3 траўня 2024, Пятніца, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каму - ВКЛ, каму - савецкае мінулае?

76

Літва адзначыла пачатак свайго старшынства ў Еўразвязе дзіўнай мапай, якая з'явілася ў Вільні каля будынка Сейма.

На адной з граняў піраміды, якая закрыла непрацуючы фантан, чорнай плямай на мапу сучаснай Еўропы накладзеная карта Вялікага Княства Літоўскага часоў праўлення Вітаўта.

Мы далёкія ад таго, каб бачыць у гэтай мапе нейкія спробы экспансіі або заяўку на Вялікую Літву «ад мора да мора». Гэта нават не цягне на мастацкую правакацыю. Аднак і прайсці міма гэтай пірамідкі не ўдаецца, паколькі з'явілася яна ў дзень, калі Літва стала старшынстваваць у Еўразвязе. Мапа ВКЛ на мапе сучаснай Еўропы - гэта свядомае пасланне з палітычным і гістарычным падтэкстам.

Маленькая Літва ўсё часцей і ўсё смялей заяўляе пра сваё правапераемства ВКЛ, дакладней пра сябе як пра адзінага правапераемніка. На фоне гістарычнага вандалізму Лукашэнкі рабіць гэта ёй становіцца ўсё лягчэй. У 2009 годзе Літва маштабна адсвяткавала 1000-годдзе згадкі назвы «Літва» ў гістарычных хроніках. Улады ў Беларусі «не заўважылі» міленіуму. Нізкі паклон суполцы «Пагоня», якая ўзяла на сябе дзяржаўныя функцыі і прымеркавала да гэтай вялікай даты выдатную выставу.

У чарговы раз 6 ліпеня Літва будзе на дзяржаўным узроўні адзначаць дзень каранацыі Міндоўга. У гэты дзень уручаюцца ўрадавыя ўзнагароды. Гэта дзень дзяржаўнасці Літвы. У Беларусі ні ў адным афіцыйным СМІ гэтая дата не будзе згаданая. Затое велізарныя сродкі дыктатура траціць на тое, каб прымусіць нас весці адлік незалежнасці і дзяржаўнасці толькі ад савецкай эпохі.

Нельга аспрэчваць права літоўцаў ганарыцца тым, што яны былі часткай магутнага Вялікага Княства Літоўскага. Але ж часткай, а не самім Княствам, якое было агульным для беларусаў, палякаў, украінцаў. Таму і выклікае здзіўленне падобная мапа.

Шчыра кажучы, пірамідку з чорнай мапай ВКЛ можна было б і не заўважыць, калі б амаль адначасова з яе з'яўленнем міністр замежных спраў Літвы не павіншаваў у твітэры беларусаў з днём незалежнасці.

Міждзяржаўныя адносіны прадугледжваюць абмен віншаваннямі з нагоды святаў нават з дыктатарамі. Робіцца гэта фармальна, з захаваннем пратакольных правілаў. Але нефармальнае віншаванне ў твітэры з прыдуманым дыктатарам днём незалежнасці, па меншай меры, некарэктнае: маўляў нам - ВКЛ, а вам - савецкае мінулае.

Беларусь, гэтак жа як і Літва, вылічаае сваю гісторыю стагоддзямі, а сваю незалежнасць - з таго ж часу, што і Літва. Дыктатура, якая адмаўляе нашу гісторыю і нашу незалежнасць, знікне, таму не варта ёй дапамагаць у фальсіфікацыі, тым больш віншаваць з гэтымі фальсіфікацыямі народ.

У адказ на крытыку пірамідкі з мапай ВКЛ віленская мэрыя паабяцала забяспечыць яе тлумачальнымі надпісамі. Добра было б, каб гэтыя надпісы развеялі здзіўленні і патлумачылі, што Вялікае Княства Літоўскае было супольнай дзяржавай Беларусі, Польшчы, Украіны і Літвы і своеасаблівым правобразам Еўрапейскага Звяза.

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках