13 траўня 2024, панядзелак, 11:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: У складанай сітуацыі апазіцыя можа аб'яднацца

40
Андрэй Саннікаў: У складанай сітуацыі апазіцыя можа аб'яднацца

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» распавёў, якая стратэгія ЕЗ у дачыненні да Лукашэнкі магла быць самай эфектыўнай.

На думку кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава, у Еўразвяза ёсць усе рычагі для ціску на рэжым Лукашэнкі. У інтэрв'ю Deutsche Welle палітык патлумачыў, чаму кіраўніцтва Беларусі не варта запрашаць на лістападаўскі саміт «Усходняга партнёрства» ў Вільню.

- На мінулым тыдні ЗША і ЕЗ знялі санкцыі з некалькіх беларускіх прадпрыемстваў, якія былі ўведзеныя пасля выбараў у снежні 2010 года. Як вы ацэньваеце гэты крок?

- Варта адзначыць, што санкцыі ЗША былі ўведзеныя не з-за парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, а ў сувязі з пытаннямі нацыянальнай бяспекі. Але ўсё-такі наўрад ці гэта звычайнае супадзенне, калі адначасова адмяняюць санкцыі Брусель і Вашынгтон. Думаю, што ідзе гандаль па пытанні вызвалення палітвязняў, і Захад такім спосабам падае сігналы аб магчымым вяртанні да дыялогу.

Я скептычна стаўлюся да скарачэння «чорнага спісу» беларускіх прадпрыемстваў, у дачыненні да якіх уведзеныя санкцыі. Справа ў тым, што, як толькі пачынаецца гандаль, Менск патрабуе яшчэ большых паслабленняў, а лёс палітвязняў аказваецца пад яшчэ большай пагрозай.

- У апошні час у спісе патрабаванняў ЕЗ, выкананнем якіх абумоўленае аднаўленне дыялогу з Беларуссю, па сутнасці, застаўся адзін пункт - вызваленне Менскам палітвязняў. Як вы да гэтага ставіцеся?

- Гэта вынік адсутнасці выразнай палітыкі ЕЗ. Яна магла быць выпрацаваная яшчэ ў 2011 годзе, калі Брусель паставіў пад сур'ёзны сумнеў вынікі прэзідэнцкіх выбараў, а міністры замежных спраў Швецыі, Польшчы, Германіі і Чэхіі заявілі пра тое, што Аляксандр Лукашэнка прайграў тыя выбары. Тады ЕЗ мог бы заявіць пра поўную нелегітымнасць кіруючага рэжыму і істотна дапамагчы беларускай грамадзянскай супольнасці і апазіцыі. Але цяпер, падобна, вяртаюцца тыя часы, калі лабісты дыктатара спрабуюць даказаць, што яго можна перавыхаваць.

- Восенню Еўрапарламент плануе прапанаваць агульную стратэгію па Беларусі, за адсутнасць якой ЕЗ даўно крытыкуе беларуская апазіцыя. Якія падыходы маглі б зрабіць такую стратэгію больш эфектыўнай, і якія мэты яна павінна пераследваць?

- Калі Еўропа прызнае, што ў Беларусі дыктатура, ці можа яна сабе дазволіць мець на ўсходняй мяжы такую непрадказальную краіну? Калі не можа, а я менавіта так лічу, то трэба вызначыцца, што рабіць, каб сітуацыя змянілася.

Лінія паводзінаў ЕЗ павінна быць выпрацаваная на працяглы час, то бок, гэта павінна быць стратэгія адносін з Беларуссю, мэта якой - змена дыктатарскага рэжыму. Каб не было як цяпер палітыкі рэагавання - калі Менск узмацняе рэпрэсіі, у ЕЗ уводзяць візавыя санкцыі для чыноўнікаў. А калі лабісты Лукашэнкі кажуць пра паляпшэнне сітуацыі, у ЕЗ заяўляюць пра магчымасць дыялогу. Такія шараханні толькі на руку дыктатару.

Трэба ўспомніць паслядоўную палітыку ЗША і Еўропы ў канцы 80-х гадоў, якая прывяла да вызвалення Усходняй Еўропы. Для гэтага ў ЕЗ і сёння ёсць усе інструменты і рычагі, а Беларусь мае патрэбу ў такой палітыцы. Таму што сітуацыя ў краіне не паляпшаецца, рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў НДА, журналістаў і палітычнай апазіцыі не спыняюцца. А Еўропу пераконваюць, што ў гэтым няма нічога страшнага, таму што выгадна мець адносіны з дыктатурай для развіцця бізнесу.

- Ці варта запрашаць на лістападаўскі саміт «Усходняга партнёрства» ў Вільню кіраўніцтва Беларусі?

- Калі задумвалася праграма ЕЗ «Усходняе партнёрства», ішла гаворка аб агульных дэмакратычных каштоўнасцях, якія павінны падзяляць краіны-удзельніцы. Паколькі гэта ўмова ніяк не выконваецца Беларуссю, то прадстаўнікі рэжыму не павінны ўдзельнічаць у такіх самітах.

- Але лічыцца, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не горш, чым у некаторых іншых краінах-удзельніцах «Усходняга партнёрства».

- Размовы пра падвойныя стандарты Еўропы - не што іншае, як распрацоўкі КДБ Беларусі. Варта памятаць пра тое, што Лукашэнка незаконна знаходзіцца ва ўладзе ўжо 19 гадоў, яго паслужны спіс фальсіфікацый на выбарах і рэферэндумах не пераўзыдзены ні якой іншай дзяржавай-членам «Усходняга партнёрства». Таму я лічу абсалютна заканамерным надаваць асаблівую ўвагу сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў дачыненні да ўдзелу яе прадстаўнікоў у гэтай праграме ЕЗ.

- 24 гады таму ў Польшчы адбыліся першыя свабодныя выбары - пасля таго, як улады і «Салідарнасць» падчас круглага стала дамовіліся аб умовах удзелу апазыцыі ў выбарчай кампаніі. Наколькі магчымы такі сцэнар у Беларусі?

- У Беларусі пры Лукашэнку гэта выключана, таму што для дыктатара важная сама ўлада, і на перамовы з апазіцыяй ён не пойдзе. У Польшчы сітуацыя спрыяла таму, што апазіцыянеры і камуністычныя ўлады падумалі разам пра будучыню краіны. Савецкі Саюз тады трашчаў па швах і не мог больш аказваць дапамогу рэжымам ва Усходняй Еўропе.

Генерал Войцэх Ярузельскі, які абвясціў ваеннае становішча ў Польшчы, - фігура неадназначная, але ён не адмаўляў культуру і гісторыю краіны і быў здольны думаць пра яе лёс. Лукашэнку ж нельга перавыхаваць, таму што гэта дыктатар, заклапочаны захаваннем асабістай улады.

- Як будзе далей развівацца сітуацыі ў Беларусі?

- Яна складаная для тых, хто спрабуе нешта зрабіць для яе змены ў самой Беларусі. Але ва ўсім грамадстве таксама ёсць відавочнае адмаўленне рэжыму, страхам загнанае ў непублічную сферу. Яно знойдзе выйсце, і выбух адбудзецца, таму што Лукашэнка перастаў быць гарантам бяспекі ўсіх слаёў насельніцтва і прафесійных груп за выключэннем верхавіны і кучкі бізнесменаў, якім ён пагражае турмой.

- Пытанне ў тым, хто ў гэтым выпадку падхопіць уладу. Ці гатовая да гэтага беларуская апазіцыя?

- Думаю, так. Нягледзячы на разыходжанні, апазіцыя неаднаразова дэманстравала, што калі ёсць шанец кінуць выклік рэжыму, яна здольная дамаўляцца і браць адказнасць на сябе.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках