяроддзе, нічога добрага не прынясе. Можна зрабіць не ў Лідзе. Увогуле, вайна - гэта вельмі дрэнна. А нашы дзяўчаты могуць сабе і беларускіх хлопцаў знайсці».

Малады лідчанін: «Я не супраць. Гэта пазітыўнае супрацоўніцтва паміж краінамі. Беларусь можа і сама сябе абараніць, але ў плане саюза гэта толькі плюс».

Лідчанін: «Я ніяк не стаўлюся, але гэта непажадана. Навошта нам тут войскі. Не трэба нам іх самалётаў. І так шуму шмат. Беларускія лётаюць. Сваіх сілаў дастаткова, каб абараніцца».

Нагадаем, 26 чэрвеня галоўнакамандуючы ВПС РФ генерал-лейтэнант Віктар Бондараў паведаміў, што расейская авіябаза ў Беларусі будзе дыслакавацца ў Лідзе. Яна пачне функцыянаваць ужо ў гэтым годзе. Базу ўкамплектуюць расейскімі знішчальнікамі Су-27СМ3. Упершыню пытанне аб яе размяшчэнні ў нашай краіне было ўзнята ў красавіку 2013 года. Падчас візіту ў Менск пра гэта заявіў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. Ён сказаў, што першае звяно знішчальнікаў прыбудзе ў Беларусь ужо ў гэтым годзе. Паведамлялася таксама, што Масква плануе паставіць Менску ў 2013 годзе яшчэ 4 дывізіёна зенітна-ракетных сістэм С-300.

Напісаць каментар 108

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках