8 траўня 2024, Серада, 23:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі адмаўляюцца працаваць па новых правілах

254
Прадпрымальнікі адмаўляюцца працаваць па новых правілах

Многія індывідуальныя прадпрымальнікі сёння не выйшлі на працу.

Пра гэта заяўляюць як лідары грамадскай арганізацыі «Перспектыва», якая выступіла арганізатарам забастоўкі, якая прайшла 27 чэрвеня па ўсёй краіне, так і работнікі рынкаў з розных гарадоў Беларусі.

Прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу з Менска, Віцебска, Гродна, Гомеля, Баранавічаў, Слоніма, Светлагорску і Пінска пацвердзілі, што не выйдуць на работу 2 ліпеня, паколькі «не ў стане законна працаваць у абставінах, якія склаліся», паведаміў сябра рады «Перспектывы» Вячаслаў Піліпук.

Старшыня каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Менска Аляксандр Макаеў у інтэрв'ю сайту charter97.org паведаміў, што вялікая колькасць прадпрымальнікаў занеслі ў падатковыя органы «нулявыя дэкларацыі», якія пацвярджаюць адсутнасць руху сродкаў па іх рахунках. З сённяшняга дня яны адмовіліся прыступаць да працы.

«У некаторых гарадах колькасць прадпрымальнікаў, якія не выйшлі на працу сёння дасягае 50 адсоткаў», - сказаў ён.

Актывісты прадпрымальніцкага руху паведамілі, што акцыю падтрымалі ва ўсіх абласных цэнтрах і сталіцы. На Чэрвеньскім рынку Менска зачыненыя каля паловы гандлёвых кропак. Не працуюць таксама многія прадпрымальнікі «Ждановічаў».

У Гомелі не выйшлі ўсе работнікі рынкаў «Цэнтральны» і «Давыдаўскі», перадае «Радыё Свабода».

Пустуюць каля паловы працоўных месцаў на найбуйнейшых гандлёвых пляцоўках Віцебска. На магілёўскім «Віленскім» рынку адсутнічае каля трэці палатак.

Прадпрымальнікі Цэнтральнага рынку не працуюць, паведамляе мясцовы партал s13.ru.

Падтрымалі акцыю пратэсту і ў невялікіх гарадах. Напрыклад, на рынку Горак у Магілёўскай вобласці працуюць толькі 10 кропак. Не выйшлі на працу прадпрымальнікі Бярозы і Івацэвічаў Брэсцкай вобласці. Работнікі рэчыцкага рынку вырашылі на сходзе накіраваць пісьмовы зварот у Савет міністраў наконт тэрмінаў і парадку ўвядзення ў дзеянне Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза. Калі зразумелага адказу на працягу ліпеня не паступіць, прадпрымальнікі пагражаюць бестэрміновымі акцыямі пратэсту.

Актывіст грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Вячаслаў Піліпук заявіў, што прадпрымальнікі могуць перайсці да галадоўкі, калі Міністэрства гандлю Беларусі не адменіць неабходнасць суправаджальных дакументаў на тавары.

Забастовка в Барановичах

Пратэст работнікаў рынкаў выкліканы сітуацыяй з тэхрэгламентам Мытнага саюза. Актывісты «Перспектывы» і аргкамітэта па стварэнні прафсаюза індывідуальных прадпрымальнікаў «Разам» 1 ліпеня звярнуліся да намесніка прэм'ер-міністра, старшыні Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі Пятра Пракаповіча з просьбай паўплываць на міністэрствы і ведамствы - распрацоўшчыкаў сумеснай пастановы аб спрашчэнні парадку сертыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасці з улікам інтарэсаў прадпрымальнікаў, перадае БелаПАН.

Баранавічы, 2 ліпеня 2013. Фота:svaboda.org

Нагадаем, 27 чэрвеня беларускія прадпрымальнікі правялі агульнанацыянальную забастоўку. Паводле ацэнак прадстаўнікоў прадпрымальніцкіх саюзаў, у ёй прынялі ўдзел каля 70 адсоткаў камерсантаў, якія гандлююць на рынках і ў выставачных павільёнах. Прадпрымальнікаў не задаволілі дзеянні ўладаў па пытанні ўвядзення тэхрэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы лёгкай прамысловасці». Рашэнне аб аднадзённай папераджальнай забастоўцы было прынятае аднагалосна 130 ІП, якія сабраліся на Форум прадпрымальнікаў 24 чэрвеня. Новы тэхрэгламент абавязвае канчатковага рэалізатара (у тым ліку прадпрымальніка) сертыфікаваць тавары лёгкай прамысловасці і маркіраваць адзіным знакам абарачэння прадукцыі на рынку дзяржаў - членаў МС. ІП лічаць, што дарагая працэдура для іх маленькіх партый тавару можа спустошыць дробны бізнес.

Падчас правядзення забастоўкі міліцыяй быў затрыманы і аператыўна прысуджаны да пяці сутак арышту лідэр РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Прадпрымальнікі падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне «Маршу пратэсту». Ён запланаваны на 15 ліпеня. У заяўцы адзначаны маршрут правядзення акцыі - ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Каля плошчы, у менскім парку Дружбы народаў плануецца правесці мітынг.

Напісаць каментар 254

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках