29 красавiка 2024, панядзелак, 23:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мэр Анталіі адмовіўся даць ваду паліцыі для разгону дэманстрантаў

24
Мэр Анталіі адмовіўся даць ваду паліцыі для разгону дэманстрантаў

Мэр турэцкага горада Анталія адмовіўся даць паліцыі ваду для водных гармат, якія ўжываюцца для разгону дэманстрантаў.

Пра гэта ў аўторак, 4 чэрвеня, паведамляе Lenta.ru.

У паведамленні адзначаецца, што мэр Анталіі знаходзіцца ў апазіцыйнай Рэспубліканскай народнай партыі. Атрымаўшы ад яго адмову на просьбу даць ваду з пажарных цыстэрнаў, паліцыя звярнулася да раённых улад. Прэфэкт, што падтрымлівае кіроўную Партыю справядлівасці і развіцця, даў паліцыянтам доступ да цыстэрнаў, у якіх змяшчаліся запасы вады для паліву садоў і сквераў.

У сваю чаргу губернатар рэгіёну, які падтрымлівае кіроўную партыю, неўзабаве пасля інцыдэнту абавязаў кіраўнікоў усіх гарадоў і муніцыпалітэтаў даваць паліцыі доступ да запасаў вады на першым запатрабаванне.

Акцыі пратэсту прайшлі ў шмат якіх буйных местах Турцыі: Стамбуле, Анкары, Ізміры, Адане, Самсуне, Газіянтэпе. У сталіцы Турцыі дэманстранты паспрабавалі ўзяць у кола будынак урада, у Стамбуле заатакавалі кантору Партыі справядлівасці і развіцця, а ў горадзе Эдырне мітынгоўцы здолелі захапіць мясцовае аддзяленне кіроўнай партыі. Пратэсты супраць дзейнага ўрада аб'ядналі такіх розных людзей: напрыклад, на плошчы Таксім сабраліся і левыя, і ультралевыя, і студэнты, прафзвязавыя актывісты, і нацыяналісты, кемалісты (паслядоўнікі заснавальніка сучаснай Турцыі Кемаля Атацюрка), курды і нават футбольныя фанаты.

Нагадаем, што 31 траўня паліцыя Стамбула перайшла да рашучых дзеянняў: мірную дэманстрацыю, што праходзіць на плошчы Таксім чацвёрты дзень запар, пастанавілі разагнаць воднымі гарматамі і слезацечным газам. Паліцыя залішне жорстка пачала ўжываць сілу, таму сядзячы страйк перарос у супрацьстаянне людзей і ўрада. Пляц, за які люта змагаліся дэманстранты, у выніку быў імі заняты, а паліцыя вымушаная была адступіць. На вуліцах з'явіліся барыкады, шматлікія сутыкненні з паліцыяй сталі прычынай вялікай колькасці параненых і з таго, і з іншага боку, а колькасць арыштаваных ва ўсёй краіне наблізілася да дзвюх тысяч.

Патрабаванні маніфестантаў з кожным днём супрацьстаяння становяцца ўсё больш жорсткімі. Калі да 31 траўня людзі толькі хацелі захаваць парк Гезі, званы «лёгкімі» Стамбула, то пасля чынных дзеянняў паліцыі пратэстоўцы сталі патрабаваць адстаўкі ўрада. Кіраванне Эрдагана, якое доўжыцца ўжо 10 гадоў, шмат каго не задавальняе дзеля ісламісцкай накіраванасці. Турцыя з'яўляецца свецкай краінай, таму лозунгі збольшага былі звязаныя з абвінавачваннем Эрдагана ў гвалтоўнай ісламізацыі грамадства.

Дэманстранты ўскладаюць вялікія спадзяванні на развіццё пратэстаў у Стамбуле ды іншых гарадах краіны. Яны надаюць падзеям у Турцыі гістарычнае значэнне. Газеты ўжо пішуць пра «турэцкую вясну» паводле аналогіі з падзеямі ў Тунісе, Лібіі ды Егіпце, а апазіцыянеры ўважаюць плошчу Таксім за сімвал рэвалюцыі і свой Тахрыр. Але калі ў арабскіх краінах у выніку пратэстаў аўтарытарныя рэжымы змянілі ісламісты, то маладое пакаленне туркаў пачуваецца болей еўрапейцамі, чымся азіятамі, адчувае сябе ў большай ступені Захадам, чым Усходам.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках