11 траўня 2024, Субота, 22:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Камуналка» ірване ўверх

21
«Камуналка» ірване ўверх

Услед за коштамі на прадукты вырастуць і лічбы ў жыроўках.

Цеплавая і электрычная энергія для жыхароў Беларусі падаражэе 1 жніўня. Тарыфы на яе для насельніцтва для патрэбаў ацяплення і гарачага водазабеспячэння павялічацца на 9% - да 68.833,5 рубля за 1 Гкал. Раней кошт 1 Гкал быў 63.150 рублёў. Змены тарыфаў на электрычную энергію выглядаюць наступным чынам: аднаставачны тарыф на электраэнергію ў жылых дамах (кватэрах), абсталяваных ва ўстаноўленым парадку электрычнымі плітамі, - 428,5 рубля за 1 кВт•г (раней 375,9 рубля за 1 кВт•г), дыферэнцыраваны тарыф у такіх жылых памяшканнях у перыяд мінімальных нагрузак (з 22.00 да 17.00) - 300 рублёў за 1 кВт•г (263,1 рубля за 1 кВт•г), а ў перыяд максімальных нагрузак (з 17.00 да 22.00) - 857 рублёў за 1 кВт•г (751,8 рубля за 1 кВт•г), пішуць «Белорусские новости».

Электрычная энергія для патрэбаў ацяплення і гарачага водазабеспячэння з далучанай магутнасцю абсталявання больш за 5 кВт у перыяд мінімальных нагрузак (з 23.00 да 6.00) падаражэе з 442,4 рубля за 1 кВт•г да 504,3 рубля, у астатні час сутак - з 1.327,2 рубля за 1 кВт•г да 1.512,9 рубля. У астатніх выпадках аднаставачны тарыф складзе 504,3 рубля за 1 кВт•г (раней - 442,4 рубля за 1 кВт•г), дыферэнцыраваны тарыф у перыяд мінімальных нагрузак будзе 353 рубля за 1 кВт•г (309,7 рубля за 1 кВт•г), у перыяд максімальных нагрузак кошт электраэнергіі ўзрасце на 123,8 рубля да 1.008,6 рубля за 1 кВт•г.

Нават калі камусьці здаецца, што за цяпло і электрычнасць даводзіцца плаціць шмат, лепш ставіцца да гэтага як да непазбежнасці.

За мінулы год насельніцтва пакрывала выдаткі на аказанне паслуг ЖКГ у памеры 15,3%. Астатняе кампенсавалася за сродкі бюджэту або прадпрыемстваў па сістэме перакрыжаванага субсідавання. Узровень кампенсацыі затрат на паслугі ЖКГ планавалася давесці да 35% яшчэ да канца 2012 года. Гэтага патрабавала не толькі праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, але і абавязацельствы Беларусі перад Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС у рамках крэдытнага пагаднення. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што 35% - гэта ўзровень кампенсацыі ўсіх паслуг, а не толькі тых, якія аказваюцца непасрэдна арганізацыямі Міністэрства ЖКГ.

Аднак па факце можна казаць не пра павелічэнне ўзроўню кампенсацыі затрат насельніцтвам, а пра адваротны працэс. Па выніках 2011 года сярэднеўзважаны ўзровень гэтага паказчыка складаў каля 26%, на долю Міністэрства ЖКГ прыходзілася 17%, а праз год - на 1,7% менш. На 2013 год перад міністэрствам стаіць задача давесці паказчык да 17,9%.

Калі ў Беларусі ў лютым 2013 года павялічылі тарыфы і перайшлі на дыферэнцыраваную аплату электраэнергіі, абмяркоўвалася пытанне пра тое, што тарыфы для прадпрыемстваў павінны стаць менш. Аднак гэтага не здарылася.

«У Беларусі, - адзначаў намеснік генеральнага дырэктара па збыце энергіі РУП «Менскэнерга» Юрый Мішук, - электраэнергія для насельніцтва танней, чым ва ўсіх суседніх краінах. Перакрыжаванае субсідаванне, пры якім прадпрыемствы пакрываюць выдаткі, якія недаплаціла насельніцтва, толькі з першага погляду здаецца камфортным для насельніцтва. Аднак у выніку ўсё ж такі насельніцтва аплачвае электраэнергію іншымі спосабамі - напрыклад, у крамах пры аплаце па больш высокім кошце тавараў».

Відавочна, што ў Беларусі квартплата - пытанне палітычнае, і рэзкага росту тарыфаў быць не можа. Дзяржаве прасцей рабіць выгляд, што за энергію і паслугі ЖКГ плаціць нехта эфемерны, а не самі людзі.

У тым, што дзяржава кроўна зацікаўленая, каб людзі не пераплачвалі за паслугі ЖКГ, іх пераконваюць паведамленні пра выпадкі, калі нядобрыя камунальнікі завышаюць тарыфы і цягнуць з грамадзян апошнія жылы. У прадастаўленні такой інфармацыі атрымаў поспех, безумоўна, Дзяржкантроль. Вось што сказаў старшыня КДК Аляксандр Якабсон, паведамляючы Аляксандру Лукашэнку пра кантроль за рэалізацыяй энерга-і рэсурсазберагальных мерапрыемстваў: «Сёння мы ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі таксама ўбачылі шэраг сур'ёзных праблем, якія не ўкладваюцца ў дырэктыўныя дакументы, звязаныя з рэсурса-і энергазберажэннем. Павелічэнне сабекошту работ у выніку кладзецца на тарыфы і на насельніцтва».

Ці яшчэ адна навіна - пракуратура Брэсцкай вобласці праверыць абгрунтаванасць разліку і налічэння камунальных плацяжоў.

Не аспрэчваючы неабходнасць эканомнага расходавання энергарэсурсаў і захавання законнасці, адзначым, што асноўная праблема галіны не ў тым, што дзесьці не так лічаць квартплату або дзесьці гарыць лямпачка круглыя суткі. Сутнасць у тым, што на працягу многіх гадоў сфера ЖКГ не мадэрнізуецца і фінансуецца па-савецку.

Аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха звярнуў увагу, што паводле дадзеных Статыстычнага камітэта СНД, тарыфы на паслугі ЖКГ у Беларусі прыкметна ніжэй у параўнанні з Расеяй і Казахстанам, нягледзячы на тое, што мы знаходзімся з імі ў адзінай эканамічнай прасторы. Між тым Беларусь становіцца ці ледзь не лідарам у рэгіёне па зарплаце, разлічанай па пакупніцкай здольнасці.

Аналітык прывёў наступныя дадзеныя, якія базуюцца на разліках даследчай групы. Сярэдняя налічаная зарплата (у далярах ЗША) у Беларусі - 571 даляр (разлічаная па парытэце пакупніцкай здольнасці - 1226,4) Украіне - 414,3 даляра (777,3), Казахстане - 526,2 даляра (842,9), Літве - 857,2 даляра (1267), Расеі - 953,2 даляра (1137,1). Атрымліваецца, што Беларусь па пакупніцкай здольнасці ў рэгіёне апярэджвае і Расею, і Казахстан, і іншыя краіны.

Відавочна, што з улікам таго, што энергарэсурсы наша краіна закупляе, прычым шмат у чым за сродкі крэдытаў, такая сітуацыя выглядае дзіўна і працягвацца да бясконцасці не можа.

Таму, кажа Муха, у сярэднетэрміновай перспектыве тарыфы на паслугі ЖКГ у Беларусі будуць павышацца. Па-першае, для таго, каб наблізіць іх да расейскіх і казахстанскіх коштаў. Па-другое, каб скараціць перакрыжаванае субсідаванне ў краіне. Акрамя таго, Муха адзначыў, што гэта прадугледжана ў рамках абавязацельстваў Беларусі перад Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС.

Аналітык падкрэсліў, што таксама неабходна правесці рэформы ў сектары ЖКГ: «Гэта трэба зрабіць на заканадаўчым узроўні, забяспечыўшы прыход на рынак прыватных гульцоў, замежных інвестараў, каб забяспечыць канкурэнцыю ў сферы ЖКГ. Тады можна чакаць павелічэння прадукцыйнасці працы ў сферы ЖКГ, зніжэння выдаткаў і павелічэння эфектыўнасці сферы. Цяпер ўзровень канкурэнцыі невысокі, галіна з'яўляецца непразрыстай».

У той жа час, адзначае Муха, неабходна стварыць дзейсную сістэму сучаснай гнуткай сацыяльнай падтрымкі для больш уразлівых слаёў насельніцтва, для якіх аплата паслуг ЖКГ з'яўляецца сур'ёзным артыкулам выдаткаў у хатняй гаспадарцы. «Гаворка ідзе пра тое, каб субсідыі падаваліся, - сказаў Муха. - Толькі тым, хто ў іх рэальна мае патрэбу. І каб за межамі дзяржаўнай падтрымкі заставаліся людзі, якія самі ў стане іх цалкам аплачваць. Пакуль мы субсідуем усіх, у тым ліку тых, хто мае высокія даходы».

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках