3 траўня 2024, Пятніца, 9:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракаповіч: Я не супакойваю, а прапаную не паддавацца паніцы

154
Пракаповіч: Я не супакойваю, а прапаную не паддавацца паніцы

Віцэ-прэм'ер расказаў аб тым, хто вінаваты ў дэвальвацыі 2011 года.

Прамую лінію з чытачамі газеты «Рэcпубліка» Пётр Пракаповіч правёў яшчэ ў канцы чэрвеня. Тады ён зрабіў заяву пра тое, што новай дэвальвацыі ў Беларусі не будзе. Сёння газета публікуе стэнаграму размовы з пашыраным каментаром экс-кіраўніка Нацбанка.

Прыводзім цытаты Пятра Пракаповіча, у якіх ён распавядае як пра падзеі 2011 года, так і пра становішча рэчаў у фінансавым сектары беларускай эканомікі сёння.

Дэвальвацыя ў 2011 годзе

«Я не супакойваю, а прапаную самім аб'ектыўна ацэньваць сітуацыю і не паддавацца паніцы, чытаючы неаб'ектыўныя прагнозы.

Зараз пра падзеі 2011 года. Так, я вінаваты ў тым, што ў траўні 2011 года пад маім кіраўніцтвам была праведзеная разавая значная дэвальвацыя беларускага рубля. Рэальная сітуацыя ў эканоміцы не дазваляла абыйсціся ў той перыяд часу без значнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Але ў мяне было два варыянты. Першы - правесці разавую дэвальвацыю, што было лепшым варыянтам для эканомікі краіны ў той перыяд часу, але вельмі негатыўным для мяне як старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Другі варыянт заключаўся ў тым, каб правесці такую дэвальвацыю на працягу 2-3 месяцаў. Гэта быў горшы варыянт для краіны ў той перыяд часу, але лепшы варыянт для мяне як старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і па пытанні абяцанні не праводзіць разавую дэвальвацыю.

Быў рэалізаваны першы варыянт, і ў такой сітуацыі я не меў права далей працаваць на пасадзе старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь».

Дэвальвацыя ў 2013 годзе

«Давайце разам падумаем. Калі золатавалютныя рэзервы краіны больш за $8 млрд., і з пачатку года яны не скараціліся, і мы выплачваем усе знешнія і ўнутраныя пазыкі, станоўчае сальда куплі валюты Нацыянальным банкам больш за $1 млрд., а ў наступным годзе плануецца нарасціць золатавалютныя рэзервы да $10 млрд. Гэтыя лічбы сведчаць пра тое, што аб'ектыўных прычын для дэвальвацыі нацыянальнай валюты няма.

Дэвальвацыя - гэта вымушаная мера, якая ўжываецца тады, калі рэзка скарачаюцца золатавалютныя рэзервы краіны і з'яўляецца пагроза несвоечасовай аплаты знешніх пазык. Гэта вопыт усіх краін, у тым ліку і наш айчынны.

Таму трэба спакойна адсочваць сітуацыі з ЗВР і крытычна ставіцца да розных «крайніх» прагнозаў. Мы павінны ўлічваць, што ёсць пэўныя сілы і невялікая частка нашых грамадзян, якія зацікаўленыя пасеяць паніку ў насельніцтва, дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне».

Нагадаем, Пётр Пракаповіч не ў першы раз супакойвае беларусаў словамі аб адсутнасці перадумоў да дэвальвацыі. Напярэдадні крызісу 2011 года, калі беларускі рубель абясцэніўся ў тры разы, ён абяцаў, што яе не будзе. «Пакуль я з'яўляюся старшынёй праўлення Нацбанка, ніякай разавай дэвальвацыі за адзін раз ніколі не будзе», - заявіў ён у сакавіку 2011 года.

Пра гэта ж гаварыў і беларускі кіраўнік. Як перад дэвальвацыяй 2009 года, так і напярэдадні абвалу пасля прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка заяўляў, што прычын для боязі няма.

19 чэрвеня ўжо цяперашняя кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова таксама заявіла, што «перадумоў для дэвальвацыі, такой, якая ў нас была ў 2011 годзе, няма».

Напісаць каментар 154

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках