16 траўня 2024, Чацвер, 20:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекары і будаўнікі масава пакідаюць краіну

143
Лекары і будаўнікі масава пакідаюць краіну

Попыт на лекараў у 100 разоў перавышае прапанову.

На рынку працы Беларусі адчуваецца востры дэфіцыт медработнікаў і будаўнікоў. Беларускія спецыялісты масава з'язджаюць за мяжу.

Аб гэтым сведчыць аналіз балансу вакансій найбольш масавых прафесій на 1 чэрвеня гэтага года, паведамляюць ва ўпраўленні палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Так, у гарадскіх службах занятасці зарэгістравана 10 беспрацоўных лекараў, а патрэбнасць у іх (зыходзячы з колькасці вакансій, заяўленых наймальнікамі) у 100 з лішкам разоў больш - 1024. Попыт наймальнікаў на медыцынскіх сясцёр у гарадах амаль у 50 разоў перавышае прапанову: на 1414 вакансій умоўна прэтэндуюць 30 беспрацоўных з адпаведнай сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Для 10 беспрацоўных фельчараў таксама маецца шырокі выбар рабочага месца ў гарадах краіны - 140. Дарэчы, год таму вакансій работнікаў аховы здароўя было значна менш.

Зрэшты, лекары і медсёстры карыстаюцца попытам не толькі ў гарадах, але і ў вёсцы. Так, у сельскай мясцовасці не хапае 54 лекараў і 63 медыцынскіх сясцёр, а дыплом аб заканчэнні медыцынскай ВНУ і ССНУ маюць 1 і 10 сельскіх беспрацоўных адпаведна піша БелТА.

У параўнанні з папярэднімі гадамі кардынальна змянілася сітуацыя з пошукам працоўнага месца для бухгалтараў, эканамістаў і юрыстаў. Калі раней колькасць беспрацоўных з такімі дыпломамі значна перавышала колькасць прапанаваных працоўных месцаў, то паводле дадзеных на 1 чэрвеня попыт значна перавысіў прапанову.

Што тычыцца іншых спецыялістаў і служачых, то ў гарадах назіраецца дэфіцыт праграмістаў (16 чалавек на ўліку па беспрацоўі, 167 вакансій), інжынераў (135 беспрацоўных, 470 вакансій), майстроў (адпаведна 102 і 241), прарабаў (17 і 138), а таксама выхавальнікаў (63 і 291). У вёсцы таксама адзначаецца павышаны попыт на інжынераў (на 15 беспрацоўных - 105 вакансій). Але асабліва неабходныя для сельскіх наймальнікаў ветэрынары (на 4 беспрацоўных - 284 вакансіі), заатэхнікі (на 3 беспрацоўных - 276 прапаноў працоўнага месца), аграномы (13 і 129).

Тэрытарыяльны дысбаланс існуе не толькі ў дачыненні да спецыялістаў і служачых, але і ў адносінах да рабочых, адзначылі ў міністэрстве. Так, у гарадах у фаворы ў наймальнікаў муляры (на 317 жадаючых працаваць - 2310 прапаноў наймальнікаў), бетоншчыкі (на 157 беспрацоўных - 990 вакансій), маляры (230 і 1040 адпаведна), тынкоўшчыкі (287 і 1364) і іншыя ўладальнікі будаўнічых спецыяльнасцяў. Па-ранейшаму запатрабаваныя слесары, вадзіцелі аўтамабіляў, электраманцёры, электрагазазваршчыкі, прадаўцы, швачкі, кандуктары і г.д. А на вёсцы сярод самых дэфіцытных рабочых прафесій - трактарысты-машыністы (40 беспрацоўных пры 662 вакансіях), трактарысты (81 і 394 адпаведна), вадзіцелі аўтамабіля (136 і 541), аператары машыннага даення (88 і 645). Варта адзначыць, што сітуацыя на сяле за год прыкметна змянілася ў лепшы бок - і беспрацоўных, і вакансій стала значна менш практычна па ўсім спектры рабочых прафесій.

Калі адток кадраў працягнецца, то праз пару гадоў гэта можа стаць для Беларусі катастрофай, заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Сяргей Антусевіч.

«Узровень заробкаў у Расеі нашмат вышэй. Добра, што ўлады хоць цяпер заўважылі гэтую праблему. Калі так і працягнецца, то праз пару гадоў гэта можа стаць для Беларусі проста катастрофай. Нават да дэвальвацыі ў 2011 годзе ў многіх паліклініках бракавала пэўных спецыялістаў. Зараз людзі шукаюць лепшае жыццё і з'язджаюць за мяжу, у першую чаргу ў Расею, бо няма мяжы, няма моўнага бар'ера, а нашыя дыпломы прызнаюцца», - адзначыў прафсаюзны лідар.

Нагадаем, паводле розных ацэнак, за межамі Беларусі працуе каля мільёна грамадзян нашай краіны. Асноўная частка працоўных мігрантаў прыпадае на моладзь ва ўзросце ад 25 да 35 гадоў.

Напісаць каментар 143

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках