4 траўня 2024, Субота, 3:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская ўдзельніца Miss Supranational: «Чытаю Кандрата Крапіву і Дастаеўскага»

49

Удзельніца міжнароднага конкурсу прыгажосці ад Беларусі Вераніка Чачына распавяла пра свае захапленні.

6 верасня ў Менску адбудзецца конкурс прыгажосці Miss Supranational. Прадстаўляць Беларусь будзе гомелька Вераніка Чачына. На яе карысць, на думку журы нацыянальнага кастынгу, сведчаць славянскі выгляд, мадэльная падрыхтоўка, адпаведнасць параметрам сучаснай дзяўчыны, веданне англійскай мовы... Onliner.by пагутарыў з кандыдаткай на тытул Miss Supranational.

- Вераніка, як ты стала мадэллю?

- Два гады таму сяброўка прапанавала пайсці разам з ёй на кастынг у Цэнтр моды і прыгажосці «Крышталёвая німфа». Але на кастынг мы спазніліся. Праз месяц наважылі адправіць у цэнтр свае фатаграфіі - і нам прапанавалі прыйсці і пачаць навучанне без кастынгу! Гэта быў мой пачатак. Там нас вучылі дэфіле, прыгожа трымацца на публіцы, культуры, у прыватнасці культуры харчавання, англійскай мове. Нам давалі ўсё, каб пачаць мадэльную кар'еру. Напачатку я ўдзельнічала ў паказах «Крышталёвай німфы», мяне запрашалі ў якасці мадэлі на гарадскія імпрэзы, узнагароджанні. Гэта значыць я набывала досвед, усё было для мяне новае і цікавае. І толькі гэтай вясной я пачала ўдзельнічаць у розных сур'ёзных паказах і кастынгах, такіх як Belarus Fashion Week, абласны конкурс «Прыгажуня Палесся» (заняла прызавыя намінацыі «За волю да перамогі» і «Міс прыгажосць і грацыя»), гарадскі конкурс «Фотамадэль» у рамках праекта «ФотоART - 2013» (увайшла ў тройку пераможцаў)... І так я дайшла да выпадковага кастынгу Miss Supranational. І ўсё за паўгода.

- Усё ж, як ты трапіла на кастынг такога значнага міжнароднага конкурсу прыгажосці, як Miss Supranational? Чаму называеш яго выпадковым?

- Гэта сапраўды атрымалася выпадкова. Калі я глядзела такія конкурсы на тэлевізіі, я не ўяўляла сябе там, бо ведала, што не наважуся ўдзельнічаць у такім шоў. Мне шмат хто казаў, каб я ехала на кастынг Miss Supranational, на што я катэгарычна адказвала «не». Але так склаліся абставіны, што ў тыя дні, калі праходзіў кастынг на гэты конкурс прыгажосці, я была ў Менску, працавала на паказах Belarus Fashion Week. На другі дзень тыдня моды ў нас выдаўся невялікі перапынак, і мая сяброўка наважыла паўдзельнічаць у адборы на Miss Supranational. Я ж пайшла туды ў якасці яе групы падтрымкі. Пакуль я стаяла ў холе ў чаканні сяброўкі, мяне заўважыў фатограф кастынгу і пачаў упрошваць паўдзельнічаць. Але я не пагадзілася, кажу: «Гэта марна, я ўсё роўна не прайду». Праз некалькі хвілін да мяне падышлі арганізатары конкурсу. Яны спытала мяне, што я тут раблю, і без лішніх размоваў даслоўна загадалі мне хутка пераапрануцца ў купальнік ды ісці на кастынг. Ну і ў выніку здарылася тое, што я ўважала за немагчымае: я прайшла.

- І гэты час, ад пачатку адбору да абвяшчэння вынікаў, ты думала-варажыла: ці прайшла?

- Пасля адбору, вярнуўшыся дадому, я занурылася ў вучобу, бо наперадзе былі выпускныя іспыты і паступленне ў ВНУ, і, калі шчыра, нават забылася на конкурс. А тут мне тэлефануюць і кажуць, што я прайшла ў паўфінал. Я зноў паехала ў Менск, дзе з трынаццаці дзяўчат выбралі тры фіналісткі. Ужо таму, што апынулася ў гэтай тройцы, я была вельмі радая і, праўда, не чакала, што стану той адзінай, якой і даручаць прадстаўляць нашую краіну.

- Як думаеш, чаму менавіта цябе журы выбрала прадстаўляць Беларусь на конкурсе прыгажосці? Бо ў кастынгу ўдзельнічалі і тытулаваныя дзяўчыны, у тым ліку дзейныя першая віцэ-міс і другая віцэ-міс Беларусі...

- Можа, суддзям спадабалася тое, што я сумленны, шчыры чалавек і не граю на публіку. Я вельмі хачу годна прадставіць нашую краіну, каб журы не пашкадавала аб сваім выбары.

- Што, акрамя такіх якасцяў, як сумленнасць і шчырасць, трэба для таго, каб паспяхова прайсці кастынг конкурсу Miss Supranational?

- Мець прыгожы выгляд і прыгожую постаць, быць фотагенічнай, умець падаць сябе, пісьменна і прыгожа гаварыць, быць творчай натурай. Яшчэ важнай умовай з'яўляецца валоданне ангельскай мовай.

- Дарэчы, твая сяброўка да якога этапу дайшла? І ці павіншавала яна цябе?

- Яна дайшла да фіналу. Так, яна мяне павіншавала і падтрымала.

- Ці атрымалася табе пагутарыць з Miss Supranational - 2012 Кацярынай Бурай, атрымаць у яе параду?

- Пакуль мы не сустракаліся. Але я спадзяюся, што гэта здарыцца. Вельмі хачу з ёй пагаварыць, распытаць аб яе ўдзеле, атрымаць парады, якія б мне дапамаглі прадставіць Беларусь найлепшым чынам.

- Многія думаюць, што ўдзельніцамі конкурсаў прыгажосці такога ўзроўню могуць быць толькі дочкі заможных бацькоў. Хто твае бацькі?

- Я не з багатай сям'і. У мяне простыя бацькі, якія працуюць на дзяржаўнай службе: мой тата інжынер, а мама інспектар аддзела кадраў. І багатага хлопца ў мяне таксама няма (смяецца).

- Мадэлі трэба падтрымліваць сябе ў добрай спартыўнай форме. Якія ў цябе стасункі са спортам?

- Я люблю займацца спортам. У прыватнасці, люблю катацца на слізгачах, і выходзіць гэта ў мяне даволі нядрэнна.

- А які яшчэ від спорту любіш?

- Футбол. Але толькі не гуляць, а глядзець. Мы з татам заўзеем за ФК «Гомель» і заўсёды падтрымліваем нашую каманду, нягледзячы на яе рэйтынг у турнірнай табліцы.

- Раскажы пра іншыя свае захапленні.

- Я вельмі люблю маляваць. У кватэры поўна маіх карцін. Яшчэ ў нас ёсць лецішча. Раней гэта быў звычайны, нічым не адметны дамок. І я наважыла не проста ўпрыгожыць яго, а зрабіць непадобным, адзіным у сваім родзе: намалявала на ім вялікага слана і размалявала індыйскім арнаментам. Цяпер яго ні з якім іншым не зблытаеш.

Яшчэ я проста люблю фатаграфавацца. Я не заўважаю, як пралятае час, калі знаходжуся перад аб'ектывам фотаапарата. І фатографам вельмі зручна са мной працаваць: я паслухмяная мадэль і дзеля добрага выніку выкладаюся на ўсе 100%.

- Назаві тры любімыя кнігі і тую, якую чытаеш цяпер.

- Любімыя: «Майстар і Маргарыта» Булгакава, «Тры мушкецёры» Дзюма і «Хто смяецца апошнім» Кандрата Крапівы. Цяпер чытаю «Братоў Карамазавых» Дастаеўскага.

- Калі ты ўдзельнічала ў конкурсе «Прыгажуня Палесся», ты заканчвала адзінаццаты клас. Твае аднакласнікі і настаўнікі цябе падтрымлівалі?

- Настаўнікі ставіліся да гэтай акалічнасці, майго ўдзелу ў конкурсе і паказаў на тыдні беларускай моды, не вельмі добра. Бо я прапускала заняткі, а гэтага яны не любяць. І адчувалася крыўда з боку аднакласнікаў: мы тут сядзім на ўроках, а яна прапускае і атрымлівае такія ж адзнакі. Хоць я заўсёды вучылася досыць добра, у мяне адзін з самых высокіх сярэдніх балаў у класе.

- Ты падчас вучобы ў школе перамагала ў алімпіядах па беларускай мове і гісторыі Беларусі. Але для атрымання вышэйшай адукацыі паступіла на спецыяльнасць «Архітэктура» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Чаму ты абрала гэтую спецыяльнасць і гэты ўніверсітэт?

- Я заўсёды хацела паступаць на творчую спецыяльнасць, звязаную з маляваннем. Таму выбрала архітэктуру. Яшчэ такім чынам я працягваю сямейную традыцыю: мой дзядуля паводле адукацыі архітэктар і прапрацаваў больш за 35 гадоў у БелДУТ. Ён вельмі хацеў, каб я таксама там вучылася.

- Што будзеш рабіць з вучобай у выпадку перамогі ў конкурсе?

- Я не хачу загадваць наперад. Хай будзе, як будзе. Пакуль што я прапускаю толькі першы тыдзень.

- Не хочаш развіваць кар'еру мадэлі?

- Хачу. Але нават калі гэта будзе атрымлівацца, я абавязкова буду сумяшчаць мадэлінг з атрыманнем вышэйшай адукацыі. Адукацыю важна мець, бо ўзрост мадэлі невялікі - як правіла, да 25 гадоў.

- Ці гатовая ты памяняць месца жыхарства? З'ехаць за мяжу?

- Я люблю Гомель, атмасферу толькі майго роднага горада магу назваць хатняй. Але хацела б пераехаць у Менск. Мне падабаецца сталіца тым, што гэта вялікі горад з большымі магчымасцямі, чым у Гомелі. А за межы Беларусі я змагла б з'ехаць толькі на нейкі час. Назаўжды - не.

- На твой погляд, для чаго існуюць конкурсы прыгажосці?

- Прыемна глядзець на прыгажосць. Яна выклікае станоўчыя эмоцыі, пачуццё радасці і адвучае ад негатыву. Гэтае шоў праводзіцца ў форме конкурсу, спаборніцтва для таго, каб прыцягнуць гледача, дадаць «цікавага». Але, па сутнасці, усе дзяўчаты-ўдзельніцы прыгожыя і непараўнальныя. Конкурсы прыгажосці гуртуюць народ і аб'ядноўваюць краіны. Таму што прыгажосць - гэта агульны інтарэс.

- У якім конкурсе ты б яшчэ хацела ўзяць удзел?

- Толькі калі ў «Міс Свету» або «Міс Сусвет». Толькі яны вышэйшыя па значнасці за Miss Supranational. Мне здаецца дурасцю ўдзельнічаць у конкурсе такога вялікага маштабу, а потым перайсці на ранг ніжэй.

- Каго можаш назваць ідэалам жаночай прыгажосці, жаноцкасці?

- У мяне няма такіх ідэалаў. Але мне падабаюцца ўсе пераможцы конкурсаў «Міс Беларусь», асабліва Вольга Хіжынкова, пераможца Miss Supranational - 2012 Кацярына Бурая. Калі з акторак, то мне сімпатычны выгляд Анджэліны Джолі і Джэсікі Альбы. Але наогул, кожная дагледжаная дзяўчына прыгожая.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках