2 траўня 2024, Чацвер, 2:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анджэй Пачобут: Дыктатар саступае ў бітве за байнэт

21
Анджэй Пачобут: Дыктатар саступае ў бітве за байнэт

Беларускія ўлады спрабуюць адквітацца за свае няўдачы ў Інтэрнэце.

Так журналіст польскай «Gazety Wyborczej» Анджэй Пачобут пракаментаваў сайту charter97.org патрабаванне Лукашэнкі ўзмацніць блакаванне незалежных сайтаў.

«Аператыўна-аналітычны цэнтр з'яўляецца пакуль што найбольш закрытай спецслужбай Беларусі. Пра яго дзейнасць нам вельмі мала вядома. Разам з тым, мы ведаем, што Інтэрнэт вельмі старанна адсочваецца, і ААЦ займаецца менавіта гэтым. Узяць хаця б рэвалюцыю ў сацыяльных сетках», - адзначыў журналіст.

Ён мяркуе, што калі Лукашэнка сустрэўся з супрацоўнікамі ААЦ, пахваліў іх і даў такія ўказанні, то яны будуць дзейнічаць больш актыўна.

«З самага пачатку правадыр узяў пад кантроль радыё і тэлевізію, пасля гэтага ён фактычна падпарадкаваў сабе друкаваныя СМІ, а Інтэрнэт застаецца адзінай пляцоўкай, якая непадкантрольная дзяржаве. Ужо былі абвешчаныя планы для стварэння супермагутнага партала, на які будуць заходзіць сотні тысяч беларусаў, каб атрымаць афіцыйную інфармацыю. Цяпер мы бачым, што нічога не атрымалася. «Советская Белоруссия», на базе якой павінен быў стварацца гэты партал, не належыць да папулярных сайтаў», - дадаў Анджэй Пачобут.

Журналіст перакананы, што гэтая параза ўладаў у байнэце выклікае жаданне закруціць гайкі.

«Хартыя'97» і «Беларускі партызан» былі фактычна выціснутыя з краіны, але Інтэрнэт з'яўляецца такой сферай, дзе магчыма рабіць досыць якасны прадукт, нават калі рэдакцыя знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Пакуль што ўлады не знайшлі спосабу перамагчы сусветнае павуцінне. Гэта іх нервуе, і яны шукаюць шляхі, каб кампенсаваць сваю непапулярнасць ў Інтэрнэце знішчэннем канкурэнцыі. Кожны, хто ім карыстаецца, аддае сабе справаздачу ў тым, што ўлады сочаць і ў некаторых выпадках могуць адрэагаваць. Было вельмі шмат гісторый: напрыклад, дзве мае крымінальныя справы за публікацыі ў Інтэрнэце. Лукашэнка хацеў бы, каб байнэт выглядаў інакш - як рынак друкаванай прэсы, але пакуль што ён не ў стане гэтага зрабіць», - упэўнены Анджэй Пачобут.

Нагадаем, сёння беларускі дыктатар адзначыў заслугі Аператыўна-аналітычнага цэнтра ў цэнзураванні байнэту і запатрабаваў узмацніць блакаванне незалежных сайтаў.

Таксама адзначым, што ў 2010 годзе быў прыняты ўказ Лукашэнкі «Аб цэнзуры Інтэрнэту», абавязаўшы правайдэраў весці рэгістрацыю карыстальнікаў і захоўваць інфармацыю пра выкананыя імі паслугі. Кантроль над сеткай быў даручаны Аператыўна-аналітычнаму цэнтру. На аснове рашэнняў ААЦ ды іншых кампетэнтных органаў складаецца спіс забароненых рэсурсаў. Правайдэры ў абавязковым парадку блакуюць доступ да іх для дзяржаўных устаноў, устаноў адукацыі і культуры. Сярод забароненых апынуўся шэраг апазіцыйных рэсурсаў, уключаючы сайт charter97.org.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках