Экс-дырэктар Менскага мясакамбіната ідзе пад суд
11- 17.07.2013, 11:13
- 16,028
Завершанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да былога генеральнага дырэктара Менскага мясакамбіната, яно перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд.
«Упраўленнем Следчага камітэта па Менскай вобласці завершанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да былога генеральнага дырэктара камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Менскі мясакамбінат», які абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.2 арт.430 (атрыманне хабару ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Беларусі», - паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у сераду афіцыйны прадстаўнік УСК па Менскай вобласці Таццяна Беланог.
Паводле яе інфармацыі, былы гендырэктар абвінавачваецца ў тым, што «выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, атрымаў хабар у памеры $4 тыс. за прадастаўленне першачарговага права на атрыманне аплаты за выкананыя працы аднаму з будаўнічых прадпрыемстваў».
«У ходзе следства праведзены вялікі аб'ём працы па выкрыцці згаданай службовай асобы, што дазволіла прад'явіць яму абвінавачанне. У якасці сведак па справе дапытана больш за 30 чалавек. Накладзены арышт на маёмасць і грашовыя сродкі абвінавачанага на агульную суму звыш Br5,7 млдр», - распавяла Т.Беланог.
«Абраная ў дачыненні да абвінавачанага мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай не змянялася. Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя ў пракуратуру для накіравання ў суд», - удакладніла прадстаўнік УСК.