30 красавiка 2024, aўторак, 2:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Загадкавая будоўля ў цэнтры Менска

27

У цэнтры Менска без дазволу пачалося будаўніцтва 6-павярховага будынка.

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў публічным лісце просіць Генеральную пракуратуру разабрацца ў тым, што адбываецца на будаўнічай пляцоўцы ў Менску на адрасе вул.Ракаўская, 16Б і ў выніку праверкі прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасці, піша onliner.by.

Узвядзенне прыбудовы да будынка, у якім размяшчаецца пасольства Італіі, пачалося ў мінулым годзе. Першапачаткова планавалася пабудаваць 6-павярховы будынак, былі падпісаныя ўсе патрэбныя дакумэнты. Варта адзначыць, што гэтая пляцоўка знаходзіцца ў гістарычным цэнтры места, дзе выстаўляюцца асаблівыя патрабаванні да знадворнага выгляду будынкаў і іх паверхавасці.

«Будаўніцтва, пра якое мы гаворым, не адпавядае рэгламентам дэталёвага плана забудовы гістарычнага цэнтра горада, - распавядае старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. - Абмежаванне паверхавасці ў такіх месцах - нармальная практыка. Найперш гэта робіцца для таго, каб інтэрвенцыя новых будынкаў не разбурала архітэктурны комплекс гістарычнай забудовы».

17 траўня гэтага года, пасля працяглай «вайны», якую вялі з забудоўнікам ЗАТ «Будэнерга» абаронцы помнікаў гісторыі, Генеральная пракуратура паведаміла, што дазвол на будаўніча-мантажныя работы адкліканы, а экспертныя высновы Мінкульта аб аб'екце ануляваныя. У выніку пасля паўторных высноў Міністэрства культуры вышыня прыбудовы была абмежаваная 3 паверхамі.

Нягледзячы на гэта, будаўніцтва доўжыцца, і вышыня прыбудовы ўжо дасягнула 6 паверхаў.

Звяртаючыся ў публічным лісце да генеральнага пракурора Беларусі, Антон Астаповіч просіць растлумачыць, чаму, насуперак забаронам, у некалькіх хвілінах хады ад будынкаў Генеральнай пракуратуры адбываецца непрыхаванае ігнараванне заканадаўства і прадпісанняў органаў дзяржаўнага кіравання?

«Спадзяюся, што адказам на гэтыя пытанні будзе аб'ектыўная праверка, падчас правядзення якой будуць прыпыненыя будаўніча-мантажныя работы на аб'екце і ў выніку якой будзе прынятая пастанова аб прыцягненні да адказнасці вінаватых у незаконным будаўніцтве паводле арт.383 (Самаўпраўства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і, самае галоўнае, будзе прынятая пастанова аб дэмантажы паверхаў аб'екта, каб дастасаваць яго вышыню да ўзгодненай праектнай дакументацыі - а гэта тры паверхі», - піша Антон Астаповіч.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках