21 траўня 2024, aўторак, 0:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дачка прэзідэнта Ізраіля: Бацька заўсёды падкрэсліваў, што ён з Беларусі

40

Старэйшая дачка нашага славутага суайчынніка Шымона Перэса наведала радзіму бацькі.

Спадарыня Цвія Вальдэн прыехала ў Беларусь упершыню. І для яе гэта не проста паездка, прымеркаваная да адкрыцця канферэнцыі Лімуд, што нясе ў масы гісторыю і культуру яўрэйскага народа. Прыезд у Беларусь - гэта вяртанне на радзіму, адкуль у 1934-м годзе 11-гадовым хлопчыкам эміграваў яе бацька, будучы прэзідэнт Ізраіля, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Ён з'ехаў разам з бацькамі, але ў роднай вёсцы Вішнева Валожынскага раёна засталіся шматлікія сваякі, у тым ліку любімы дзед - рабін Цві Мельцэр. Менавіта ён пазнаёміў маленькага Шымона з яўрэйскай бібліяй Торай, яны разам вывучалі Талмуд. Дзед іграў на скрыпцы, чытаў хлопчыку Дастаеўскага і Талстога.

Дочь президента Израиля: Отец всегда подчеркивал, что он из Беларуси. Фото: Сергей Гапон

Перад ад'ездам унука ў Палестыну Цві Мельцэр даў наказ Шымону: «Заставайся яўрэем, заставайся чалавекам...»

Гэта апошнія словы, якія ўнук пачуў ад дзеда. У пачатку вайны нацысты сагналі яўрэяў Вішнева ў драўляную сінагогу, дзе спалілі жыўцом...

Газета пагутарыла з дачкой прэзідэнта Ізраіля пасля цэрымоніі памяці ахвяраў Халакосту, арганізаванай у Менску ў мемарыяле «Яма».

Напярэдадні спадарыня Цвія пабывала ў роднай вёсцы Вішнева, дзе на месцы дома Перскіх, у якім нарадзіўся Шымон Перэс, усталявалі памятны знак.

У гонар 90-годдзя знакамітага земляка ў Вішневе адкрылі выставу «Шымон Перэс: шлях ад Віленскай вуліцы ў Вішневе на Прэзідэнцкую вуліцу ў Ерусаліме».

Напрыканцы спадарыня Цвія выпіла вады з калодзежа, з якога амаль 80 гадоў таму спаталяў смагу яе бацька...

На этот раз Шимону Пересу приехать в Беларусь не позволило здоровье, в августе знаменитому политику исполнится 90 лет. На фото президент в Вишнево, у того самого колодца. 1998-й год. Фото: photo.bymedia.net

На гэты раз Шымону Перэсу прыехаць у Беларусь не дазволiла здароўе, у жніўні знакамітаму палітыку споўніцца 90 гадоў. На фота прэзідэнт у Вішнева, каля таго самага калодзежа. 1998-ы год.

- Спадарыня Цвія, многія ізраільцяне думаюць, што Шымон Перэс родам з Польшчы. Мы ж лічым яго выхадцам з Беларусі. Як ён сам распавядаў пра сваё дзяцінства?

- Ён вельмі мала казаў пра той час. Для яго гэта заўсёды было і да гэтага часу застаецца сур'ёзнай траўмай, атрыманай у дзяцінстве. Калі ён кажа пра Беларусь, ён успамінае сваіх дзядулю з бабуляй, успамінае іншых сваякоў, якія загінулі падчас вайны, і гэта прычыняе яму моцны боль. Я ведаю, што мяне назвалі ў гонар яго бабулі...

На працягу доўгіх гадоў бацька наогул нічога не расказваў пра сваё дзяцінства. Толькі трохі пра свайго дзядулю (Цві Мельцэра. - Рэд.), дзякуючы якому ён рана пачаў чытаць, вывучаць мовы і многае даведаўся пра культуру яўрэйскага народа.

«Шмат хто лічыць бацьку палякам, таму што ён спрабаваў пазбавіцца ад усяго рускага...»

- Бацька не ўспамінаў свае першыя кніжкі з дзяцінства? Я ведаю, што ваша бабуля ў 30-я гады працавала ў Беларусі бібліятэкарам і настаўніцай рускай мовы.

- Гэта праўда. Я распавяду вам гісторыю пра тое, як я даведалася нашу сямейную таямніцу.

Мая бабуля любіла кнігі больш за ўсё на свеце, кнігі былі сэнсам яе жыцця.

Калі я была яшчэ дзіцем, я кожны тыдзень ездзіла да бабулі ў госці. У яе доме кнігі ляжалі паўсюль: там, тут, - спадарыня Цвія усміхаецца і эмацыйна паказвае, як былі раскладзеныя кніжкі. - Яны заўсёды былі адкрытыя, і ўсе былі на іўрыце.

Аднойчы я ўбачыла кніжку, адкрытую на старонцы 12. Калі я прыехала да бабулі праз тыдзень, я вельмі здзівілася, таму што кніга была адкрытая на той жа старонцы.

Я спытала: «Бабуля, як жа так, чаму? Што ж ты рабіла цэлы тыдзень?!» Я ведала, што бабуля вельмі шмат чытае, і спачатку вырашыла, што нада мною пажартавалі. Але калі ўбачыла, як бабуля збялела, то зразумела, што нешта не так...

Бабуля не была прыгожай, яе твар быў падобным на мужчынскі, а ад здзіўлення ён яшчэ больш выцягнуўся. А яшчэ бабуля была маленькага росту, у адрозненне ад высокага прыгажуна дзядулі. І вось бабуля падышла да дзеда, паглядзела на яго знізу ўверх і сказала: «Растлумач дзіцяці!»

