3 траўня 2024, Пятніца, 15:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь губляе з-за чумы свіней да $30 мільёнаў у месяц

13
Беларусь губляе з-за чумы свіней да $30 мільёнаў у месяц

Гэта не адаб'ецца фатальна на беларускай эканоміцы, але адаб'ецца на кашальках простых беларусаў, прагназуюць эканамісты.

Следам за Украінай, Расеяй, Польшчай і Літвой забарону на пастаўкі мясных і малочных прадуктаў з Беларусі ўвяла Латвія, нагадвае «Завтра твоей страны».

У суму 25-30 мільёнаў даляраў у месяц ацэньвае магчымыя страты з-за адсутнасці экспарту свініны эканаміст Леанід Злотнікаў. Аднак, гэта толькі палова страт.

- Зрэшты, трэба ўлічваць, што палова свініны рээкспартуецца, гэта значыць, мы купляем за мяжой пэўную колькасць свініны, і адпраўляем на рээкспарт ў Расею. Калі ж браць толькі сваю свініну, то страты складуць 12-15 мільёнаў даляраў у месяц, паколькі калі нам нельга свініну рээкспартаваць, то яе можна і не купляць за мяжой для гэтага, - адзначае эксперт.

Аднак ён агаворваецца, што кошт можа ісці толькі на парадкі, а дакладныя лічбы страт цяпер палічыць наўрад ці нехта зможа. Невядома, колькі месяцаў будзе доўжыцца каранцін, колькі яшчэ раёнаў можа быць ахоплена ўспышкай афрыканскай чумы свіней.

- Па тых маштабах захворвання, якія маюцца сёння, калі прыняць у разлік прыкладна восем раёнаў (ачагі ў меншай колькасці раёнаў, але забой свіней ідзе і па суседстве), страты можна ацаніць у некалькі дзесяткаў мільёнаў даляраў. А ў залежнасці ад тэрмінаў страты экспарту гэтыя сумы могуць скласці да 60-70 мільёнаў даляраў, - падкрэслівае Леанід Злотнікаў.

Эканаміст Леў Марголін не думае, што такія страты адаб'юцца на беларускай эканоміцы фатальным чынам.

- Але гэтая сітуацыя істотна адаб'ецца на кашальках беларускіх грамадзян. Кошты на свініну на рынках і ў крамах ужо пачалі паўзці ўверх, і гэта далёка не мяжа, - адзначае эксперт. - Калі ў нас раней свініна была дастаткова дарагой у параўнанні з сумежнымі краінамі, але ўсё-такі яна была адсоткаў на трыццаць танней ялавічыны, то цяпер кошты могуць зраўняцца. А гэта вельмі балюча для простых людзей, якія жывуць ад заробку да заробку ці ад пенсіі да пенсіі.

Масавы забой свіней ідзе цяпер не толькі ў гаспадарках, але і на прыватных падворках.

Са з'яўленнем новага ачага АЧС - у філіяле «Лучоса» Віцебскага камбіната хлебапрадуктаў можна меркаваць, што гэтая мера барацьбы з захворваннем прыме яшчэ большыя маштабы. Ці не атрымаецца так, што беларусы наогул застануцца без свініны?

- Калі няма ўласнай вытворчасці, на выручку прыходзіць імпарт. Іншая справа, якім будзе кошт гэтай свініны, ці даступнай яна будзе простаму народу, - лічыць Леў Марголін. - Цяпер праблема ў тым, што ў сітуацыі з захворваннем свіней няма празрыстасці. Ужо ходзяць чуткі, што тую свініну, якую забіраюць у насельніцтва, асабліва ў тых раёнах, якiя не знаходзяцца побач з цэнтрамі эпідэміі, а не знішчаюць, а перапрадаюць. Любое непразрыстае дзеянне тут жа спараджае масу чутак.

У Беларусі выяўлены другі ачаг афрыканскай чумы свіней (АЧС). Захворванне пацверджана ў Віцебскай вобласці. Першы ачаг быў знойдзены ў Гродзенскай вобласці. Першыя вынікі расследавання па факце заносу віруса паказалі, па паведамленнях уладаў, што захворванне занесенае з кармамі для жывёл, увезенымі з тэрыторыі Расеі.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках