Лукашэнка падзеліцца з расейскай папсой сваімі “Мерсэдэсамі”
17- 7.07.2013, 11:13
- 27,036
На “Славянскім базары” гасцей з Расеі будуць катаць на аўтамабілях, дадзеных адміністрацыяй Лукашэнкі.
Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт фестывалю.
Гасцей Віцебска чакаюць 50 машын, падрыхтаваных для іх транспартнай службай мерапрыемства. Гэта аўтамабілі «S»-класа, аўтобусы, мікрааўтобусы і легкавыя аўтамашыны бізнэс-класа.
”Чатыры пяцісотых “Мерсэдэса” вось ужо трэці год запар на бязвыплатнай аснове вылучае прадпрыемства “Белтрансспецаўта” ад адміністрацыі Лукашэнкі. Гэты транспарт вышэйшага класа чакае зорак, якія прыедуць на свае сольныя канцэрты: Алену Ваенгу, Аляксандра Малініна, Крысціну Арбакайтэ і італьянца Аль Бана”, - гаворыцца ў паведамленні.
Пры гэтым, “Славянскі базар” па-ранейшаму нятанна абыходзіцца бюджэту краіны. На яго арганізацыю выдаткоўваюць Br 40 млрд, а зарабіць плануюць за ўсё Br 27 млрд. Гэта значыць, Беларусь страціць на правядзенні фестывалю Br 13 млрд, або каля $1,5 млн.
У гэтым годзе “Славянскі базар” зменіць свой фармат і будзе скарочаны. “Мы пайшлі наступным шляхам: скарацілі колькасць дзён, і ў гэтым годзе “Славянскі базар” пройдзе з 11 па 15 ліпеня. Што тычыцца канкрэтных мерапрыемстваў, якія заўсёды былі часткай гэтага фестывалю, то мы іх таксама паспрабавалі больш кампактна размясціць у межах Віцебска”, - раней паведаміў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў.
Адзначым, што, паводле інструкцый па барацьбе з афрыканскай чумой свіней, фестываль у Віцебску наогул павінен быць скасаваны.
Гэта вынікае як з ветэрынарна-санітарных правілаў, зацверджаных Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі ў 2009 годзе, так і з рэкамендацый па прадухіленні распаўсюджвання АЧС 1980 года, якія да гэтага дзейнічаюць на тэрыторыі Расеі.