Дзядуля, гледзячы ёй у вочы, адмоўна пакруціў галавой: «Не!» Але бабуля цвёрда стаяла на сваім: «Так!..»

Так яны стаялі і спрачаліся, пільна гледзячы адзін на аднаго...

У выніку бабуля перамагла, і мы ўсе разам пайшлі ў спальню. І там мая маленькая бабуля сказала майму высокаму дзядулю: «Ты!..»

Дзядуля прысеў і падняў покрыва, якое хавала ложак да самай падлогі. І раптам я ўбачыла... вельмі, вельмі шмат кніг! Большасць з іх былі на рускай і беларускай, некалькі - на мове ідыш, але ні адной - на іўрыце. Іх яны і чыталі...

Бабуля распавяла, што калі яны пераехалі з Беларусі ў Ізраіль, яны пачалі гаварыць на іўрыце кожны дзень. Таму што яўрэйская мова - гэта біблейская мова. І бабуля заўсёды хацела паказаць нам, дзецям, што яна размаўляе на іўрыце. Але на самай справе мы нават не здагадваліся, наколькі яна любіла рускую...

І гэта тлумачыць той факт, чаму мой бацька не хацеў гаварыць пра сваё дзяцінства. Яны хацелі ўсе схаваць і пачаць жыць новым жыццём, у новым горадзе, размаўляць на новай мове.

Мой бацька ніколі не размаўляў на рускай мове, ніколі не размаўляў на мове ідыш - толькі на іўрыце...

Прычына, па якой людзі думаюць, што ён паляк, - з-за яго акцэнту. Ён стараўся пазбавіцца ад усяго рускага, таму ў яго акцэнце з'явіліся польскія ноткі. Але гэта было даўно...

Калі я зараз збіралася ў Беларусь, мой бацька спытаў мяне, ці магу я спяваць тыя беларускія песні, якія спявала яму яго мама. Ён хоча, каб я спявала беларускія песні, але я ведаю толькі дзве, - спадарыня Цвія пераходзіць на рускую і пачынае напяваць «Песню старога фурмана»...

«Калі я даведалася сямейную таямніцу, бабуля адвяла мяне ў рускую бібліятэку»

- Пасля таго як мне раскрылі сямейную таямніцу, бабуля пачала навучаць мяне кірыліцы і адвяла ў рускую бібліятэку, - працягвае аповед спадарыня Цвія, ласуючыся ў менскім рэстаране марозівам з мятай. - Дык вось у гэтай рускай бібліятэцы я і вывучыла вашыя песні. Чаму? Я ўбачыла ноты з літарамі, у тым ліку па іх я вывучала кірыліцу. Усе мае веды вашых песень менавіта адтуль, з дзяцінства...

Але для майго бацькі ўсе беларускія ўспаміны настолькі хваравітыя, што ён доўгія гады стараўся не думаць і не ўспамінаць пра дзяцінства. І ў выніку ён прыклаў столькі намаганняў, што канчаткова пра яго забыўся.

Мая бабуля як магла падтрымлівала сваю сям'ю і, не жадаючы яшчэ больш траўмаваць сына, выдаткоўвала велізарную колькасць энергіі, каб схаваць той факт, што яна вельмі любіць Беларусь і беларускую культуру.

Што зрабіць, гэта было сакрэтнае сямейнае пагадненне: наогул не ўспамінаць пра той час...

- Але прайшло шмат гадоў, сёння Беларусь - самастойная дзяржава, хоць некаторыя, асабліва за мяжой, часам не разумеюць, дзе знаходзіцца наша краіна...

- Кожны раз, калі пра гэта заходзіць размова, у бацькі пытаюцца: «Вы з Польшчы?» Ён адказвае: «Не, я - з Беларусі». Чалавек не разумее: «А-а, так вы з Расеі!» Але бацька цвёрда стаіць на сваім, цярпліва тлумачачы: «Я - з Беларусі! Беларусь - гэта незалежная краіна са сваёй культурай і традыцыямі».

Ён вельмі часта гаворыць пра тое, што ў беларусаў свабодны дух. І часта ўспамінае, што падчас Другой сусветнай вайны тут, у Беларусі, было шмат яўрэяў...

- Некаторыя да гэтага часу ўпэўненыя, што наша краіна - частка Расеі...

- Мой бацька вельмі часта кажа, што Расея - гэта толькі адна назва. Тлумачачы, што Расея - гэта яшчэ і розныя краіны, розныя культуры.

А распавядаючы пра Беларусь, ён заўсёды адзначае не толькі яе незалежнасць, але і важную ролю ў гісторыі яўрэйскага народа.

- Спадарыня Цвія, вы шмат чаго дамагліся ў жыцці, вы прафесар, старшы выкладчык ізраільскага ўніверсітэта імя Бэн-Гурыёна, генеральны дырэктар інстытута «Яўрэйская муза». Але не менш важная ваша роля - роля дачкі знакамітага на ўвесь свет палітыка. Цяжка быць дзіцем вядомага чалавека?

О-о-о... - сумна ўдыхае паветра спадарыня Цвія, на секунду задумваецца, але тут жа вяртае сваю чароўную ўсмешку. - Гэта тэма ўжо для наступнага вялікага інтэрв'ю. Магу толькі сказаць, што, якія б віражы ні выпісвала жыццё, я заўсёды ўспамінаю параду бацькі, якую калісьці даўно, менавіта тут, у Беларусі, даў яму напрыканцы яго мудры дзед: «Заўсёды заставацца чалавекам». А ад сябе бацька дадаваў: «...і быць сумленным з самім сабой!»

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках