8 траўня 2024, Серада, 22:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акцыю салідарнасці з Бяляцкім у інтэрнэце падтрымалі 245 тысяч чалавек

2
Акцыю салідарнасці з Бяляцкім у інтэрнэце падтрымалі 245 тысяч чалавек

Акцыі салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі прайшлі літаральна ва ўсім свеце.

Сумна, але факт, што свабодна выказаць сваю пазіцыю і салідарнасць з вязнямі сумлення змаглі грамадзяне многіх краін, але не ў Беларусі. Супрацоўніца парыжскага бюро FIDH, адказная за працу з краінамі Усходняй Еўропы і Сярэдняй Азіі, Саша Кулаева лічыць, што грамадзяне Еўропы дастаткова добра ведаюць пра праблемы дэмакратычнага грамадства ў Беларусі, сітуацыю з правамі чалавека, піша сайт ПЦ «Вясна».

- Акцыі салідарнасці ў гэтым годзе набылі даволі шырокую геаграфію. Па крайняй меры ў Еўропе рознага роду мерапрыемствы прайшлі вельмі ў многіх краінах. Міжнародная арганізацыя па правах чалавека таксама правяла акцыю ў сацыяльных сетках. Сутнасць гэтай акцыі ў тым, што ўсе жадаючыя маглі ў сваіх сацыяльных сетках - «Твітэры», «Фэйсбуку» і іншых - адначасова выкласці заклік вызваліць Алеся Бяляцкага. І гэтую акцыю падтрымалі больш за 245 тысяч чалавек. На працягу двух тыдняў працягвалася гэтая акцыя. Шкада, што на фоне гэтага адбываюцца арышты ў Беларусі, дзе былі затрыманыя праваабаронцы, - кажа яна.

- Інтэрнэт-супольнасць надзвычай актыўна падтрымала акцыю. Але якія вынікі публікацыі гэтых пастоў у віртуальнай прасторы? Ці пазнаюць пра гэту хвалю салідарнасці чыноўнікі ў Менску?

- Сапраўды, актыўнасць надзвычай высокая і сведчыць, што грамадзяне Еўропы, па меншай меры, добра ведаюць пра палітвязняў у Беларусі. Свае паведамленні таксама выставілі такія арганізацыі, як Англійскі ПЭН-клуб, Amnesty International, Freedom House, і сотні тысяч іншых асоб і арганізацый і ў Амерыцы, у Еўропе, Азіі. Таксама з заявамі выступілі і афіцыйныя дзяржаўныя ўстановы многіх краін свету. Акрамя гэтага акцыі прайшлі і ў Цюрыху, Парыжы, Празе, Варшаве, Вільні і іншых гарадах. Падтрымалі супольнасць Беларусі нават у Кыргызстане, перад беларускай амбасадай.

Што да інфармавання афіцыйных уладаў Беларусі, то мы ім накіравалі афіцыйны зварот. Вядома, гэта ўжо далёка не першы наш зварот да іх. Мы пры гэтым апелюем да рашэння ААН, якое прызнала затрыманне Алеся Бяляцкага незаконным і ў ім гаворыцца пра патрабаванне вызваліць праваабаронцу. Чарговы раз мы накіравалі і гэты дакумент у МЗС Беларусі. Але, на жаль, у чарговы раз мы атрымалі адпіску, што рашэнні ААН не з'яўляюцца абавязковымі для выканання афіцыйным Менскам. Пры гэтым мы выдатна ведаем, што гэта проста лухта. Паколькі Беларусь з'яўляецца сябрам ААН, таму міжнароднае заканадаўства з'яўляецца абавязковым і для чыноўнікаў у Менску.

- Гэтак жа, насуперак усяму свету, улады краіны надалей вядуць барацьбу не толькі з праваабаронцамі, палітыкамі, але нават і з тымі, хто жадае выказаць салідарнасць з імі. Чаму, на Вашу думку?

- На жаль гэта сапраўды так. Але ў той жа час мы карыстаемся любой магчымасцю выказаць свае патрабаванні аб спыненні пераследу непасрэдна беларускім уладам. Паколькі ў Беларусі гэта не тое, што цяжка, але нават і немагчыма цяпер. Апошняй нашай такой акцыяй быў мітынг у Бруселі, падчас прыезду міністра замежных спраў Беларусі. Увогуле сітуацыя працягвае заставацца досыць цяжкай і ў плане захавання правоў чалавека, і нават становішча палітвязняў у турмах. Вязняў сумлення не толькі кідаюць за краты, але нават і ў турмах у дачыненні да іх здзяйсняюцца здзекі і катаванні. Адміністрацыі турмаў робяць у дачыненні да іх і нейкія асаблівыя меры, імкнуцца абмежаваць усялякія магчымасці нармальных зносін з іншымі вязнямі. Што прыводзіць да яшчэ большай ізаляцыі. І такія меры прымаюцца ў дачыненні не толькі да Алеся Бяляцкага, але і іншых зняволеных па палітычных матывах. Мы са свайго боку наколькі можам прыцягваем увагу грамадства на Захадзе да такіх фактаў, інфармуем пра гэта. І мне здаецца, што значная частка жыхароў Еўразвяза ведаюць пра такія факты.

- Ці можна казаць, што мэтай Вашай дзейнасці з'яўляецца процідзеянне намаганням беларускіх уладаў праводзіць палітычны гандаль людзьмі ў адносінах Менск-Брусэль?

- Наша пазіцыя, якую мы агучваем, у тым ліку і падчас пасяджэнняў Рады па правах чалавека ААН, што гандаль людзьмі не павінен мець месца. Пра гэта мы гаворым на ўсіх магчымых і даступных для нас пляцоўках. У тым ліку і ў прысутнасці ўладаў Беларусі. Мы імкнемся да таго, каб пазіцыя Еўропы была бескампраміснай у гэтым пытанні. Людзі не павінны станавіцца закладнікамі якога бы там ні было - палітычнага ці эканамічнага - гандлю. Але вось іх вызваленне павінна быць вынесена за межы гэтага гандлю і толькі пасля іх вызвалення павінен пачацца дыялог.

- Тым не менш, стала відавочна, што самастойна ўлады Беларусі не хочуць мяняцца. Ёсць усведамленне гэтага на Захадзе?

- Сапраўды, сітуацыя досыць складаная, паколькі беларускі бок адмаўляецца выконваць узятыя на сябе абавязацельствы. Безумоўна, гэта звужае магчымасці для дзейнасці. Таму эфектыўнага нейкага рашэння няма, інакш яго даўно б выкарыстоўвалі.

Мы лічым, што толькі прынцыповая, бескампрамісная пазіцыя не толькі Еўразвяза, але і ўвогуле сусветнай супольнасці, у тым ліку ААН, АБСЕ, Рады Еўропы, прывядзе да зменаў. І менавіта патрабаванне гэтых зменаў не павінна заключацца толькі ў вызваленні палітвязняў. Мы пераканаліся, што гэтага недастаткова, паколькі мы памятаем сцэнар 2008 года. Тады адных зняволеных вызвалілі, але праз некаторы час былі арыштаваныя іншыя асобы. Таму гандаль па сутнасці ўлады краіны спрабуюць працягваць. Таму мы патрабуем не толькі вызвалення палітычных зняволеных, як безумоўную ўмову аднаўлення дыялогу, так як без яго краіна не ў стане існаваць ні палітычна, ні эканамічна. Разумеючы гэта мы патрабуем поўнага спынення ўсіх палітычных рэпрэсій. І правядзення сістэмных зменаў, якія дадуць усведамленне таго, што сітуацыя не паўторыцца па спіралі.

Пры гэтым мы акцэнтуем увагу на той факт, што ў краіне існуюць не толькі тыя, якія знаходзяцца за кратамі пасля падзей у 2010 годзе. Але з'яўляюцца і новыя. Таксама тыя, каго ўлады вызвалілі, яны таксама па-ранейшаму пад прэвентыўным наглядам сілавых структур. Іх могуць арыштаваць у любую хвіліну. А свабода перамяшчэння, проста нават нармальнае жыццё іх, абмяжоўваецца. А такіх асоб больш за сорак чалавек, над якімі працягваецца кантроль пасля вызвалення. І мы падкрэсліваем, што гаворка ідзе не толькі пра 12 вязняў сумлення ў краіне, але таксама і пра гэтых асоб, якія застаюцца закладнікамі нават пасля вызвалення з турмаў.

- З года ў год колькасць такіх асоб павялічваецца. А як, на Вашу думку, павінна рэагаваць беларускае грамадства на гэта?

- Мне вельмі хацелася б, каб беларускае грамадства стала больш актыўным. Таму што нават па акцыях салідарнасці з Алесем Бяляцкім у Беларусі мы бачым або забароны з боку ўладаў, або калі нехта спрабаваў выйсці на вуліцы, адбываўся пераслед. Мы разумеем, што ўзровень страху і, адпаведна, узровень рэпрэсій у краіне надзвычай высокі. Таму мне здаецца, досыць ясна, чаму так мала актыўнасці. На захадзе ў знак салідарнасці з Алесем Бяляцкім любы чалавек можа выйсці на вуліцу нічым не рызыкуючы. Але калі б хваля салідарнасці прайшла гэтак жа, як і ў Еўропе, гэта быў бы досыць грунтоўны аргумент для вызвалення палітвязняў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках